Зерне, пасеянае дзесяць год таму, або Моц і сіла малітвы
Моладзь нарачанскай парафіі, якая ўтварыла “Маргарытку” за біскупа Юрыя Касабуцкага, 25 студзеня ў Мінску віншавала Яго Эксцэленцыю ад імя ўсіх нарачанцаўі запрасіла на святкаванне 110-годдзя касцёла, якое будзе адзначацца ў гэтым годзе.
Ваша Эксцэленцыя, паважаны біскуп Юрый!
“Будзе біскупам! Гэты ксёндз абавязкова будзе біскупам!”– у адзін голас усклікалі нарачанцы, убачыўшы, як шчодара Бог адарыў Вас сваімі ласкамі, і зачараваныя Вашай асобай у цяпер ужо далёкім 2004 годзе. Тады яшчэ ксёндз Юрый Касабуцкі перад стогадовым юбілеем касцёла прыехаў у Нарач праводзіць першыя ў пасляваеннай гісторыі парафіі Святыя місіі.
Сэрцы вернікаў нарачанскай парафіі, высушаныя доўгімі гадамі пераследу рэлігіі, як спякотная пустыня чакае кропель дажджу, чакалі слоў праўды пра тое, што сэнс свайго існавання чалавек можа аднайсці толькі ў Богу.
І Вы пралівалі гэтыя словы на скамянелыя чалавечыя душы, пралівалі шчодра, дарэшты.
Тыдзень Святых місій, які нарачанцы правялі з Вамі, быў сапраўды благаслаўлёным часам для нашай парафіі: навяртанні, доўгія чэргі да канфесіяналаў, Місійны крыж з добрымі пастановамі, 264 вернікі, якія з рук святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка прынялі Сакрамэнт Бежмавання.
Паважаны біскуп Юрый!
Тое зерне, якое Вы пасеялі 10 год таму, сёння дае свае чарговыя ўсходы, бо мы па прыкладзе Святой Монікі, якая ведала МОЦ і СІЛУ малітвы і пра якую Вы некалі расказалі нарачанцам, хочам уручыць Вам падарунак – “Маргарытку”.
Моладзь нарачанскай парафіі склала абяцанне вечнай малітвы, каб выпрошваць для Вас ласку трываць у Хрысце, усё больш узрастаючы ў Яго Любові.
Сімвалічна тое, што гэты год юбілейны для вернікаў нашай парафіі: нарачанцы будуць адзначаць 110-годдзе любага сэрцу касцёла.
Разам з віншаваннямі мы прывезлі запрашэнне ад усіх вернікаў парафіі і моладзі, якая рыхтуецца да прыняцця Сакрамэнту Бежмавання, раздзяліць з намі радасць гэтай падзеі.
Гэты ксёндз СТАЎ біскупам!
І хочацца спадзявацца, што хутка мы Вас убачым у Нарачы!!!