Прапануем наведвальнікам нашага сайта Крыжовы шлях нашай веры, складзены паводле разважанняў кс. Яна Твардоўскага:

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ НАШАЙ ВЕРЫ ПАВОДЛЕ РАЗВАЖАННЯЎ КСЯНДЗА ЯНА ТВАРДОЎСКАГА

Прыпынак 1    Вера, асуджаная на смерць

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Уражвае тое, што можна так доўга ісці з Езусам, ад ранку да вечара, і  Яго зусім не пазнаць. Вучні, калі ішлі ў Эмаус, былі так блізка, ішлі, нага ў нагу, і не пазналі.  Мелі сваё ўяўленне пра Месію, людское: Месія – гэта той, каго нельга забіць, хто з’яўляецца Сынам Давіда і Яго валадарству не будзе канца. Дык як Ён мог даць сябе забіць, даць перамагчы сябе Пілату і іншым? Па-людску цалкам не маглі гэтага зразумець.

Таксама і мы: пастаянна ідзём з Езусам, які аб’яўляецца нам праз людзей добрых і злых, але маем сваё ўяўленне пра Бога: як гэта – ёсць Бог і ёсць цярпенне? Ёсць Бог, а не спаўняюцца просьбы, хоць я і малюся?

Спаткацца з Богам гэта яшчэ замала – трэба Яго прыняць да сябе, адчыніць дзверы, не даць Яму прайсці міма, а жыць разам з Ім, сядзець за адным сталом. Трэба есці хлеб, які Ён падае. Тады Яго пазнаем.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 2  Вера, якая бярэ крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Шкада, што мы так мала здзіўляемся таямніцы Божага нараджэння. Расказваем направа і налева пра радасць святаў: пра Святога Мікалая, вясёлыя і сардэчныя калядкі, пра Божую Маці, вельмі бедную, якую не пускаюць у цёплую  хату і якая мерзне з маленькім Езусам у хлеве, як у бараку. Чытаем пра Юзафа такога беднага, што не можа гэтай праблемы вырашыць.  Чытаем пра першыя, найбяднейшыя, святы Божага нараджэння жудасныя ў нашых вачах. Пра  святы ў Віфлееме без ялінкі, без карпа, без грыбнога супа, без родных. Не было Эльжбеты, Захарыі. Першыя святы без сямейнага кола!

У які нечаканы спосаб аб’яўляецца Бог у  жыцці людзей!

Шукаем Яго невядома дзе, а Ён прыходзіць незвычайным спосабам: у маленькай Святой Камуніі, у працы, якую трэба выканаць, у радасцях, цярпеннях, якія могуць напаткаць.

Інакш Яго чакалі. Дзесьці ў іншых месцах Яго шукалі. Будавалі Яму трыўмфальныя брамы, а Ён прыйшоў так нечакана.

Ці не павінна нас прымусіць задумацца тое, што Бог прыйшоў у свет праз Езуса-Чалавека, а не праз анёла, арханёла, што не пагардзіў чалавекам, быў адным з нас, пражыў людское жыццё ад пачатку і да канца, ад жолаба да смерці і паказаў дарогу нашага жыцця?

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 3   Падзенні веры

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Напэўна, на ўсю шырыню дарогі ішлі да Езуса пракажоныя з падрапанымі целамі, сляпыя з белымі кійкамі, апантаныя з віскам і крыкам. Хворая жанчына бегла за аздараўленнем паціху, крадком, быццам хацела пакінуць свае справы ўбаку, па-за чаргой, быццам хацела ўкрасці цуд і хутка ўцячы з ім.

Праказа, слепата, апантанасць бачны, але часам ёсць таксама і такі боль, якога ніхто не бачыць, але які дрэнчыць, баліць, мучае і нават саромеемся яго вызнаць на споведзі. Захутваем яго ў прыгожы плашчык ці ў менш прыгожы.

Заўважым, што Езус затрымаў картэж. Адчуў, што жанчына датыкнулася да Яго. Паклікаў яе, яна расказала ўсю праўду. Толькі тады вылечыў яе.

Між тым Бог – гэта Асоба, Айцец, Сябар. Стаў Чалавекам для таго, каб з Ім размаўляць, знаходзіць разуменне. Патрабуе асабістага кантакту з сабой. Хрысціянства – гэта асабісты кантакт з Езусам, спатканне твар у твар, рука ў руку, нага ў нагу. Гэта спатканне з Сябрам.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 4  Вера і нашы блізкія

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Бацькі і дзеці. Бацькі кажуць: “Нашы дзеці”, “Наша дзіця”. Але дзіця найперш з’яўляецца дзіцём Бога, а ўжо потым дзіцём бацькоў. Дрэнна, калі маці хоча прыўлашчыць сваё дзіця. Не раз маці траціць веру, бо дзіця памерла. А дзіця – гэта найперш дзіця Бога, а ўжо потым – яе. Гэтаму вучыць вера.

