Прайсці праз вернасць, або Ружанец з Казімірам Свёнткам
Моладзь нарачанскай парафіі на адвэнтавым чуванні ў Мінску рыхтуецца правесці інсцэніраваны Ружанец, прысвечаны Казіміру Свёнтку і прымеркаваны да 100 –годдзя з дня нараджэння кардынала, які адзначаўся ў кастрычніку.
Першы раз нарачанцы расказвалі пра асобу беларускага кардынала з варшаўскай сцэны, калі ўдзельнічалі ў міжнароднай Парафіядзе і занялі ў артыстычным конкурсе прызавое месца. Было гэта амаль дзесяць год назад. Пасля была ўдалая спроба пераіграць гэту пастаноўку ўжо другім саставам акцёраў, і зноў першае месца – толькі ўжо на беларускай парафіядзе ў Івянцы. Да семдзесят пятай гадавіны святарства кардынала быў дапісаны сцэнарый, які ахопліваў дзіцячыя гады Казіміра Свёнтка, і ўвазе нарачанскіх вернікаў была прадстаўлена тэатральная пастаноўка “Прайсці праз вернасць”.
Выступленне нарачанцаў у мінскай архікатэдры будзе сінтэзам усяго таго, што створана моладдзю парафіі за доўгія гады. Каб сыграць “сваю ролю”, у Мінск з іншых гарадоў прыедзе студэнцкая моладзь. Нарачанцы спадзяюцца, што ім пераканаўча ўдасца расказаць сваім равеснікам пра таго, чыё жыццё для іх ужо даўно стала прыкладам.
Аўтар: Адміністратар