Да 35-годдзя пачатку Пантыфікату Вялікага Папы
Сёння, 16 кастрычніка, каталіцкі свет адзначае 35 гадавіну пачатку Пантыфікату Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. У нашай парафіі з нагоды гэтай падзеі ў 17.45 адбыўся Ружанец, падрыхтаваны на аснове разважанняў Вялікага Папы, а пасля Святой Імшы ў 18.30 – працэсія і малітва ля помніка Благаслаўлёнаму Яну Паўлу ІІ. У гэты дзень роўна пяць год таму ля нарачанскага касцёла Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам быў асвечаны помнік Вялікаму Папу.
Ружанец з Благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ
Таямніца Хвалебная
Хвалебная таямніца ажыўляе надзею ў верных, дзякуючы якой яны, як Божы люд, могуць пілігрымаваць праз гісторыю. Пабуджае іх да адважнага сведчання пра радасную навіну, якая надае сэнс усяму іх жыццю.
1. Змёртвыхпаўстанне Езуса
Уваскрасенне Хрыста прынясло для ўсіх новую надзею: з тых часоў мець надзею не значыць чакаць таго, што павінна адбыцца, а значыць быць упэўненым у тым, што адбылося, таму што “Пан Уваскрос і жывы валадарыць”. Мы таксама пакліканыя, каб сустрэць Яго асабіста і стаць Яго вестунамі і сведкамі. “Уваскрос Хрыстус – Пан мой і надзея, ” – паўтараем гэтыя словы сёння, просячы Яго адвагі ў веры і вытрымкі ў добрым. Просім супакою – ласкі, якую Пан здабыў для нас праз Сваю смерць і ўваскрасенне.
2. Унебаўшэсце Хрыста
У Хрысце, які ўзыходзіць да неба, атрымлівае ўзвышэнне і людская натура, якая пастаўлена праваруч Бога, а вучні атрымліваюць наказ евангелізаваць свет. Больш таго, Хрыстус, узыходзячы на неба, не адыходзіць з зямлі, але ўкрываецца ў асобе кожнага чалавека, а асабліва ў самых няшчасных – хворых, бедных, самотных і тых, каго пераследуюць.
3. Спасланне Духа Святога
“Усе яны сумесна трывалі на малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі..” (Дз1,14) Сёння гэту сцэну маем перад вачыма. Яна актуальная і ў сучаснай рэальнасці. Усе разам, святары і вернікі, скіроўваюць на малітве свае позіркі на Найсвяцейшую Панну, паслухмяную Кіраўніцу першай хрысціянскай супольнасці, заданнем якой было несці Святло Евангелля аж да краю зямлі і да сканчэння гісторыя чалавецтва.
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Унебаўзяцце Марыі паказвае нам вялікую вартасць і годнасць чалавечага цела. Перад тварам апаганьвання і дэградацыі, асабліва жаночага цела, якое так часта сустракаецца ў сучасным грамадстве, таямніца Унебаўзяцця гаворыць нам пра асаблівае прызначэнне і годнасць кожнага чалавечага цела, якое паклікана Богам, каб стаць крыніцаю Святасці і атрымаць удзел у Яго хвале. Углядаючыся ў Марыю, хрысціянін вучыцца адкрываць годнасць уласнага цела і сцерагчы яго, як Святыню Пана, якая чакае ўваскрашэння.
5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі на Каралеву неба і зямлі.
Хрысціянін углядаецца з даверам у Марыю, Каралеву. Гэта не толькі не змяншае, але яшчэ мацней павялічвае сыноўні давер Той, якая з’яўляецца Маці кожнага чалавека. Хвалебны стан Марыі не аддаляе Яе ад нас, але дае магчымасць Ёй быць заўсёды блізка да людзей і атуляць сваёй апекай. Марыя ведае пра ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці і падтрымлівае нас мацярынскай любоўю ў жыццёвых выпрабаваннях. Узятая да хвалы нябёс, Марыя прысвячае Сябе поўнасцю справе збаўлення, каб мець магчымасць адарыць кожнага чалавека шчасцем.
Ружанцовыя разважанні падрыхтавала Трапачова Яўгенія
Аўтар: Адміністратар