Нарачанцы рыхтуюцца адзначыць 580-годдзе пабудовы першага касцёла ў мястэчку Кабыльнік і 110- годдзе кансэкрацыі цяперашняй святыні.

Урачыстасці запланаваны на 16 жніўня. У гэты дзень Святую Імшу, падчас якой будзе ўдзелены Сакрамэнт Канфірмацыі, у нарачанскім касцёле будзе цэлебраваць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вёска Нарач (назва існуе ад 1964 г.) у XVстагоддзi насіла назву Medal Minor, ад XVI стагоддзя паселішча згадваецца пад назвай Кабыльнік. У 1434 г. князі Свірскія заснавалі тут касцёл Святога Андрэя Апостала. На памятнай дошцы касцёла чытаем, што першая святыня была драўляная. У1651 г. князі Свірскія ўзводзяць новы будынак касцёла Святога Апостала Андрэя, аднак яго знішчылі падчас «нашэсця Масквы» ў вайну 1654- 1667 гг.

У 1736 г. касцёл Святога Апостала Андрэя рэканструяваны на сродкі тагачаснага дзедзіча Кабыльніка Марціна Аскеркі, кашталяна наваградскага. У гэтыя часы касцёл апісваюць як святыню «немалых памераў», інтэр’ер якой упрыгожвалі 6 алтароў. Пасля пажару 1862 г. касцёл зноў аднаўляецца «коштам плябана Людвіга Мініцкага і Тытуса Свентаржэцкага». У святыні былі 3 алтары, у галоўным з якіх знаходзіўся абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам у срэбных, з пазалочанымі элементамі, шатах, які вернікі парафіі шанавалі здаўна.

Да нашых часоў захавалася толькi званіца. Гэта помнік народнага драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 18 ст. з дрэва. Пры перабудове ў 19 ст. ёй нададзены рысы класіцызму. У 1897 годзе ксяндзом Ігнатам Расалоўскім закладваюцца падмуркі новай каменнай святыні, будаўніцтва якой вялося пяцьгод.Касцёл пабудавалі з чырвонай цэглы на падмурку з гранітных блокаў у неагатычным стылі.Для жыхароў Кабыленскай (а цяпер Нарачанскай) парафіі 1901 год быў самым шчаслівым, самым адметным, і ён застаўся ў памяці народа на вякі. У старажытным мястэчку Кабыльнік адбылася вельмі важная для парафіянаў гістарычная падзея: было завершана будаўніцтва доўгачаканага касцёла.Пасля цяжкіх будаўнічых работ, пасля ганенняў з боку мясцовых царскіх уладаў 30 лістапада 1901 года адбыліся святкаванні ў гонар адкрыцця новай святыні — касцёла Святога Апостала Андрэя. На ўрачыстасць сабраліся не толькі кабыленскія парафіяне, але і вернікі з суседніх парафій. Як напамін пра знамянальную падзею вырабілі з бронзы памятныя эмблемы – пластыну і дыск на мармуровым квадраце ( іх і зараз можна ўбачыць унутры храма). На пласціне напісана(у перакладзе з польскай мовы): “На памяць шчасліва закончанага стагоддзя ад нараджэння Хрыстова і выратавання свету. ХІХ стагоддзе – 1901 год”. Гэта быў першы (а па ліку чацвёрты) цагляны касцёл, пабудаваны ў мястэчку Кабыльнік за яго амаль 500-гадовую гісторыю. На будаўніцтва былых драўляных касцёлаў сродкі давалі магнаты, а гэты храм быў пабудаваны намаганнямі кс. Ігната Расалоўскага на сродкі парафіянаў. Вернікі шчыра і аддана працавалі на будаўніцтве касцёла: мужчыны на конях вазілі цэглу, лес. Праца знаходзілася нават для жанчын: яны па рыштаваннях падавалі будаўнікам цэглу. Уражвае тое, што сродкі на будаўніцтва кабыленскага касцёла збіралі не толькі ў суседніх парафіях, але нават у далёкай Амерыцы. Да нашых часоў захаваўся абразік, які атрымаў у Амерыцы наш парафіянін, калі, будучы там на заробках, ахвяраваў на будаўніцтва кабыленскага касцёла 5 долараў. Новая святыня была першым храмам, пабудаваным на пачатку ХХ стагоддзя ў Віленскай дыяцэзіі.

Кс. Ігнат Расалоўскі пачаў хутка рыхтаваць касцёл да кансэкрацыі: у 1902 годзе ў Вільні быў адрэстаўраваны абраз Панны Марыі для галоўнага алтара, пазней — абразы Св. Андрэя і Св. Роха. У 1904 годзе ў Вільні былі зроблены алтары для абразоў і амбон унеагатычным стылі. Майстры з Германіі зрабілі дубовыя лаўкі.

Асаблівае месца ў касцёле належыць аргану. Час устаноўкі аргана вызначаецца перыядам 1901-1914 гг. Нарачанскі арган уваходзіць у кагорту старэйшых музычных інструментаў у Беларусі, якому не было прычынена ніякай шкоды ў часы палітыкі пераследу рэлігіі.

