Вернікі нарачанскай парафіі рыхтуюцца адзначыць пятую гадавіну са дня смерці кардынала Казіміра Свёнтка, якая прыпадае на 21 ліпеня.

Адной з агульных інтэнцый нарачанскай пілігрымкі была падзяка за асобу кардынала і яго ўклад у адраджэнне веры ў нашым краі. У другі дзень пілігрымкі айцец Аркадзій Куляха OCD правёў для пілігрымаў канферэнцыю, падчас якой дзяліўся сведчаннем ад асабістага знаёмства са сведкам нязломнай веры і адначасова чалавекам вельмі чуйнай душы – Казімірам Свёнткам.

Зараз у нарачанскай парафіі праходзіць акцыя “Кветкі для Кардынала”. Падчас гэтай акцыі вернікі збіраюць грошы, на якія потым будуць куплены кветкі і ў дзень смерці Казіміра Свёнтка перададзены ў Пінск. Дарэчы, такая акцыя ўжо праводзілася ў парафіі да 100-годдзя з дня нараджэння кардынала: уражвала тое, што не толькі дарослыя, але і моладзь, дзеці, якія спатыкалася з Казімірам Свёнткам ці ведалі пра яго толькі з аповедаў, далучыліся да гэтай акцыі.

21 ліпеня, у пятую гадавіну смерці Казіміра Свёнтка, у Нарачы будзе цэлебравацца Святая Імша за святой памяці першага беларускага кардынала.

Аўтар: Адміністратар