У нарачанскім касцёле ўдзельнікі конкурсу “Юныя таленты Беларусі” спевам праславілі Бога
Сёння ў нашым касцёле адбылося выступленне харавых ансамбляў удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, якія прадставілі ўвазе нарачанцаў рэлігійныя спевы.
Ініцыятарамі выступлення сталі работнікі нацыянальнага дзіцячага лагера “Зубраня”, у якім зараз і адпачывае таленавітая моладзь з усёй Беларусі.
Гэта ўжо другое такое выступленне маладых артыстаў у нашай парафіі ( першае было ў пачатку Года веры). Так што смела можна гаварыць пра пачатак добрай традыцыі супрацоўніцтва парафіі з дзіцячым лагерам “Зубраня”.
Такой колькасці гасцей наша парафія яшчэ не сустракала, бо паказаць свой талент да нас прыехала каля ста хлопцаў і дзяўчат з Гродна, Светлагорска, Баранавіч і Магілёва.
Увазе вернікаў былі прадстаўлены рэлігійныя спевы (“Хвалите имя Господне», «Отче наш», «Аллелюя», «Слава Отцу и Сыну», польскія калядкі), што дало магчымасць нарачанцам у час Вялікага посту адарвацца ад штодзённай мітусні і далучыцца да музыкі і спеваў, якія праслаўляюць Бога.
Пробашч парафіі а. Пётр Фарына OCDпадзякаваў юным артыстам за падоранае свята і пажадаў і надалей спяваць на Божую хвалу.
На памяць аб сустрэчы кожны з удзельнікаў канцэрта атрымаў буклет з інфармацыяй пра нарачанскі касцёл.
Аўтар: Адміністратар