Пакліканне. Пакліканне святара, лекара, настаўніка. Гэта таксама Божае дабро. Падарунак, атрыманы ад Бога. Можна з яго зрабіць свечкі, якія свецяць, або свечкі, якія капцяць.

Самыя блізкія. Нарачоны, муж, сябар – таксама нельга іх сабе прыўлашчыць, таму што яны бліжэйшыя Богу, чым нам. У кожным сяброўстве, каханні  ёсць прастора для самотнасці, якая з’яўляецца неабходнай і павінна людзей збліжаць, а не раздзяляць.

Жыццё. Усё наша жыццё – гэта вялікі дар Пана Бога. Ад малога да старога. Мы з’яўляемся дарам Бога. Што робім са сваім жыццём? Як распараджаемся Божым дарам?

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак  5  Дапамога ў пошуках веры                  

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Бог пастаянна сустракаецца з намі  праз людзей, якія нас акружаюць. І праз добрых, і праз злых. Сустракаем у жыцці добрых, святых людзей, чытаем пра памерлых. Здагадваемся, што іх дабрыня, любоў не маглі быць толькі іх моцай, што праз іх мусіў дзейнічаць Езус. Калі сустракаем кагосьці злога, нядобрага, таксама адчуваем, што гэта Бог нам яго паказвае: якім пустым, роспачным з’яўляецца той, хто адыходзіць ад Бога. Хтосьці не раз давярае людзям злым, а потым спадае ў яго заслона з вачэй. Адкрываецца, што гэтыя людзі былі цалкам пустыя.

Нават злы чалавек – і гэта з’яўляецца парадоксам – адсланяе нам Пана Бога, таму што паказвае, якім няшчасцем бывае адысці ад Яго.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 6   Вера Веранікі

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Жанчына думала, што, калі толькі датыкнецца да краю плашча, адразу выздаравее. Колькі ў гэтым упэўненасці, вызнання веры, святога пераканання ў тым, што дастаткова ўхапіць Езуса за адну тоненькую нітку, каб не загінуць.

Не думала: “Датыкнуся да Яго, каб упэўніцца,” – як няверная Тамашыха. Не думала: “Калі мяне аздаровіць, то буду маліцца, прынясу кветкі, запалю святло, пабягу звесіўшы язык у пілігрымку ў Віфліем. Не ставіла ніводнага ўльтыматуму. Не думала пра тое, што з’яўляецца такой важнай і што Езус павінен на яе звярнуць увагу, бо яна ж так моцна церпіць. Не патрабавала ні праверыць, ні ўпэўніцца – верыла.

Нават калі б не была аздароўлена, то відавочна патрэбны быў ёй  не столькі цуд аздараўлення, колькі ласка трывання ў цярпенні.

Той, хто верыць у Бога, да чаго б ні датыкнуўся, убачыць цуд.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 7  Бунт веры

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Зараз многа кажуць, што ўсё вакол шэрае, крызіснае, зацікаўленае. І людзі чытаюць, што столькі зла вакол. Але ж гэта не так! Трэба паглядзець на жыццё інакш. Усё з’яўляеца цудам. Чыёсьці навяртанне, шчасце пасля няшчасцяў, прыгожае каханне, сяброўства. Гледзячы на свет, трэба здзіўляцца прыгажосці. Сёння здзіўленне важнейшае за бунт.Найперш трэба здзіўляцца, бо ёсць штосьці нязвыклае: жыццё. Гэта так дасканала прыдумана. У столькіх формах. І ўсё патрэбнае, мае сваё месца.Жыццё – гэта дар, цуд. І ў гэтым цудзе жыцця я патрэбны. Трэба расплюшчыць вочы і бачыць жыццё. Глядзець не толькі на прыгажосць. Здзіўляцца жыццю. Вера – гэта наступства здзіўлення. У такім стане духа не адкідваю нічога, што прыносіць мне кожны дзень. Прымаю жыццё такім, якое яно ёсць. А ёсць у ім і тое, што цяжкае і сумнае.

