Добрыя ўчынкі – дарога да Дзіцяткі Езуса
У нашай парафіі ўжо стала добрай традыцыяй, што падчас Адвэнту дзеці робяць добрыя ўчынкі і ахвяруюць іх маленькаму Езусу. Кожную нядзелю Адвэнту на Святую Імшу малыя парафіяне прыходзяць з сэрцамі, на якіх запісаны добрыя ўчынкі, і прыносяць іх у дар Езусу. Пасля гэтымі сэрцамі ўпрыгожваецца ёлка, якая ў касцёльнай батлейцы стаіць найбліжэй да ясляў.
І яшчэ адна добрая традыцыя існуе ў нашай парафіі: падчас Адвэнтусем’і нашай парафіі наведваюць сведкі Божага нараджэння. Успомнім, хто быў сведкам нараджэння Езуса? Правільна: вол, авечка, асёл, карова. І вось гэтыя сведкі Божага нараджэння (вялікія мяккія цацкі) ідуць у дамы нашых парафіянаў, каб паназіраць, як дзеткі робяць добрыя ўчынкі для Езуса, а потым праз тыдзень вярнуцца ў касцёл, расказаць усім, што бачылі, і пайсці ў іншую сям’ю.За некалькі год сям’я мяккіх цацак у парафіі вырасла. Акрамя традыцыйнай каровы і авечкі, ёсць і віславухі заяц, і сімпатычны мішка, і дабрадушны сабака.
Трэба бачыць, з якім хваляваннем дзеці ў канцы Святой Імшы чакаюць лёсавання сэрцаў з добрымі ўчынкамі. Да каго пойдзе такі незвычайны госць? Хто з іх стане героем тыдня ў парафіі?
І нас, дарослых, сэрцы з добрымі ўчынкамі прымушаюць задумацца: а з чым ідзём да святаў Божага нараджэння мы?
Аўтар: Адміністратар