Дэканальнае моладзевае спатканне ў Нарачы
30 лістапада ў нашай парафіі адбудзецца дэканальнае моладзевае спатканне “Андрэйкі”, на якім як падрыхтоўка да 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтка, які будзе адзначацца ў 2014 годзе, будзе праведзены конкурс ведаў пра жыццёвы шлях першага беларускага кардынала.
Запрашаць на “Андрэйкі” гасцей з суседніх парафій для нарачанцаў даўно стала добрай традыцыяй. Але ў мінулым годзе было вырашана правесці дэканальнае спатканне моладзі перад пачаткам Адвэнту. На гэтым спатканні, акрамя гульняў і забаў, быў праведзены конкурс ведаў “Касцёл і Другі Ватыканскі Сабор”, у якім прынялі ўдзел 102 чалавекі.
Сёлета конкурс ведаў будзе прысвечаны асобе кардынала Казіміра Свёнтка.
Для маладых нарачанцаў гэты конкурс будзе першым этапам духоўнай падрыхтоўкі да 100-годдзя з дня нараджэння першага беларускага кардынала.
Пры правядзенні тэматычных катэхэз для падрыхтоўкі да конкурсу будуць выкарыстаны матэрыялы дыпломнай работы нашай парафіянкі Ірыны Жалубоўскай, выпускніцы Цэнтра падрыхтоўкі катэхэтаў “Уплыў асобы кардынала Казіміра Свёнтка на ўмацаванне веры і духоўнасці вернікаў на прыкладзе нарачанскай парафіі.”
Аўтар: Адміністратар