У межах святкавання 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка моладзь нарачанскай парафіі рыхтуе тэатральную пастаноўку “Прайсці праз вернасць”, якую прадставіць увазе вернікаў у Вялікую суботу.

Гэта ўжо не першы зварот нарачанцаў да сцэнічнага ўвасаблення жыццёвага шляху першага беларускага кардынала, бо на прыкладзе гэтага чалавека вырасла ўжо не адно пакаленне нарачанскай моладзі.

Ва ўжо далёкім 2006 годзе на Парафіядзе нарачанцы ўпершыню расказвалі з варшаўскай сцэны сваім равеснікам пра славутага беларускага кардынала, Сведку веры і атрымалі перамогу ў артыстычным конкурсе  “Жыццё, аддадзенае выхаванню, жыццё, аддадзенае чалавеку”. Пасля былі яшчэ выступленні ў парафіі, у 2011 годзе на беларускай парафіядзе ў Івянцы нарачанская моладзь таксама пакарыла гледачоў і журы сваёй пранікнёнай акцёрскай гульнёй.

Сёлетняе выступленне нарачанскіх акцёраў будзе незвычайным, бо напісаны сцэнарый пра дзіцячыя гады кардынала Свёнтка спалучаны з мінулым сцэнарыем, які расказвае пра юнацкія і святарскія гады кардынала. У выступленні ў Вялікую суботу прымуць удзел усе тры саставы акцёраў: і тыя, якія ў 2006 годзе выступалі на варшаўскай сцэне, і тыя, хто з івянецкай сцэны нёс моладзі пасланне любові і прабачэння, і тыя маладыя нарачанцы, хто яшчэ толькі пачынае адкрываць для сябе прыклад асобы кардынала Свёнтка.

Выступленне маладых акцёраў будзе падарункам вернікам парафіі да 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка.

Аўтар: Адміністратар