Пустэльня, якая вядзе да братоў. Рэкалекцыі кармэлітаў босых у Баранавічах
З 5 па 9 кастрычніка 2026 года ў Доме Святой Тройцы у Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для кармэлітаў босых з усёй Беларусі.Рэкалекцыі правёў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Кожны дзень браты збіраліся на Святую Імшу і разам цэлебравалі Літургію Гадзін. Раніцай і ўвечары яны мелі па гадзіне на медытацыю. Быў таксама час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту — малітву перад Езусам Хрыстом, рэальна прысутным у Эўхарыстыі. Манахі разам елі, а расклад дня пакідаў прастору для адпачынку і дзялення думкамі.
Біскуп Юрый Касабуцкі прамаўляў жывой і даступнай мовай.
Першае пытанне, якое паставіў іерарх, гучала: хто мой брат? Адказ не заўсёды просты. Брат — гэта той, хто выконвае волю Айца, каму патрэбна дапамога, а таксама вораг…
Біскуп не абмінуў і тэмы паклікання. Нагадаў, што менавіта Бог выбірае чалавека — не таму, што той быў добрым, але для таго, каб сфармаваць яго паводле сваёй волі. Рэкалекцыяніст гаварыў пра трыванне ў Хрысце на ўзор галінак на вінаграднай лазе. Ён падкрэсліў, што ачышчэнне прыносіць боль, бо яно б’е па чалавечых амбіцыях і падманным пачуцці самадастатковасці, аднак без яго няма плёну. Братэрскую любоў біскуп паказаў як наследаванне Хрыстовай любові «як Я вас палюбіў» (Ян 13, 34) , а манаскія абяцанні — як дар ад Бога. Усе гэтыя думкі ён падмацоўваў спасылкамі на Святое Пісанне і Айцоў Касцёла.
На заканчэнне рэкалекцый біскуп заклікаў братоў трываць далей і заставацца вернымі Хрысту ў паўсядзённым жыцці і служэнні там, дзе яны знаходзяцца.












karmel.by
Тэкст, фота: Аркадзь Куляха OCD
![[X]](https://naracz.by/wp-content/themes/naracz/css/close.png)