Адны бунтуюць, а другім дадзена святая ласка здзіўлення. На таямніцу Бога адказваю здзіўленнем.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 8  Вера, якая патрабуе суцяшэння

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Чытаем у Евангеллі, што ноччу сябар прыйшоў да сябра, стукаў у дзверы, прасіў хлеба. А той тлумачыў, што ўжо спіць, што дзеці ляжаць у ложках. Каб той, хто прасіў, прыйшоў да выпадковага суседа, да непрыяцеля, але ён прыйшоў да сябра. Шукаў ( і гэта была тэрміновая справа, не абы-якая!), а сябар яму адмовіў – прынамсі адразу.

Калі мы найбольш расчароўваемся? Тады, калі лічым, што хтосьці нам быў павінен дапамагчы, і не дапамагае. Абражаемся, адыходзім, перастаём прасіць.

Тым часам Евангелле кажа, што малітва павінна быць цярплівай і не расчароўвацца. Тады той, хто павінен быў дапамагчы, хоць і не хоча, аднак дапаможа. Колькі ж трэба трывала стукаць і калаціць.

Даверымся Богу: пра што б ні прасілі, Ён заўсёды нас выслухае. Можа, не ў катэгорыях нашага разумення, але выслухае, даючы нам нават больш таго, аб чым умеем прасіць.

Які за нас цярпеў ад ранаў

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 9  Без цуду не паверым

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Часта мы паступаем вельмі дзіўна і ставім усё дагары нагамі. Кажам: “Спачатку пакажы цуд, а пасля паверым”. Ставім веру ў залежнасць ад цуду. Калі ж не верым, то хоць і здараецца цуд, кажам: “Так, але навука гэтага яшчэ не растлумачыла”.

Калі па-сапраўднаму верым у Пана Бога, то цуды прылятаюць да нас, як птушкі, з усіх бакоў, і ўсё, на што глядзім, да чаго дакранаемся на свеце, з’яўляецца цудам.

Дзіця, якое выздаравела, – гэта цуд. Дзіця, якое памерла і ў чыстасці сэрца, безабароннае і яшчэ без ран вяртаецца да Пана Бога, таксама цуд.

Вера дае прыгожы, праўдзівы погляд на свет, які кажа нам  на найменшы дотык таго, што нас спатыкае, глядзець з захапленнем і здзіўленнем. А здзіўленне старэйшае за розум. Гэта ўзрушэнне, што нас атачаюць вялікія Божыя справы.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 10 Знімем маскі з веры

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Так добра нам, веруючым і пабожным, прыносіць на алтар Езуса новыя свечкі і кветкі і кідаць у фарысея камянямі. Так лёгка асуджаем фарысеяў, б’ём іх нагой. Нават дзеці на занятках рэлігіі малююць фарысеяў чорнымі фарбамі, як д’яблаў.

Як лёгка прынесці кветкі Езусу і ўдарыць каменем чалавека.

Ці памятаем пра тое, што падчас спрэчкі паміж Езусам і фарысеямі менавіта фарысеі былі тымі пабожнымі, веруючымі? Яны падпіралі ерузалемскую святыню, спявалі псаломы Давіда, пасціліся, маліліся, баранілі веру ў адзінага Бога перад саранчой бязбожных. Былі першымі сярод іншых.

Верыць у Бога, быць сапраўды пабожным, веруючым – гэта значыць працягваць руку кожнаму чалавеку і шукаць тое, што лучыць, а не тое, што раздзяляе.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 11 Вера без прэтэнзій                        

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Не раз нам здаецца, што вера – гэта ўпэўненасць, што Бог ёсць. Але ўсе людскія словы і паняцці абмежаваныя. Бога нельга не выказаць словамі, не даказаць Яго існаванне. Вера – гэта давер Богу, нягледзячы ні  на што. Давер.

На першы погляд малой верай жыве той, хто прачынаецца і верыць, што яго абудзіў Бог, каб штосьці добрае зрабіць, той, хто верыць, што спатканні невыпадковыя, а цярпенні або радасць – ад Бога. Гэта быццам і маленькая вера, але насамрэч найвялікшая – давер Пану Богу ў кожнай хвіліне жыцця.

Калі размаўляем з няверуючым чалавекам, пераконваемся, што ён верыць у Бога, толькі не давярае Яму. Не давярае, бо цярпенні, войны. Столькі прэтэнзій…

Вера – гэта давер Богу насуперак абставінам. Тут хаваецца вялікасць маленькай веры. Здаецца гэта такім нязначным, але давяраю Пану Богу ў кожную хвіліну свайго жыцця як свайму найлепшаму Айцу.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 12    Укрыжаваная вера

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Так ужо сталася, што калі кажам пра веру, то разумеем, што гэта тычыцца веры ў Бога. Калі пытаюся: “Вы веруючы чалавек?” – усе разумеюць, што хачу даведацца, ці верыць у Бога, ці ходзіць у касцёл, ці пасылае дзяцей на катэхэзу, ці ходзіць да споведзі, ці бывае на Святой Імшы?

