Прапануем увазе наведвальнікаў нашага сайта лепшыя сачыненні “Жыць, як вучыў Вялікі Папа”, прадстаўленыя на конкурс, які праводзіўся ў парафіі ў межах падрыхтоўкі да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ.


Жыць, як вучыў  Вялікі Папа.

Восенню 1978 года Каталіцкі Касцел з трывогай сустракаў новага Папу-неітальянца, а вясной 2005-га года ўсесь свет са слязьмі на вачах дзякаваў Богу за гэтага вялікага Чалавека, Божы Дар, які быў спасланы нам з неба.

Першая яго прамова да людзей была: “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!”І гэту ідэю ён пранёс праз ўсе жыццё.

Хрыстос ў душы, служэнне людзям і ўсяму свету стала для яго сапраўдным жыццём. Ян Павел II нічога не патрабаваў у замен, а толькі радаваўся і дзякаваў таму, што мае. Гэта быў просты і незвычайны чалавек: святар, палітык, чалавек, сябар. На жаль, такіх амаль няма ў цяперашнім свеце.

Ян Павел II быў таленавітым чалавекам. Ён цікавіўся палітыкай, многа вучыўся, ведаў шмат моў і размаўляў на іх. Ён пісаў вершы, і ў свет выйшлі  14 яго энцыклік. Яго любілі не толькі мільёны католікаў, але і прадстаўнікі другіх веравызнанняў. Ім захаплялася моладзь. Магчыма, самая неверагодная перамога Яна Паўла II – гэта ўменне выкарыстоўваць магчымасці самых маладых. Ён быў галоўнай асобай на самых вялікіх сходах моладзі як на Усходзе, так і на Захадзе. У жніўні 2000 года ў Рыме сабралася тры мільёны чалавек, а ў студзені 2005 года болей за чатыры мільёны. Чаму гэтак адбывалася? Я думаю таму, што ў гэтым Вялікім Чалавеку спалучалася харызма і маральная патрабавальнасць. I калі слабы, прадчуваючы свой апошні шлях і ведаючы, што на плошчы Святога Пятра сабралася вялікая колькасць маладых людзей, каб быць побач з “папам-сябрам”, Ян Павел II прамовіў слабеючым голасам свае амаль апошнія словы:” Я шукаў Вас, цяпер Вы прыйшлі да мяне, і я дзякую Вам за гэта”… 1-га мая 2011 года яны вярнуліся зноў! I на Ваціканскай плошчы было свята маладых! Як і шмат людзей, я лічу Яна Паўла II сапраўды Вялікім. Гэта быў Вялікі Папа і Вялікі Чалавек. Усё сваё жыццё ён прысвяціў людзям і сваёй заступніцы на небе –Маці Божай. “Увесь твой” – так ён заўседы казаў і лічыў яе сваей сапраўднай маці, якая заўседы дапамагала і ратавала яго ў цяжкія хвіліны.

Гэта гісторыя адбыласа 13 мая 1981 года на плошчы святога Пятра. Турэцкі забойца Алі Агджа раніў Папу ў грудзі і руку. Пасля гэтага ён быў схоплены  і змешчаны ў турму. Гэта куля значна падарвала здароўе Папы. Але, дзякуючы малітвам ўсіх людзей, Папа выздараўліваў. І калі ён стаў крыху лепей сябе адчуваць, то адразу наведаў свайго забойцу. Яны доўга размаўлялі. I Папа сказаў галоўныя словы: “Алі, я цябе прабачаю.” I ўрэшце рэшт гэты забойца навярнуўся на праведны шлях. Якую ж трэба мець вялікую сілу, каб прабачыць свайго забойцу!

