Нарачанскія выпускнікі дзякавалі Богу за гады навучання ў школе
У панядзелак, 30 мая, у Нарачы адбылася Св. Імша як падзяка за гады навучання ў школе і просьба аб Божым благаслаўленні і добрай здачы экзаменаў для выпускнікоў нарачанскіх школ.
Прыгожая традыцыя цэлебраваць Імшу-падзяку за выпускнікоў існуе ў Нарачы ўжо трынаццаць гадоў. Перад шляхам у дарослае жыццё маладыя хлопцы і дзяўчаты прыходзяць у касцёл, каб даручыць свой лёс Пану Богу.
Адразу пасля свята Апошняга званка ў школе 27 выпускнікоў двух нарачанскіх школ спяшаліся ў касцёл, каб разам з бацькамі, роднымі, блізкімі, настаўнікамі дзякаваць за атрыманыя веды і прасіць Божага благаслаўлення не толькі на экзаменацыйную кампанію, але і на ўсё жыццё.
Разам з благаслаўленнем у падарунак выпускнікі атрымалі абразік Езуса Міласэрнага з пажаданнем, каб гэты год стаў для іх годам спаткання з Божай міласэрнасцю і прабачэннем.
Аўтар: Адміністратар