Плён аднаго Крыжовага шляху, або Талент убачыць усе фарбы жыцця
Моладзь нарачанскай парафіі, якая 8 красавіка ў 75 гадавіну святарства Казіміра Свёнтка праводзіла Крыжовы шлях, складзены на аснове апісання драматычных момантаў яго жыцця, дзеліцца сваімі думкамі пра асобу кардынала:
Анэта Грышкевіч
Калі я ішла гэтым Крыжовым шляхам, у мяне вырасла ў душы пачуццё светлага, добрага шчасця. Я зразумела, што трэба дапамагаць усім не толькі фізічна, але і словам. Гэты Крыжовы шлях прымусіў мяне задумацца: як я жыву? Ці стараюся нешта змяніць у жыцці, зрабіць яго лепшым? Вельмі мне спадабаліся словы з Крыжовага шляху:” Ён зрабіў католікамі тых, хто не меў веры, хто не жадаў пазнаваць Хрыста”.
Калі выходзіла з касцёла, пачуццё было такое, што я сустрэлася з кардыналам Свёнткам!
Аліна Грышкевіч
Разважаючы над гэтым Крыжовым шляхам, мы зразумелі , што праз якія б выпрабаванні мы ні праходзілі, з намі заўсёды будзе Бог, Ён заўсёды падтрымае нас у цяжкай сітуацыі. Трэба заўсёды трымацца Бога, не апускаць рукі перад цяжкасцямі, як кардынал Казімір Свёнтак. Для нас ён заўсёды будзе прыкладам святасці.
Юля Несвятаева
Ён любіў жыць, любіў жыцце, любіў звычайнае, штодзённае, шэрае… Але яно не шэрае. Свёнтак гэта даказаў! Кожны дзень пераліваецца Божыми фарбамі, фарбамі любові і адвагі… Напэўна, талент бачыць гэтыя фарбы і дапамог Яму выжыць дзесяць самых-самых шэрых год у лагерах Сібіры і Далёкай Поўначы.
Пане, навучы нас па прыкладу кардынала Казіміра Свёнтка бачыць усе яркія колеры нашага жыцця!Прыадчыніць таямніцу яго сэрца! Біць рэкорды так, як Ён іх біў! Вось стымул для кожнага з нас!Казімір Свёнтак– Чалавек з Вялікай літары!
Ірэна Ахрамовіч
Гэты Крыжовы шлях прымусіў мяне задумацца над сэнсам жыцця, над тым, што кожны чалавек, які давярае Пану Богу, можа рабіць вялікія рэчы.
Па прыкладу Казіміра Свёнтка ма таксама павінны кожны дзень нашага жыцця перажываць з Марыяй і Езусам.
У Крыжовым шляху я пачула, што Бог паслаў нам новага Св.Францішка, які адбудаваў Касцёл на Беларусі. Гэта сапраўды так.
Свёнтак вучыць нас, як бы цяжка не было,мы павінны ЛЮБІЦЬ, ДАВЯРАЦЬ і СПАДЗЯВАЦЦА на Пана Бога.
Алёна Харэвіч
Калі я выйшла з касцёла,адразу ж на душы мне стала лёгка і спакойна. Я забылася пра ўсе праблемы і крыўды, я як быццам абнавілася. Адразу мне захацелася ва ўсіх папрасіць прабачэння. Такое пачуццё ў мяне было, калі я першы раз у сваім жыцці схадзіла да споведзі.Я зразумела, што не трэба скідваць крыжы, якія нам пасылае Бог, а трэба несці іх наперад. Я разумею, што гэта вельмі цяжка, але па прыкладу кардынала Свёнтка я буду старацца не падвесці Езуса.
Юля АХРАМОВІЧ
Крыжовы шлях, прысвечаны К. Свентку, мяне вельмі ўзрушыў . Сэнс гэтага Крыжовага шляху для мяне ў тым, што Бог дае выпрабаванняў столькі, колькі чалавек можа вынесці. А, гледзячы на цяжкі лёс К. Свёнтка, мы разумеем, што гэта вялікі чалавек, які ўсё сваё жыццё прысвяцiў Богу. Нават у цяжкiя хвіліны захаваў сваю веру.