Але галоўным для Папы быў сам чалавек, бо кожны чалавек – гэта асобная глава. І любіць трэба бліжняга, як самога сябе.  12 сакавіка 2000 года Ян Павел II папрасіў прабачэння за ўсе людскія памылкі, здзейсненыя Каталіцкім Касцелам. Ён меў на ўвазе крыжовыя паходы, расавыя прыцясненні. Ян Павел II быў першым Папам, які здзейсніў болыш 100 паездак за мяжу. Ён паважаў розныя рэлігіі і садзейнічаў іх аб’яднанню.

Праводзіў шматлікія мерапрыемствы, дзе сустракаў прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.

Чаму яго так любілі людзі? Таму,  што ён ведаў сапраўдны сакрэт чалавечых зносін. Ян Павел II маліўся за кожнага, з кім сустракаўся і размаўляў, таму што самае галоўнае для Папы – гэта малітва.

2 красавіка 2005 года перастала біцца сэрца самага чыстага чалавека на гэтым свеце, які зрабіў шмат для Каталіцкага Касцела і ўсяго свету. Мы дзякавалі Богу за такую асобу.

Я з радасцю і нецярпеннем перажывала час беатыфікацыйнага працэсу, які пачаўся адразу ж пасля смерці Папы. Мае сэрца ўзрадавалася, калі, нарэшце, надышла цырымонія беатыфікацыі, і Бенэдыкт XVI прачытаў дакрэт аб далучэнні Яна Паўла II да ліку святых.

Яну Паўлу II ўдалося дастукацца да сэрцаў многіх людзей. Ен быў айцом для ўсіх.  Ён быў, есць і будзе сапраўдным сябрам. Ен нагадвае Бога Айца, Сына і Святога Духа – любячага і ўсёпрабачаючага.

Зараз я стаю на парозе самастойнага жыцця. Перада мной – шэраг задач, якія я павінна выканаць і выбраць шлях, па якому крочыць уперад. Я малюся да  гэтага Вялікага Святога аб дапамозе ў здзяйсненні ўсіх мараў. I спадзяюся на апеку і дапамогу.

Стаціна Грэта


“Век жыві, век вучыся”, – гэтыя словы кожны з нас чуў не раз. І сапраўды, усё наша жыццё мы вучымся, адкрываем нешта новае, здабываем пэўныя веды, імкнёмся спазнаць Сусвет. З дзяцінства нас вучаць, як сябе паводзіць, спрабуюць растлумачыць, што ёсць дабро і зло, намагаюцца зрабіць сапраўднага чалавека. Чаму ж усе спробы так часта аказваюцца дарэмнымі? Чаму веды такія нетрывалыя? Чаму забываецца ўсё, што раней здавалася простым і зразумелым? Мы вельмі рэдка маем прыклады, добрыя прыклады. Усё часцей можам лавіць сябе на думцы, што многае немагчыма, шмат што не адпавядае ўжо часу. Прасцей жыць наперакор сумленню, чым плысці супраць цячэння, прасцей скарыцца, чым змагацца з абставінамі…

Ян Павел ІІ… Гэтае імя чуў, напэўна, кожны чалавек. Асоба таленавітая, шматгранная, незвычайная. Ён пакінуў след у жыцці не толькі Касцёла, але і ўсяго свету. Ён з’яўляецца тым прыкладам вытрываласці, тым прыкладам веры, тым прыкладам любові, які так неабходны для вызвалення сённяшняга чалавека з вязніцы раўнадушша і бязвер’я.

У час, калі чалавек адчуў сябе ўладаром Сусвету, Вялікі Папа імкнуўся адрадзіць у людскіх сэрцах прагу Бога; калі свет палыхаў у пажарах войнаў, ён маліўся, каб запанавалі любоў і супакой; калі людзі трымалі ў руках ядзерную бомбу, Ян Павел ІІ уздымаў крыж, нагадваючы, у чым наша перамога і надзея.

