Гісторыя касцёла
Гісторыя пачынаецца з рапарта пробашча кабыленскага касцёла кс. Ігнацыя Расалоўскага да Віленскай Рыма-Каталіцкай Духоўнай Кансісторыі ад 29 чэрвеня 1895 года (11 ліпеня 1895 г.), у каторым ён просіць дазвол на пабудову новага каменнага касцёла “…вместо существующаго деревянного ветхаго и старого…“
У 1897 г. закладваюцца падмуркі новай каменнай святыні, фундамент якой быў асвечаны 2 верасня 1897 г. (14 верасня 1897 г.)

26 лютага (10 сакавіка) 1898 года Кс. Пр. Ігнацый Расалоўскі рапартуе да Віленскай Рыма-Каталіцкай Духоўнай Кансісторыі, з новым планам і каштарысам: “…проект новаго костёла составленъ из булыжнаго камня и без сводовъ. Между темъ постройку предполагается произвести из кирпича и со сводами..”
2 жніўня (14 жніўня) 1899 года план будаўніцтва цаглянага касцёла быў зацверджаны .

Як бачна за першапачатковага праекту, касцёл павінен быў выглядаць іначай, а таксама павінна была быць пабудавана новая званніца, з гадзіннікам.
4 (16) жніўня 1901 года будаўніцтва было завершана акрамя ўнутранага аздаблення, а 9 (21) верасня 1901 г. касцёл быў асвечаны ксяндзом пробашчам Ігнацыем Расалоўскім з дазволу Віленскага Біскупа Зверовіча.

25 ліпеня (6 жніўня) 1904 г. святыня кансэкраваная біскупам Эдвардам Ропам.

Гэта быў першы цагляны касцёл, які быў пабудаваны ў мястэчку Кабыльнік за яго амаль 500-гадовую гісторыю. Акрамя гэтага, святыня была першым храмам, пабудаваным у Віленскай дыяцэзіі на пачатку ХХ ст.
Касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы на падмўрку з гранітных блокаў.
Зараз у касцёле ёсць пяць алтароў.
Галоўны алтар:

Галоўны алтар пабудаваны ў 1912 годзе на сродкі Марыі Пшэвлоцкай. У ім па-ранейшаму захоўваецца абраз Маці Божай (у народзе называнай Анёльскай – успамiн 2 жнiўня).

На абразе на доле злева змешчаны напісы на лацінскай мове: “Quarto Renovatum A.D. 1957. A.D.1902 Tertio renovato. Secundario De novo renovatus anno 1736 per Stanislaum Dzianksza” [напісы гавораць аб рэстаўрацыях абраза: 1736, 1902 і 1957 гг.]
![Напісы змешчаныя на абразе, якія гавораць аб рэстаўрацыях абраза: 1736, 1902 і 1957 гг.]](https://naracz.by/wp-content/uploads/2019/10/IMGP2961-1024x608.jpg)
У бакавых навах алтары:
- – злева – святога Андрэя, у неагатыцкім стылі, збудаваны у 1906 г. з дубу, абраз св. Андрэя Апостала намаляваны ў 1903 г. Браніславам Камінскім з Вільні:

Абраз св. Андрэя Апостала намаляваны ў 1903 г.
- – злева – святога Антонiя Падуанскага, у неагатыцкім стылі. Абраз быў напісаны ў Слуцку адкуль прывезены ў 1835 годзе, перанесены са старога касцёла:

- – справа – святога Роха, у неагатыцкім стылі, збудаваны у 1906 г. з дубу, абраз св. Роха намаляваны ў 1907 г. Браніславам Камінскім з Вільні:

Абраз св. Роха намаляваны ў 1907 г.
- – справа – абраз Езуса Міласэрнага, 2011 года, і алтар з рэліквіямі св. Яна Паўла II.

