Прапануем увазе наведвальнікаў нашага сайта разважанне над Радаснымі таямніцамі Ружанца паводле ксяндза Яна Твардоўскага:

Разважанні Радаснай таямніцы Святога  Ружанца паводле ксяндза Яна Твардоўскага.

Ружанцовая  малітва з’яўляецца складанай і адначасова лёгкай, цікавай і ў той жа час  часамі нам  выдаецца нуднай,  з’яўляецца вельмі  мудрай, хаця некаторыя сцвярджаюць, што яна бессэнсoўная, бо ўсцяж паўтараецца ўсё  тое ж самае. Але і ў нашым жыцці штодня паўтараецца ўсё тое ж самае, шэрае і аднастайнае: тые самыя людзі, тые самыя абавязкі, тыя самыя справы. Але гэта штодзённае і манатоннае жыццё вельмі важнае, бо ў ім здзяйсняюцца Божыя таямніцы: неаднойчы перад намі з’яўляецца анёл, можа , не ў белі і без   вялікіх махнатых крылаў, але ў кніжцы, якую чытаем, ці лісце, які атрымалі ад сябра, выпадковага чалавека, якога  сустрэнем на вуліцы ці ў касцёле, Бог можа нагадаць нам пра наша пакліканне. Мы ўсе пакліканы да святасці. Ці памятаем мы пра сваё пакліканне і як мы яго выконваем? Сэрцам Ружанца з’яўляецца  ўважлівае ўслухоўванне ў голас свайго паклікання, каб у кожную хвіліну мы маглі сказаць: Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго Слова!

Часам нас  наведае сама Маці Божая, хтосьці нам дасць абразок Маці Божай Вастрабрамскай ці Чэнстахоўскай. У штодзённым жыцці мусім ахвяраваць Пану Богу не толькі 2 галубкоў, але і тое, што найцяжэй адарваць ад сябе – сваё “я”. Часам праз свой эгаізм  губляем Езуса і знаходзім Яго не праз 3 дні, а праз некалькі год.

Ружанец – гэта малітва самых простых людзей, змучаных, хворых, церпячых, пакрыўджаных, якія хапаюцца бездапаможнымі рукамі за пацеркі, як за спадніцу Маці Божай, і як дзеці чакаюць ад Яе  мацярынскай дапамогі. Шматразова паўтараючы Яе імя і  імя Яе Сына, нават таго не разумеючы, незаўважна  наследуюць іх  цноты: паслухмянасць, пакору, цярплівасць, сціпласць.

Мне здаецца, што найвялікшай цярплівасці і пакоры нас вучыць менавіта Ружанец. Можна параўнаць малітву на Ружанцы з тканнем палатна, дзе трэба перабіраць адну нітку за другой, трэцюю за чацвёртай, пятую за шостай, нельга ткаць пятую праз дзясятую… І плёнам гэтай нуднай і манатоннай працы  з’яўляецца цудоўнае палатно, якім узімку, калі холадна , можна  сагрэцца, можна пакласці на стол, можна  захінуць у яго хлеб, каб не счарсцвеў. Вялікая цнота цярплівасці робіць вялікія справы, менавіта дзякуючы ёй, трывае святарскае, манаскае, сужанскае пакліканне.У штодзённасці цнота цярплівасці вырашае  шматлікія жыццёвыя цяжкасці, бо дапамагае нават у самым найгоршым і найстрашнейшым  чалавеку ўбачыць штосьці добрае і мілае. Але, што зрабіць з ворагам? Павесіць яго? Скінуць з 9 паверха ці паставіць яму падножку, каб выбіў сабе  зубы? Трэба зрабіць яго сваім сябрам. І гэта вымагае вельмі  вялікай цярплівасці і любові . У кожным з нас ёсць штосьці добрае і Божае, толькі праз нашу нецярплівасць мы гэтага не заўважаем. Св.Тэрэзка вучыла, што сапраўдная любоў нікога ніколі не выключае са сваёй добразычлівасці, каб быць такою, яна патрабуе моцнай апоры ў Божай любові і павінна браць пачатак у ёй, толькі тады чалавек зможа ўсміхацца да іншага, калі не мае на гэта аніякай ахвоты, або  распачаць з ім цяжкую размову, калі ўсё адштурхоўвае ад яго і менавіта такая любоў значыць больш, чым самае страшнае мучаніцтва.

