Крыжовы шлях Збаўцы вачыма Рыгора Барадуліна
На пачатку Вялікага посту прапануем наведвальнікам нашага сайта Крыжовы шлях, складзены з вершаў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна:
Крыжовы шлях нашага Збаўцы вачыма Народнага паэта Беларусі
Рыгора Барадуліна
Уступныя малітвы
Ойча наш, што ў нябёсах,
Хай свяціцца Імя Твае
I ў зорах, і ў лёсах.
Хай прыйдзе Валадарства Твае,
Як спатоля,
Хай Твая ўсёўладарная
Збудзецца воля Як на небе,
Гэтак і на зямлі.
Хлеб наш надзённы пашлі,
Жыццядар, сёння нам.
I даруй нам нашы даўгі,
Як даруем і мы даўжнікам.
Адгарадзі ад нас
Спакуслівыя лугі.
I ў смутны час,
I ў цёмныя дні
Нас ад нячысціка аслані.
Не зрушыцца Валадарства Твае.
I рушаць рухава
Ад Твайго цвярдога парога
I сіла, і слава
Твае мілаты і лагоды,
Айца, і Сына, і Духа Святога
Цяпер і заўсёды.
I на вячніны вячнін. Амін.
Багародзіца, Вечнадзева Марыя,
Мы ўсе перад Табою малыя.
Дабраслаўленая між усіх маладзіц,
Не пярэч, каб
Перад ценем ценю Твайго
Мы ўпалі ніц.
Дабраслаўлены плод Твайго ўлоння.
Над ім мы ўзводзім
Шатрамі свае далоні.
Ты, ўсяго жывога краса і пакраса,
У імя вечнаіснага Бога
Нарадзіла душ нашых Спаса.
Пад міласць Тваю прыбягаем.
Злітуйся над нашым краем –
Хай пасвяцца душы нашыя
На нябесных пашах.
Багародзіца Дзева,
Не адкінь у цярпеннях
Малітваў нашых.
Дабраслаўленая, адзіна чыстая,
Уратуй ад бедаў,
Дай моцы нам выстаяць.
Каб агонь жыцця нашага
Не пагас,
Багародзіца Прасвятая,
Душою нашчая,
Уратуй нас.
Прыпынак 1 Тайная вячэра
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Хто прадасць Яго,
Ведаў Хрыстос,
Ведаў, і за якую плату.
Ведаў, што нецярпелася кату,
Што спяшаўся здзейсніцца лёс.
– Iадзін з вас здрадзіць Мяне
Ён сказаў.
I вучні маўчалі.
Адказаў:
Хто са Мной мачае
Ў місе зараз руку ўцямне.
– Ці не я, Раббі? –
Юда спытаў.
Ты.
Пасля паламіў букатку:
– Ешце Цела Маё даастатку,
Піце кроў,
Што за ўсіх аддаў.
Недзе заскавытаў скавыш.
I закончылася вячэра.
Маладая мужнела вера.
Выйшаў з хаты
Свой несці крыж…
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 2 Гефсіманскі сад
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Каб дзе антонаўка, каб сапяжанка.
У Гефсіманскім садзе сталасць дрэў.
Смуга й зямля,
Як цёплая ляжанка,
Каб смутак плечы сцёртыя сагрэў.
На тое сад і гадаваў
Садоўнік,
Каб тут аземіў думку
Бог жывы,
Каб і паломнік –
Смутку паслядоўнік –
Пачуў літанне смяглае травы.
У Гефсіманскім наквець адшумела,
А ў садзе
Недзе каля Ціханят
Антонаўкі ды сапяжанкі смела
У кулачках трымаюць
Страх зярнят…
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 3 Прысуд Пілата
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Iрукі ўмыў Пілат,
Калі не змог
Адмыць віну
За свой прысуд крывавы.
Відаць, натое клапаціўся Бог,
Каб не звяліся на зямлі варавы.
Каб выбіраць
Людской галдзе было б
Спаміж жыццязагубцам і Месіяй.
Каб небасхіл хмурыніў жалем лоб,
Каб даравання ўсе вякі прасілі.
I лямант «укрыжуй!» укажанеў.
Нябёсы нылі зорнымі цвікамі.
Спалохаўся сябе самога гнеў.
I цені ад зняверцаў уцякалі.
I пугі, як маланкі, абвілі
Хрыстова цела
I шчырэлі люта.
I свой халодны позірк адвялі
I марная гардыня, і пакута.
Вятох падумаў:
Хоць я і вішу,
Ды зменіць маладзік маё цярпенне.
А не адмые ад крыві душу
Ніводнае зямное пакаленне.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 4 Крыжовы шлях
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
…Ёнцяжка нёс
Крыж,
Быццам цень адзервянелы птаха.
