Сяброўства з Марыяй на ўсё жыццё
Дзеці і моладзь нарачанскай парафіі за ўдзел у Ружанцовым набажэнстве атрымалі цудоўны падарунак: пілігрымку па касцёлах Мядзельшчыны.
У нашай парафіі ўжо стала добрай традыцыяй, што ў кастрычніку, калі Касцёл ушаноўвае Марыю, молячыся на Ружанцы, дзеці і моладзь на працягу месяца кожны дзень перад вячэрняй Святой Імшой прыхадзілі у касцёл, каб памаліцца Ружанец. Гэту малітву маладыя нарачанцы правадзілі самі, даручаючы заступніцтву Марыі не толькі ўласныя інтэнцыі, а і інтэнцыі паўсюднага Касцёла.
Пілігрымка маладых нарачанцаў па касцёлах Мядзельшчыны была працягам знаёмства-сяброўства з Марыяй. Маці Божая Снежная і Нястомнай Дапамогі, якая завітала да нас з Рыма, Маці Божая Вастрабрамская, жаданая госця з Вільні – цікавы аповед экскурсавода прымушаў з заміраннем сэрца слухаць гісторыю з’яўлення абразоў канстанцінаўскага і шэметаўскага касцёлаў.
Не магла не захапіць маладых пілігрымаў і гісторыя свірскага касцёла, у якім некалі быў філіял завода. Руіны засвірскага кляштара кармэлітаў, унікальныя вітражы і фрэскі шэметаўскага касцёла – усё гэта было далучэннем да багатага духоўнага скарбу нашых продкаў і пакінула глыбокі след у маладых душах.
Напрыканцы пілігрымкі быў праведзены конкурс біблійных ведаў, за ўдзел у якім кожны атрымаў прызы і салодкі пачастунак.
Хочацца верыць, што сяброўства маладых нарачанцаў з Марыяй, якое пачалося ў дзяцінстве, працягнецца ўсё жыццё.