Усё жыццё ён ішоў з крыжам. Не збоку, не наперадзе, не ззаду. Трымаў крыж у сваёй руцэ кожны раз, калі выходзіў да людзей, нібы казаў: “Не бойцеся! Я нясу вам Хрыста. Не Хрыста, перад якім слалі адзенне пры ўездзе ў Ерузалем. Не Хрыста-Валадара, перад веліччу Якога вы можаце адчуць страх. Але Хрыста Укрыжаванага, каб не баяліся болю, не трапілі ў сеці роспачы, але спазналі міласэрнасць.” Вучыў нас тым самым не ісці за трыумфам і пашанай гэтага свету, але наследаваць пакору; не губляць сябе ў мітусні штодзённых спраў, не спяшацца жыць, а засяроджвацца на малітве. Паказваў крыж як адзіную крыніцу сіл на шляху жыццёвай пілігрымкі.

Праз крыж уласных цярпенняў вучыў, што не трэба баяцца болю, нагадваў, што кожнае цярпенне ў нашым жыцці не з’яўляецца бессэнсоўным, але становіцца благаславеннем, калі яно злучаецца з мукай Пана. Наперакор ідэалу сучаснага свету – Магутнаму Звышчалавеку – ніколі не саромеўся сваёй нямогласці, але, абапіраючыся на крыж, да апошняга выконваў абяцанае, да апошняга сведчыў пра Хрыста і да апошняга клапаціўся аб даручанай яму аўчарні. Быў адкрыты на ўсіх і ні на каго не забываўся. Ён знаходзіў словы суцяшэння для церпячых і словы падтрымкі для тых, хто толькі распачынае жыццё, словы прабачэння і словы перапрашэння, словы настаўлення і словы дасціпнага жарту. Вучыў не толькі цярпець, але і спачуваць; не толькі рабіць вялікія жэсты, але быць да канца шчырым з самім сабой і людзьмі; любіць не толькі сяброў, але і тых, хто прычыняе нам боль, нават калі па-людску гэта здаецца немагчымым.

Разважаючы таямніцы Ружанца або Крыжовы шлях у самыя важныя і цяжкія моманты свайго жыцця і жыцця Касцёла, вучыў нас у кожнай патрэбе звяртацца да Бога. Паказваў, наколькі важнае месца займае малітва ў жыцці хрысціяніна. Малітва глыбокая, суцішаная, непаспешлівая. Малітва не толькі просьбы, але і падзякі. Малітва кожны дзень, сярод тысяч спраў. Малітва як непасрэдны кантакт з Богам, найлепшым Сябрам і Дарадчыкам. Малітва як размова з Тым, Каму давяраеш.

Усім жыццём вучыў нас бясконцаму даверу да Бога і Той, Якая стала прыкладам веры і пакоры. Рана страціўшы сваю маці, назаўсёды аддаў сябе Марыі, Якая была побач ў кожную хвіліну. Вучыць любіць Марыю з адданасцю сына, вучыць прыходзіць да Яе як да Маці з мольбамі, слязамі, радасцямі. Заклікае, каб, як і Яна, мы не баяліся прысвяціць сябе Богу, адчынілі свае сэрцы на Яго  ласку і мужна казалі Яму “Так!”.

Навука Яна Паўла ІІ – навука цярпення і спадзявання, навука любові і даверу. Не тэарытычная. Ён вучыць нас не толькі словамі, але падае прыклад святога жыцця. Запрашае ісці шляхам любові, любові да Бога і чалавека. Ішоў ім сам. Ішоў адкрыта і са шчырай усмешкай на твары. Ішоў з упэўненасцю, што знаходзіцца пад апекай Маці. Ішоў проста да чалавека, не зважаючы ні на колер яго скуры, ні на рэлігійную прыналежнасць. Ішоў туды, куды яшчэ ніхто не прыходзіў. Ішоў як роўны да роўных, ішоў да звычайных людзей з іх клопатамі і радасцямі. Не ўцякаў ад рэальнасці, не ўнікаў цяжкасцей, будаваў “масты” прымірэння. І пераможна, старэчай рукой моцна трымаючы крыж, змучаны хваробай, але ўпэўненымі крокамі ўвайшоў у новае тысячагоддзе і… ў нашы сэрцы.

