29 лістапада ў нашай парафіі адбудзецца традыцыйнае дэканальнае моладзевае спатканне “Андрэйкі”, на якім як падрыхтоўка да 500-годдзя з дня нараджэння Святой Тэрэзы Авільскай, які будзе адзначацца ў 2015годзе, будзе праведзены конкурс ведаў “Дастаткова толькі Бога” пра жыццёвы шлях вядомай іспанскай манахіні, рэфарматаркі кармэлітанскага ордэна.

Запрашаць на “Андрэйкі” гасцей з суседніх парафій для нарачанцаў даўно стала добрай традыцыяй. Але два гады таму было вырашана правесці дэканальнае спатканне моладзі перад пачаткам Адвэнту. На гэтым спатканні, акрамя гульняў і забаў, быў праведзены конкурс ведаў “Касцёл і Другі Ватыканскі Сабор”, у якім прынялі ўдзел 102 чалавекі. У мінулым годзе як падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтка быў праведзены конкурс ведаў пра Вялікага Кардынала, у якім удзельнічала больш за сто чалавек.

Сёлета конкурс ведаў будзе прысвечаны асобе Святой Тэрэзы Авільскай.

Для маладых нарачанцаў гэты конкурс будзе першым этапам духоўнай падрыхтоўкі да 500-годдзя з дня нараджэння вядомай кармэлітанскай манахіні. Для моладзі з суседніх парафій падрыхтоўка да конкурсу будзе цудоўнай нагодай далучыцца да жыцця і спадчыны Святой, якая сцвярджала, што”дастаткова толькі Бога”.

Аўтар: Адміністратар