Але з-за складанай палітычнай сітуацыі кансэкрацыя касцёла адбылася толькі праз тры гады. 25 ліпеня 1904 года біскуп Эдвард Роп у суправаджэнні святароў і вернікаў пераступіў парог новай святыні. Ён урачыста асвяціў галоўны алтар, бакавыя алтары і сцены касцёла. Так пачалося жыццё новага Божага дома.

Шмат давялося перажыць нарачанскаму касцёлу за сваю ўжо больш чым стогадовую гісторыю: І і ІІ сусветныя войны, акупацыю, часы сталінізму і ваяўнічага атэізму. Але,дзякуючы намаганням святароў і вернікаў,касцёл выстаяў. Асабліва цяжкімі для святыні былі 50-я гады. Камуністычныя ўлады, спрабуючы знішчыць веру, пасадзілі ў турму пробашча парафіі кс. Пятра Васючонка, аднак вернікі ўсё роўна прыходзілі ў касцёл і адпраўлялі набажэнствы без святара. Паслугачы бязбожнай уладызабралі ў іх ключы ад касцёла, але гэта не прымусіла нарачанцаў адрачыся ад веры. Парафіяне пачалі абыходзіць Крыжовую дарогу вакол касцёла, прычым збіралася столькі людзей, што іх спеў чуўся за некалькі кіламетраў. Ноччу вернікі таксама не спалі: сцераглі касцёл ад падпалу. Але бяссільнымі аказаліся нарачанцы ад рагатак і каменняў, якія кідалі камсамольцы ў касцёльныя вокны, б’ючы тым самым каштоўныя вітражы і пазбаўляючы храм архітэктурнай завершанасці. Але гэта была адзіная шкода, нанесеная кабыленскаму касцёлу ў тыя страшныя часы. Дзякуючы адданасці простага Божага люду,святыню ўдалося ўратаваць для новых пакаленняў. З цягам часу ўлады выдалі дазвол на працу святара. У вёску перыядычна, а пазней рэгулярна стаў прыязджаць ксёндз Люцыян Паўлік з Задарожжа.

Гісторыя нашай парафіі цесна звязана з жыццём некаторых славутых людзей нашай Бацькаўшчыны.

Неаднаразова бываў у мястэчку Кабыльнік славуты мастак, мастацтвазнаўца, удзельнік паўстання 1863-64 гадоў Альфрэд Ромэр, які жыў у Каралінове. Ён аўтар вядомага абраза “ Езус і сірата “, які знаходзіцца ў Камаях. Пэндзлю мастака належыць абраз “ Пінская Мадонна “, які ўпрыгожвае Пінскую катэдру. Дзякуючы Альфрэду Ромэру, мы ведаем, як выглядаў стары драўляны касцёл у Кабыльніку, бо да нашых дзён захавалася гравюра “ Стары касцёл у Кабыльніку Свянцянскага павета .”

Увесь музычны свет ведае славутага арганіста, прафесара музыкі, арганізатара міжнародных фестываляў арганнай музыкі Браніслава Руткоўскага. Але мала хто знае, што гэты славуты чалавек, ураджэнец Камай, пачынаў сваю музычную дзейнасць … як арганіст у кабыленскім касцёле.

Новая старонка ў гісторыі нарачанскага касцёла пачалася ў перыяд адраджэння рэлігійнага жыцця на Беларусі ў пачатку 90-ых гадоў. У 1989 годзе на працу ў Нарач прыбылі з Польшчы айцы ордэна кармэлітаў босых, якія нясуць паслугу ў парафіі да гэтага часу.

Сярод найбольш важных падзей апошніх гадоў варта адзначыць святкаванне стогадовага юбілею касцёла 22 жніўня 2004 года. З нагоды гэтай урачыстасці Святую Імшу ўзначальваў кардынал Казімір Свёнтак. Да стогадовага юбілею вернікі парафіі пабудавалі грот Маці Божай, які Яго Эмінэнцыя асвяціў падчас урачыстасцей.

Да трыццатай гадавіны пачатку пантыфікату Святога Яна Паўла ІІ вернікі парафіі на тэрыторыі касцёла ўстанавілі помнік гэтаму Вялікаму Папу, які 16 кастрычніка 2008 года асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Тройчы ў год у парафiiадбываюцца фэсты: у гонар Святога Антонiя (13 чэрвеня), Святога Роха (16 жнiўня) – яму папярэднічае Саракагадзіннае набажэнства – iСвятога Андрэя Апостала (30 лiстапада). Разам з кармэлітамі вернікі асаблівым чынам ушаноўваюць Маці Божую Шкаплерную (16 ліпеня) і Святых Кармэля.

16 чысла кожнага месяца з нагоды абрання Святога Яна Паўла ІІ на Пятровы пасад адбываецца публічнае ўшанаванне рэліквій крыві Святога, якія былі ўрачыста ўнесены ў нарачанскі касцёл 21 кастрычніка 2012 года Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці.

Аўтар: Адміністратар