І назаўжды там застанецца. Застанецца не толькі ў памяці, не толькі ў захапленні яго жыццём. Застанецца ў нашых словах і ўчынках, у нашых адносінах з Богам і людзьмі. Застанецца, як святло, якое разганяе няўпэўненасць і прывіды нашага свету, сцвярджаючы, што ў Бога няма нічога немагчымага, і няма нічога немагчымага для тых, хто даверыўся Яму.

Лукохва Вікторыя


Ян Павел ІІ

Хто ён такі, Ян Павел ІІ – папа, святар, чалавек, акцёр, паэт і просты хрысціянін… Але найперш за ўсё, ён айцец, які вучыць людзей быць міласэрнымі і чулымі да кожнага чалавека. Маленькі Лёлік, стаўшы Вялікім чалавекам, не страціў надзеі на Божую міласэрнасць і любоў, хоць жыццёвыя абставіны так і падштурхоўвалі Вялікага Папу да ўпадку і бязвер’я, але ён застаўся добрым і верным Пастырам Хрысту. Здавалася б: як можна верыць абяцанням Бога наконт міласэрнасці, калі Ён забірае самых родных Караля Вайтылы, аж у дзяцінстве, Ён пасылае на яго лёс вайну, савецкія часы, а калі Папа стаіць найбліжэй да Бога праз алтар і папскае служэнне – Бог цяжка выпрабоўвае веру Яна Паўла ІІ праз замах на яго жыццё і шматлікія аперацыі, хваробы… Тут можна ў пэўным сэнсе засумнявацца ў Божай любові… Ці Яна тут ёсць?..

Так, ёсць! Праз усе выпрабаванні Папа прайшоў з надзеяй, што чалавек створаны, каб жыць і развівацца ў далонях міласэрнай любові Бога. Караля Вайтылу загартавалі вялікія цяжкасці, прывялі яго шлях да Неба – і зараз ён абвешчаны благаслаўлёным. Ці ж гэта не міласэрнасць Божая?..

Вялікі Папа казаў: “Жадаю яшчэ раз поўнасцю аддаць сябе міласэрнасці Божай. Ён сам вырашыць, калі і як я павінен скончыць свій зямны шлях і пастырскае служэнне. У жыцці і смерці застаюся Totus Tuus праз Найсвяцейшую Панну Марыю.”

***

Ян Павел ІІ хацеў паказаць свету вялікую Міласэрнасць Бога да ўсіх нас. Яго першыя словы, пасля выбрання на прастол Божы ў Рыме : “Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту!” – сведчаць аб сяброўскіх адносінах з Богам. А нам вядома, што сапраўдныя сябры заўсёды адзін аднаму прабачаюць, бо маюць ў сэрцы міласэрнасць да блізкага ім чалавека. Сапраўдныя сябры не падмануць у сваіх абяцаннях, сапраўдныя сябры выклікаюць давер, павагу і любоў. Найлепшы сябар Караля вайтылы быў Езус, які прабачае, выконвае абяцанні і давярае табе Сваю міласэрнасць… Але што ты з ёй зробіш?!..

Схаваеш ад усіх, ці як Вялікі Папа раздасі бедным, убогім, ганарлівым, забойцам, моладзі і старэйшым. Ці ты працягнеш руку міласэрнасці  ў абарону чалавечага жыцця, у абарону сужэнскай чыстасці да шлюбу, у абарону маральных каштоўнасцяў?!!

Цяжка, вельмі цяжка чыніць справы міласэрнасці, бо свет такі небяспечны і сапсаваны, што нават не ведаеш: чым твая міласэрнасць абернецца, які плён будзе з тваёй любові??!.. Але Ян Павел няспынна прамаўляў да ўсіх: “Не бойцеся таго, што самі стврылі, не бойцеся свету ўсіх гэтых чалавечых тварэнняў, якія становяцца ўсё большаю пагрозаю для чалавека: не бойцеся, нарэшце, сябе саміх!”

