Вернікі нарачанскай парафіі пачынаюць духоўную падрыхтоўку да 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, які будзе адзначацца 21 кастрычніка 2014 года.

Да гэтага юбілею ў парафіі арганізавана фотавыстава “Жыццё, як катэхізіс”, якая адлюстроўвае самыя важныя моманты з жыцця кардынала. У бібліятэцы парафіі зроблена выстава кніг і часопісаў “Бачнае – часовае, нябачнае – вечнае”, дзе чытачы могуць знайсці матэрыялы пра жыццё і навучанне кардынала Свёнтка.

Каб пазнаёміць маладое пакаленне з асобай Казіміра Свёнтка і яго роляй у адраджэнні Каталіцкага Касцёла на Беларусі, запланаваны цыкл катэхэз “Верны Богу і касцёлу”. Для маладых вернікаў парафіі аб’яўлены конкурс малюнкаў “Наш добры дзядуля”, назву для якога прыдумала старэйшая моладзь парафіі, якая мела шчасце доўгі час падтрымліваць сяброўскія адносіны з кардыналам Казімірам Свёнткам. Таксама моладзь нарачанскай парафіі рыхтуецца да пілігрымкі ў Пінск на святкаванне ўрачыстасці 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка.

21 кастрычніка ў 18.30 у  парафіі будзе цэлебравацца Святая Імша за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, а перад Імшой моладзь парафіі правядзе адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, падчас якой будуць гучаць урыўкі з гамілій кардынала.

Аўтар: Адміністратар