I цень хацеў
Узняцца да нябёс,
Ды носьбіта
Чакала моўчкі плаха.
Свет разумеў
Сябе самога блага.
I перакрэсліў
Смерцю смерць Хрыстос.
Мы – вечны лён,
I нашых дзён траста
Адвеецца вятрамі паступова.
Душа
Вернападданніцай Хрыста
Паўторыцца нанова, як абнова.
Да вечнасці прыслухаецца слова.
I загусцее ў сотах сноў сыта.
Мы станем ценямі аднойчы ўсе
I ў неба ўзняцца
Подумна захочам,
I, верныя зняверанай красе,
Багаславімся позіркам прарочым.
Лёс усміхнецца кожнаму,
Як вотчым.
I ўрэшце крыж свой
Кожны панясе…
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 5 Сустрэча з Маці
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Свяцейшая Панна з прыгожай іконы,
Усіх ахінае Твой клопат штодзённы.
Дай моцы нам, Матка,
Дай, Матка, параду,
Як маем змагчы і падступнасць, і здраду.
Май ласку Сваёй не пазбавіць апекі,
Заступніцай будзь нам цяпер і навекі.
Не дай нашым душам убогім загінуць,
Дазволь на зямлі гэтай цені пакінуць.
3 малечых гадоў Ты нас грэшных трывала
I з д’яблавай пашчы не раз вырывала.
У смутках Цябе мы гукаем, святую,
Твая мілата бачыць нас і ратуе.
Як дзячыць Табе, мы не ведаем самі,
I нашчацца нашыя вочы слязамі.
Марыё! У месцах, дзе Ты цудатворыш,
Ты дорыш святло, цішынёю гаворыш.
Грахі нашы, як незагойныя раны.
Маліся за нас, будзь нам Маткаю, Панна.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 6 Сустрэча з Сымонам
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Месія не прыходзіць з Галілеі –
На гэтым і стаяў Ерусалім.
А ён ішоў туды,
Дзе здрада тлее,
Дзе людзі – ворагі сабе самім.
Каб не памерці,
Зерне памірае.
Каб адцяніць святло,
Лютуе змрок.
3 часін патопу ў ціхіх –
Хата з краю.
За схібны крок
Адказвае Прарок.
Ішоў на смерць,
А ўсе чакалі цудаў.
Ішоў перад шалёнай гаманой
За ўсе пакуты
Пацалунак юдаў
Яму і быў аддзякаю зямной.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 7 Сустрэча з жанчынамі
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
А з прышласці ў прошласць
Праз нас, праз вякі
Глядзяць
Недасяжныя вочы Хрыстовы,
Нібыта пытаючы досведна:
Хто вы,
Ці людзі, мае сваякі,
Ці ваўкі?
I зоркі згараць,
Дасмыляць смалякі,
Замоўкнуць
I зноў разгаворацца словы,
Ды будуць глыбініцца
Вочы Хрыстовы,
Нябесна ратуючы нас і вякі.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 8 Падзенні
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Крыж – спынены вятрак
Iўсмешка руху,
Бо толькі ў руху
Рух жыве і ўсім
Дае жыццё,
Адвеяўшы на дым
Мітрэнгаў нашых марных пацяруху.
Крыж – скачанелы птах
I ўзмах сумневу,
Які застыг, пачуўшы вышыню.
I рыжы жах
Сумеўся ўпершыню,
Не ведаючы, што параіць дрэву.
Крыж – гэта мы,
Што ўсё ўхапіць хацелі
I нецярпліва рукі развялі.
Але здранцвелі й ценямі ў быллі
Дрыжэцьмем
Над сваёй глухой пасцеллю.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 9 Агаленне
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Натоўп, гарачы на расправу,
На помач не падасць і кста,
Сцяною стане за Вараву
I цадпіхне на крыж Хрыста.
Натоўпу боль чужы нясвежы,
Для цёмнай злосці мала джал.
Хацежы замінаюць межы.
Руйнуе ўсё аслеплы шал.
Чым болей глотак – болей права.
3 грахамі доўга едзе воз.
У кожным з нас жыве Варава,
I рэдкім госцем –
Пан Хрыстос.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 10 Укрыжаванне
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Хрыста ўкрыжоўвалі,
I цыган
Прапанаваў і сваю паслугу.
I кінуў на дол
Неразлучную пугу,
I ўзяў цвікі для пякучых ран.
I вочы заплюшчыла цішыня.
Цыган прыставіў цвік
I з размаху
На даланю пасадзіў авадня
Замест цвіка –
Насуперак страху.
I абараніў хоць адну руку,
Хрыстову руку ад болю зямнога.
I валачомнаму жабраку
Не папрасілася ў Бога нічога.
I ў свет падаўся самотны цыган,
Непрытулены,
Як апостал, босы.
