У нарачанскай парафіі ў чарговы раз праходзіць перадкалядная акцыя “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”.

У мінулым годзе ў Год міласэрнасці ў нарачанскай парафіі была  аб’яўлена акцыя “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”.

Гэта акцыя мела на мэце падарыць свята дзецям-інвалідам і дзецям з малазабяспечаных сем’яў парафіі. Удзельнікам акцыі мог стаць кожны: трэба было толькі прынесці якую-небудзь рэч: цацку, канцылярскія тавары, цукеркі і пакласці ў каробку, якая стаяла ў  касцёльным кіёску. З гэтых рэчаў і былі  сфарміраваны падарункі ад Святога Мікалая для дзяцей.

Акцыя трывала ў парафіі  некалькі  тыдняў, і хочацца адзначыць, што каробка, якую парафіяне назвалі ”каробкай добрых спраў”,  неаднойчы станавілася поўнай. Гэта акцыя стала цудоўнай нагодай не толькі для дарослых стаць міласэрнымі, як Айцец, але і для бацькоў і катэхэтаў навучыць дзяцей уменню дзяліцца тым, што маеш, з бліжнім.

Так дзякуючы людской міласэрнасці і зычлівасці Святы Мікалай змог  прынесці свята не ў адно дзіцячае сэрца.

Год міласэрнасці ў Паўсюдным Касцёле закончыўся, але плёны яго будуць доўга трываць, калі мы будзем падобнымі да нашага Нябеснага Айца.

Аўтар: Адміністратар