Самы каштоўны падарунак
На біскупскае пасвячэнне моладзь нарачанскай парафіі падрыхтавала біскупу намінату Юрыю Касабуцкаму ў падарунак “Маргарытку”. Сёння сямёра маладых людзей пасля Святой Імшы ўрачыста склалі абяцанне вечнай малітвы за будучага дапаможнага біскупа архідыяцэзіі.
На парозе Года малітвы, які распачаўся ў касцёле, натхнёныя прыкладам старэйшага пакалення, якое ўжо на працягу многіх год актыўна ўдзельнічае ў апостальскім малітоўным руху “Маргарытка”, нарачанскія хлопцы і дзяўчаты, якія ў гэтым годзе прымуць Сакрамэнт Бежмавання, вырашылі ахінуць сваёй малітоўнай апекай чалавека, якому Божы Провід даручыў быць пастырам католікаў Беларусі.
Асоба біскупа наміната Юрыя Касабуцкага добра вядомая вернікам нарачанскай парафіі, бо ў 2004 годзе перад святкаваннем стогадовага юбілею касцёла тады яшчэ ксёндз Юрый Касабуцкі праводзіў першыя ў пасляваеннай гісторыі парафіі Святыя місіі. Цэлы тыдзень ксёндз Юрый быў з нарачанцамі, і яго палюбілі як дарослыя, так і дзеці за шчырасць, адкрытасць, дабрыню, жарты. А місійныя казанні ксяндза Юрыя растапілі лёд не аднаго закамянелага сэрца, і вернікі ўспамінаюць іх яшчэ і цяпер, хоць пасля місій прайшло ўжо дзесяць год.
Калі напрыканцы Святых місій ля касцёла ўстанаўлівалі місійны крыж, ксёндз Юрый прапанаваў нарачанцам зрабіць добрыя пастановы, напісаць іх на паперцы і скласці пад крыж.
- Будзеце ісці каля крыжа, глянеце на яго, успомніце і мяне.
У гэтым годзе вернікі будуць адзначаць 110-годдзе кансэкрацыі нарачанскай святыні. Хочацца верыць, што радасць гэтай падзеі з нарачанцамі раздзеліць біскуп Юрый Касабуцкі і яны зноў убачаць яго ўсмешку і пачуюць мудрыя і пранікнёныя словы.
Ну а запрашэнне ад нарачанцаў на святкаванне 110-годдзя касцёла біскупу Юрыю разам з пажаданнямі плённага служэння Касцёлу на Беларусі 25 студзеня ў Мінск павязе нарачанская моладзь, якая цяпер праз малітву духоўна злучана са сваім біскупам назаўсёды.







![[X]](https://naracz.by/wp-content/themes/naracz/css/close.png)