18 мая ў Нарачы адзначаць 100-годдзе са дня нараджэння Святога Яна Паўла ІІ, або Пандэмія – час новых магчымасцей для кожнага
На жаль, немагчымым стала ў маі святкаванне ў Нарачы юбілею 100-годдзя са дня нараджэння Святога Яна Паўла ІІ так, як планавалася раней: з крэмувкамі, танцам у гонар Вялікага Папы, канцэртам, прызамі і падарункамі, Святой Імшой, на якую сабралася б вялікая колькасць вернікаў і гасцей, бо Дні Святога Яна Паўла ІІ у Нарачы ўжо даўно сталі сапраўдным святам, шумным і вясёлым.
Чым жа стала для нарачанцаў пандэмія? Страчаным часам ці часам новых магчымасцей?
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй нарачанцы, на жаль, не змогуць, як гэта было заўсёды, вялікай колькасцю сабрацца 18 мая ў святыні, каб дзякаваць Богу за дар жыцця Святога Яна Паўла ІІ, не змогуць ушанаваць рэліквіі Вялікага Папы, разам маліцца ля помніка і ўскласці кветкі. Але гэту пачэсную справу мы даручылі двум маленькім жэўжыкам.
Яны будуць чуваць і маліцца і ад нашага імя. Так што можна праз іх даручыць заступніцтву Святога Яна Паўла ІІ свае асабістыя інтэнцыі, а таксама просьбу аб спыненні каранавірусу ў свеце і Беларусі, каб як найхутчэй мы маглі зноў збірацца ў нашай святыні разам.
І кветкі да помніка Святому Яну Паўлу ІІ яны таксама ўскладуць ад нашага імені.
“А што ж застанецца нам?” – спытаеце Вы.
А вось перад намі адкрываюцца сапраўды неабмежаваныя магчымасці. Зачыненыя дзверы зноў становяцца адчыненым акном, каб датыкнуцца да багатай спадчыны, якую нам пакінуў Святы Ян Павел ІІ.
Рэкамендуем Вам знайсці час і паглядзець дакументальны фільм “Цалкам Твой”, прысвечаны асобе Святога Яна Паўла ІІ.
Адразу пасля смерці Святога Яна Паўла ІІ выйшаў польскі фільм “Караль. Чалавек які стаў Папам Рымскім”, які расказвае пра юнацкія гады маладога Караля, яго цярністую дарогу да святарства падчас нямецкай акупацыі, пасля – пераслед камуністычнага рэжыму і нарэшце шлях у Пятрову сталіцу.
Калі пра мастацкі фільм “Караль. Чалавек, які стаў Папам Рымскім”, напэўна, ведаюць усе, то не ўсе, мабыць, ведаюць, што ў гэтага фільма ёсць працяг: “Караль. Папа , які застаўся чалавекам”. Гэты фільм расказвае пра гады пантыфікату Святога Яна Паўла ІІ ад інаўгурацыі і аж да смерці. Чырвонай стужкай праз увесь фільм праходзіць думка Святога Яна Паўла ІІ, падказаная яму Янам Тыраноўскім, што “можна перамагчы не зброяй, а любоўю”.
Мы ведаем Святога Яна Паўла ІІ не толькі як рэлігійнага дзеяча, але і як філосафа, містыка, мысліцеля, паэта. Многія творы Святога Яна Паўла ІІ перакладены на беларускую мову, і па гэтай спасылцы вы можаце ўбачыць, якія кнігі Вялікага Папы выдадзены ў выдавецтве “PRO CHRISTO”. Дарэчы, усе гэтыя кнігі ёсць у нашай парафіяльнай бібліятэцы.
http://pro-christo.catholic.by/by/lib2.htm?topic=1
Мы ж хочам рэкамендаваць Вам для чытання кнігу “Дар і таямніца”, у якой Святы Ян Павел ІІ расказвае пра таямніцу свайго паклікання. Кніга вельмі лёгка чытаецца і пакідае незабыўнае ўражанне, прыадчыняючы нам таямніцу не толькі яго паклікання, але і душы.
http://pro-christo.catholic.by/text/dar.htm
Яшчэ адна кніга Святога Яна Паўла ІІ, якую абавязкова варта прачытаць – “Пераступіць парог надзеі”. У гэтай кнізе Папа Ян Павел ІІ дае адказ на пытанні журналіста: Ці сапраўды Бог існуе? Чаму Бог хаваецца? Чаму ў свеце столькі зла? Чаму мы падзеленыя? Пытанні, якія часта сабе задаём і не знаходзім адказу.
http://pro-christo.catholic.by/text/nadeja.htm
Любіцелям паэзіі рэкамендуем прачытаць “Рымскі трыпціх” Святога Яна Паўла ІІ у перакладзе на беларускую мову. Дарэчы, гэта першы паэтычны твор, які напісаў Караль Вайтыла ўжо будучы Папам Рымскім. У гэтым творы шчасліва спалучыліся багаты досвед тэолага і адметная вобразнасць чалавека, улюбёнага ў свет і мастацтва.
http://media.catholic.by/nv/n25/art3.htm
Святы Ян Павел ІІ быў і застаецца сапраўдным сябрам маладых людзей. Па гэтай спасылцы Вы можаце прачытаць конкурсныя сачыненні маладых нарачанцаў “Жыць, як вучыў Вялікі Папа” і паглядзець на асобу гэтага Святога вачыма маладога пакалення. Ён змяніў іх жыццё. Магчыма, зменіць і наша.
Незабыўныя ўражанні засталіся ў нас ад беатыфікацыі і кананізацыі Святога Яна Паўла ІІ. Хтосьці меў шчасце асабіста прысутнічаць у Рыме, хтосьці назіраў за гэтымі падзеямі па тэлебачанні, і рэпартажы, якія мы прапануем Вам паглядзець, зноў акунуць нас у атмасферу малітвы і радасці, якія панавалі ў той час у Рыме і ўсім свеце. Асабліва карысна паглядзець гэта відэа моладзі, каб убачыць на свае вочы, як адбываецца беатыфікацыя і кананізацыя і як любяць Святога Яна Паўла ІІ ва ўсім свеце.
Няхай далучэнне да таго вялікага скарбу, які нам пакінуў Святы Ян Павел ІІ, і будзе выразам нашай удзячнасці за дар жыцця і служэння Вялікага Чалавека, якому ўдалося змяніць ход гісторыі, лёс чалавецтва і, магчыма, сваім прыкладам удасца змяніць і наша жыццё.
Аўтар: Ірына Шнітоўская