Ведаем, што ёсць такія ксяндзы, катэхэты і катэхэткі, пабожныя цёткі, пабожныя бабулі, якія навяртаюць няверуючых небаракаў да Пана Бога, але калі размаўляем пра веру, можам яе разумець інакш.

Ёсць вера не толькі ў Бога, але і ў чалавека, у людзей, якія знаходзяцца побач. Перажываем зараз вялікі крызіс менавіта такой веры.

Не верым таму, што пішуць у газетах. Не верым таму, што чуем па тэлевізары. Не верым таму, чаму вучаць на ўроках гісторыі. Часам дзеці не вераць бацькам. Кажуць, што выпіхаюць іх на заняткі рэлігіі, а самі жывуць цалкам інакш, не паводле Евангелля.

Каб вылечыць свет ад нявер’я ў Бога, праводзяцца рэклекцыі, місіі. Што рабіць, каб вылечыцца ад нявер’я ў чалавека?

Найперш трэба запытаць сябе самога: а мне можна верыць? Ці з’яўляюся я чалавекам аўтэнтычным?

Дрэнна, калі поруч з верай у Бога ёсць нявер’е ў чалавека. Вера ў Бога павінна вучыць веры ў чалавека, не раз вельмі цяжкай і складанай.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 13  “Дадай нам веры”  

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Апосталы прасілі Езуса: “Дадай нам веры”. Прасілі аб больш глыбокай веры. Аказваецца, што нават апосталы, святыя мелі праблемы з верай. Цяжка чалавечым розумам паверыць, калі хтосьці кажа, што памрэ і на трэці дзень уваскрэсне.

Пастаянна шукаем веру, просім і молімся аб ёй. Шукаем такой веры, якая ўжо не будзе сумнявацца. Аднак цяжка такую знайсці, бо вера стала б ведамі. А Бог чакае ад нас веры.

Езус сказаў: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай:” Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, і яна б паслухалася б вас”.

Тут кажам не пра вялікую веру, якая заспакоіць розум. Напэўна, такая вера немагчымая. Кажам пра маленькую, незаўважную, як зярнятка гарчыцы, веру, якая не патрабуе розуму – давярае.

Кажам пра давер, бо давяраць – гэта больш, чым верыць. Калі хтосьці скажа: “Нічога табе не ўдалося: не маеш ні грошай, ні здароўя, але радуйся, бо толькі на Пана Бога можаш разлічваць”, – гэта значыць, што ты даверыўся Пану Езусу дарэшты.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

Прыпынак 14   Шанс на навяртанне

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Беднага паралітыка , якога спусцілі праз дзірку ў даху да ног Езуса, можна назваць дзіцём цуду, бо жыў дзякуючы цуду. Цуд, што не выпусцілі з рук, калі лезлі з ім на дах. Мог выпасці з ложка і паламаць сабе косці перад аздараўленнем. Цуд, што не зваліўся пад ногі фарысеям, бо яны б гэтага яму не прабачылі. Цуд, што не павіс на вяроўках паміж небам і зямлёй. Цуд, што былі яму прабачаны грахі, магчыма, цяжкія. Цуд, што стаў рухацца і хадзіць. Столькі цудаў!

Кожны з нас таксама з’яўляецца дзіцём мноства цудаў.

Цуд, што ўвогуле жывём. Не памятаем свайго нараджэння, але наш прыход на свет быў наступствам мноства цудаў. Нашы прапрапродкі цудоўным чынам уратаваліся ад маманта, які іх не загрыз. Настутныя пакаленні продкаў не загінулі ў войнах, заразныя хваробы іх цудам абмінулі, яны ўратаваліся ад розных пагромаў.

Нашы бацькі цудоўным чынам спаткаліся. Сярод мільёнаў людзей менавіта іх пара ўцалела і нарадзіла нас.

Колькі цудаў папярэднічала нашаму нараджэнню!

Кожны з нас крыху нагадвае паралітыка, які вісіць паміж небам і зямлёй.

Кожны з нас з’яўляецца цудоўным дзіцём, бездапаможным, але цалкам аддадзеным на міласэрнасць і літасць Бога. Мы, хворыя, грэшныя, вісім паміж небам і зямлёй і , на наша шчасце, можам упасці толькі да ног Айца, які верыць у наша навяртанне.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Аўтар: Адміністратар