З нагоды 500-годдзя першай беларускай друкаванай Бібліі, якое адзначаецца ў гэтым годзе, у нарачанскай парафіі для дзяцей і моладзі аб’яўляецца конкурс “Наш першадрукар”, які праводзіць часопіс “Маленькі рыцар Беззаганнай”.

Удзел у конкурсе “Наш першадрукар” з’яўляецца цудоўнай нагодай для дзяцей і моладзі бліжэй пазнаёміцца з асобай Францішка Скарыны, славутага беларуса, які 500 год таму назад першым сярод усходніх славянаў даў свайму народу Біблію на роднай мове.

Арганізатары конкурсу ў Нарачы спадзяюцца, што ўдзел у конкурсе заахвоціць маладое пакаленне не толькі зацікавіцца асобай Францішка Скарыны, але і ў першую чаргу звярнуцца да Кнігі жыцця, Бібліі, якую ў жніўні 1517 года ў Празе выдаў Скарына на хвалу Пану Богу і для навучання ўсіх людзей.

Аўтар: Ірына Шнітоўская