З Нарачы ў Будслаў пешкі ідуць пілігрымы з усіх дыяцэзій Беларусі
3 ліпеня ад касцёла святога Андрэя, апостала, у Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) выйшла 27-я пешая пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Яе ўдзельнікі на працягу ўсёй дарогі ідуць па тэрыторыі аднаго дэканату. Іх шлях пралягае па берагах прыгожых азёраў Мядзельшчыны, у тым ліку самага вялікага возера ў Беларусі — непаўторнай Нарачы.
Вядуць пілігрымку айцы кармэліты босыя Пётр Фарына OCD і Павел Герман OCD, якія нясуць служэнне ў нарацкай парафіі.
Перад дарогаю пілігрымы сабраліся ў касцёле святога Андрэя, апостала, на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі.
У прамоўленай гаміліі святар заахвоціў пілігрымаў даручыць свой жыццёвы шлях апецы Найсвяцейшага Сэрца Езуса і матчынаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі.
На заканчэнне Імшы пробашч нарацкай парафіі айцец Павел Ляліта OCD пажадаў удзельнікам добрай дарогі і сам праводзіў іх некалькі кіламетраў. Перад выхадам пілігрымаў у святыні благаславіў і акрапіў асвячонаю вадою айцец Павел Герман.
Сёлетняя пілігрымка Нарач–Будслаў сабрала каля 150-і ўдзельнікаў з усіх дыяцэзій Беларусі.
Пераважная большасць з іх паходзіць з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, вялікая група пілігрымаў прыбыла з Брэста (Пінская дыяцэзія), а таксама далучыліся прадстаўнікі суседніх парафій з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій.
Многія ідуць у пілігрымку з Нарачы да Маці Божай Будслаўскай не ўпершыню.
Нават двухгадовая Агатка з Нарачы ідзе са сваёй матуляй (а дакладней, едзе на дзіцячым роварчыку) ужо ў другі раз.
Акрамя яе, сярод пілігрымаў ёсць нямала іншых дзяцей з бацькамі, якім вельмі даспадобы такая незвычайная прыгода.
Першы прапынак-прывал — на беразе Нарачы, каля павароту на вёску Сіманы. Калісьці яе жыхары сустракалі пілігрымаў, частуючы іх смачнай сцюдзйнай вадой са студні.
І сёлета дзве пажылыя вяскоўкі выйшлі насустрач пілігрымцы, каб проста прывітаць вандроўнікаў і разам з імі скіраваць Маці Божай свае малітоўныя інтэнцыі.
Першую ноч пілігрымы начавалі ў гасцінным кляштары айцоў кармэлітаў босых у Мядзелі, а раніцай другога дня дарогі, памаліўшыся, пад невялікім дожджыкам рушылі ў далейшы шлях.
З малітвамі і спевамі яны прыйдуць заўтра ў Будслаў, успамінаючы пра тое, як у мінулым годзе да Маці Божай Будслаўскай разам з імі ў Нацыянальны санктуарый увайшоў Легат Папы Францішка кардынал Клаўдыё Гуджэроцці з павязаным адметным жоўтым шалікам нарачанскага пілігрыма.
Паводле Catholic.by. Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень
Аўтар: Адміністратар