I гэта быў
Самы шчыры спадман,
Які на вякі блаславілі нябёсы.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 11 Два разбойнікі
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
На ўсіх хапала сляпых цвікоў
I не хапіла відушчага жалю.
Апоплеч Хрыста
3 абодвух бакоў
Двух разбойнікаў укрыжавалі.
I, лёсаўкі кідаючы,
Хутчэй
Вопратку падзялілі жаўнеры.
I аблачынка ў Хрыста з вачэй
Піла слязіны балючай веры.
I падавалі воцат Яму,
Каб смагу прагнаў,
I кпілі:
Усіх ратаваў Ён,
Тады чаму
Сябе ўратаваць
Не ў Ягонай сіле?
Адзін з разбойнікаў
I папрасіў Яго,
Дабываючы сваю прыжыццёвую кару:
– Як прыйдзеш да Гаспадарства Свайго
Успомні мяне, Спадару.
I пачуў:
– Кажу табе сапраўды,
Сёння будзеш са Мной у раю.
Абыякава йшлі гады,
Гналі перад сабою людскую зграю.
Змяркаўся ціха ў разбойніка зрок.
Свае аблогі імгла займала.
Да пекла шлях –
3 крумкачыны крок,
Да раю –
Жыцця зямнога замала…
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 12 Смерць на крыжы
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
А не хапіла й дваццаці стагоддзяў,
Каб людства зразумела, для чаго
Гасподзь аднойчы
На зямлю прыходзіў,
На крыж паслаўшы
Першынца Свайго.
Саміх сябе пашматаваць гатовы,
Сабакамі зрабіўшыся,
Ваўкі.
I люталюды ў крылы
Рук Хрыстовых
Яшчэ ўганяюць кутыя цвікі.
I тым жыве душа,
Што верыць цуду.
Трымае кожнага ягоны кон:
Фаму знявер’ем,
Здрадлівасцю – Юду.
Страх думае,
Што шчыры толькі ён…
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Пыпынак 13 Зрачэнец
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Свет змаладзелы не хацеў старэць.
Губляў з ахапка вецер сцюжу шчодра.
Хацеў спазнацца неспазнаным Пётра.
Цяпельца тлелася сябе сагрэць.
Агонь усхліпваў, ціха стыгнуў дол.
На Пётру паслугачка й паказала:
«3 Ісусам гэны быў, яго пазнала».
«Не я!» – і азірнуўся навакол.
«3 Ім быў», – сказаў нявольнік святара,
Якому Пётраў меч адскепіў вуха.
«3 Ім быў не я!» – Пярэчыў Пётра глуха
I з двору выйшаў,
Як з свайго нутра.
«А ці не ты ж у садзе з Ім сядзеў?» –
Другі нявольнік запытаў сувора.
«Не я!» – ўпіраўся Пётра.
Гэта ўчора
Хацелі заўтрашні злагодзіць гнеў.
I запяяў знянацкі певень тут.
I Пётру ўчуліся Хрыстовы словы:
«Мяне зрачэшся тройчы», й, безназовы,
Пайшоў зрачэнец сцежкаю пакут.
Каб новы дзень будзіць
I весціць скон,
Світальны голас пеўню быў пасланы.
Яшчэ Спадар нябесны ў знак пашаны
Даў права ў хлеве мець высокі трон.
А Юда знік,
Каб дух яго не ўзнік,
Куды і певень голас не даносіць.
Бог чуе тых,
Хто даравання просіць.
I Пётра ўжо вякам губляе лік.
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 14 Уваскрэсенне
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!
Не стылі доўга на крыжы цвікі.
Ісуса пахавалі на гародзе,
Каб узышоў у чалавечым родзе
Нанова дух Ягоны на вякі.
I спавілі Яго, як немаўля.
I прывалілі каменем пячору.
I грузна камень лёг на грудзі гору,
Якім запаланілася зямля.
Калі да ўсходу сонца да труны
прыйшлі Марыя Магдалена й Маці,
3 сабою ўзяўшы пахнасці ды масці,
Труну пустую ўбачылі яны.
I камень адкаціўшы ад дзвярэй,
На ім сядзеў анёл.
Як бліскавіца,
Ён быў.
Дарма шукалі маладзіцы
Ісуса, не шкадуючы вачэй.
Анёл сказаў ім:
– Уваскрос Хрыстос!
Ідзеце й вучням
Гэта ўсё скажэце.
I паспяшалася світанне ў свеце.
I небу дзячліва ўсміхнуўся лёс.
Дабро квітнела й камянела зло,
Як камень той,
Што глух каля пячоры.
Душа жадала звыкнуць да пакоры.
Жыццё сляпую смерць
Перамагло!
Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Аўтар: Адміністратар