У 1902 г. у Вільні была зроблена амбона, ў неагатычным стылі з дубу. Тыя ж майстры зрабілі таксама дубовыя лаўкі.
З вітражоў да нашых часоў дайшлі толькі фрагменты: каля галоўнага алтара і каля алтара св. Андрэя.


З апісання касцёла 1914 г. мы можам даведацца, як выглядалі вітражы і вокны у касцёле:
“Вокан ва ўсім будынку, высокія, усе ў жалезных рамах і алавяных шчаблінах: 10 вялікіх вокан з вітражамі, у прэзбітэрыум 2 акны з абразамі, у адным акне св. Антонія, а ў другім св. Роха, 8 вокан з чырвонымі крыжамі і каляровай гірляндай вакол. На хорах з каляровага шкла, круглае, у цэментавай аправе. На хорах 2 і над закрыстыямі 2 з белага шкла у жалезнай раме, пад хорамі 2 i ў закрыстыі 2 з белага шкла у жалезнай раме. Высокія 8 вокан маюць люфцікі.”
З гэтага апісання можам паспрабаваць рэканструаваць выгляд вокан з чырвонымі крыжамі:


З пабудоў старога касцёла да нашых часоў захавалася толькi званіца. Яна квадратная ў плане 3-ярусная каркасна-зрубавая збудаваная пад шатровым дахам. Рэстаўравалася ў 1995, у сярэдзiне 00-х i 2019 гг.

Лёс храма быў журботны – ён быў зачынены ў пасляваенны перыяд. Пасля другой сусветнай вайны бязбожныя ўлады спрабавалi зачынiць i касцёл, аднак парафіяне, дзякуючы сваёй стойкасцi ў веры, здолелi захаваць дом Божы ад знiшчэння. Самымі складанымі былі 50-я гады. Камуністычныя ўлады, спрабуючы знішчыць веру, пасадзілі ў турму пробашча парафіі кс. Пятра Васючонка, які пазней змушаны быў пакiнуць Беларусь. Хоць парафiя засталася без святара, то людзi самi малiлiся ў святынi і адпраўлялі набажэнствы без святара, спадзяючыся на лепшае i стараючыся атрымаць ад улады дазвол для святара. Таксама тыя ж ўлады забралі ключы ад касцёла, але гэта не прымусіла нарачанцаў адрачыся ад веры. Парафіяне пачалі абыходзіць Крыжовую Дарогу вакол касцёла, прычым збіралася столькі людзей, што іх спеў чуўся аж за два кіламетры. Ноччу вернікі таксама не спалі: сцераглі касцёл ад падпалу. З цягам часу дазвол быў выдадзены. Сюды стаў прыезжаць спачатку перыядычна, а пазней рэгулярна кс. Люцыян Паўлiк з Задарожжа.
Ад 1989 года тут служаць кармелiты босыя. У парафii адзначаюцца ўрачыста днi святога Антонiя (13 чэрвеня), святога Роха(16 жнiўня) i святога Андрэя Апостала (30 лiстапада).
16 кастрычніка 2008 года, у 30-годдзе Пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ, у Нарачы быў асвечаны помнік Вялікаму Папу сучаснасці. Роўна ў 18.45. Дакладна ў той час, калі ў далёкім ужо 1978 годзе ўвесь свет пачуў HABEMUS PAPAM!

21 кастрычніка 2012 г. у касцёл былі ўнесеныя рэліквіі крыві Св. Яна Паўла ІІ па просьбе вернікаў парафіі, якія перадаў Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар Яго Святасці Папы Яна Паўла ІІ.

22 жніўня 2019 г. з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, а таксама афіцыйных асобаў Беларусі і Польшчы, у касцёле была адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць Марыі Качынскай, жонкі польскага прэзідэнта Леха Качынскага, ахрышчанай у Нарачанскім касцёле ў 1942 г. тагачасным пробашчам кабыльніцкай парафіі ксяндзом Казімірам Паўловічам. Дошка выканана ў форме разгорнутай кнігі з крыжам у верхняй частцы.