Лёлік, Караль Вайтыла, Ян Павел ІІ – незвычайны і “нетыповы” Папа, столькі дасягнуў, колькі здзівіў увесь свет. Напэўна, што сам не баяўся… і чыніў міласэрнасць…

Вялікі Папа ўстанавіў нядзелю міласэрнасці Божай. Як цудоўна, што можна быць больш міласэрным, больш чулым, больш клапатлівым, хоць раз у год, нядзельку. Папа вучыць нас быць больш, быць большымі: чыніць міласэрнасць больш, любіць больш і верыць больш – больш, а не менш. Няхай келіх Божай міласэрнасці і любові напаўняецца табой і мной.

Часта мы чуем папулярныя насмешкі ў адрас Папы: “Откуда я знаю, спроси у Папы Римского!” альбо « Я что Папа Римский?! »… Але Ян Павел ІІ сапраўды мог адказаць на вельмі складаныя пытанні таго часу і даць мудрую параду, калі не ведаеш выйсця з праблемы. А давайце ўсур’ёз задумаемся і запытаемся ў Папы: “ Ян Павел ІІ, што мне зрабіць, каб стаць святым?” Адказ , я думаю, быў бы прыкладна такі: “Не бойся, адчыні дзверы Хрысту! Вельмі важна пераступіць парог надзеі, не затрымлівацца перад ім, дазволіць сябе весці.” Ян Павел ІІ, чаму трэба верыць у Бога, у Яго міласэрнасць? – “Хрысціянства – рэлігія збаўлення, – адкажа Папа, – каб чалавек паверыў, што збаўлены праз Бога, ён павінен стаць перад  пустым гробам і пачуць, так як тыя ерузалемскія жанчыны: “Яго няма тут: Ён ўваскрос! (Мц 28,6)

***

Чаму так захапляе прыгожы абраз Божай міласэрнасці, чаму людзі так шчыра падаюць на калені і моляцца перад гэтым абразом, чаму так даверліва адчыняюць сваё сэрца Богу?.. Ян Павел, дарэчы, ведаў чаму, таму і напісаў наступныя словы: “ Стаць перад Табой вось так і глядзець тымі вачыма, у якіх збягаюцца дарогі ўсіх зорак…” “ Позірк Твой затрымаўся ў душы, як сонца нахіленае на лістоце…” “ Часта доўга глядзіць на мяне адтуль, позірк той, як прыкуты да майго твару,- а ці ведаеш, ці ведаеш ты, мой браце, як Айцец наш любіць нас? Але глыбіні гэтых слоў ніхто не ведае, і далёкіх прычынаў ніхто не ведае, якая бязмежная была тая мука, на Крыжы адзінота – ніхто не ведае.

Вялікая Божая міласэрнасць і Вялікі Ян Павел ІІ…

Калі б у мяне запыталіся, ці ёсць у мяне сябар, які можа памерці за мяне, то я адкажу: так – ёсць і так – няма. Чаму няма? Бо, напэўна ніхто з маіх сяброў паміраць з-за мяне проста б не асмеліўся, нават калі б мной моцна даражыў. А чаму ёсць? Бо мо   й сябар – гэта Езус, які даўно згадзіўся на смерць дзеля мяне. Пайшоў на смерць, бо кіраваўся любоўю і міласэрнасцю да мяне. Чалавеча, падзякуй Богу за тое, што маеш надзейнага сябра і папрасі ў Яго прабачэння за тое, што не заўважаеш гэтай сяброўскай надзейнасці і вернасці! Бо ці ёсць у цябе сярод людзей сябры, якія аддадуць сваё жыццё за цябе?.. перапрасі за недахоп любові і веры ў Божую міласэрнасць як некалі перапрашаў Вялікі Папа Ян Павел ІІ.

 Бепершч Вікторыя

Аўтар: Адміністратар