Менавіта такой любові і такой  цярплівасці нас вучыць частая малітва на Ружанцы, трымаючыся адной ці другой пацеркі з ружанца , мы стала трымаемся нябачнай рукі Марыі і вечна актуальнай жывой малітвы, якая вучыць нас Божай Любові і цярплівасці, напаўняе нас супакоем і здольная цудоўным  і неверагодным чынам рабіць вялікія перамены  ў душы таго, за каго мы молімся.

Таямніца першая: Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі .

Свята Божае і чалавечае.

Падчас святкавання ўрачыстасці Звеставання  Пана мы бачым  малодзенькую Дзяўчыну, анёла Пана і найчасцей таксама  бачым Божае  Нараджэнне , але яшчэ  без   зорачкі, пастушкоў і мудрацоў.Усё гэта свята запісана   у  Радаснай таямніцы  Ружанца  нібы  на  магнітафоннай  плёнцы. Літургія  называе гэта  свята Звеставаннем  Пана,  а не Звеставаннем Найсвяцейшай Марыі, падкрэсліваючы гэтым  ВЕЛІЧ БОГА , які  дзейнічае  ў свеце  праз  анёлаў і людзей.

Звеставанне – гэта свята Бога, Анёла і чалавека.

Гэта свята  Анёла, бо  на хвіліну  Анёл пакідае херувімаў і серафімаў і ўсе  па чарзе  каралеўскія троны і прыходзіць з візітам ў  чалавечае   памяшканне .

Гэта свята  чалавека, бо Бог  прыходзіць на  свет як  звычайны  Чалавек, як  маленькі хлопчык.

Гэта свята чалавечай  душы, пачуцця яе велічы, захаплення і неспакою, душы, якая  ўсцяж  мусіць  быць  гатовая на прыняцце Пана Бога, які прыходзіць у розных постацях да чалавека.

Гэта свята чалавечай малітвы , якая з’яўляецца размовай з самым Богам.

Гэта свята чалавечай надзеі , бо ў кожную хвіліну можам сустрэцца з Анёлам.

Гэта свята ўсіх чалавечых душ, якія сябе і сваё жыццё прысвяцілі Пану Богу, ахвяравалі  свой  час і жаданні і мусяць выканаць усё, чаго Ён ў  іх папросіць.

Марыя  адказвае анёлу : “Няхай мне  станецца паводле Твайго Слова!”, няхай  і ў нашым  жыцці ўсё  будзе  так  , як гэтага  жадае  сам Бог. Душа чалавека са сваім захапленнем і неспакоем, становіцца  памяшканнем самога Бога, калі здолее  адказаць: Няхай мне станецца паводле Твайго слова!”

Згубіць  сваё “ я”.

У польскім і беларускім перакладзе адказ Марыі на Анёльскае прывітанне гучыць так: “ Вось я , слуга Пана.”, падкрэсліваючы  займеннік   “я “, выдзяляючы , што менавіта яна з’яўляецца  выбранай слугой Пана.

А лацінскі тэкст гучыць без  “я”: “Вось слуга Пана.” Урокам ахвяры кожнага паклікання з’яўляецца тое, што чалавек з’яўляецца адным са слугаў і нават не падкрэслівае, што служыць, каб так было трэба, каб чалавечае “я” памерла, знікла, стала ананімным і безасабовым. Не раз  бывае, што  чалавек  цалкам усё жыццё , усе сілы  аддае  Пану  Богу, але  ніяк не  патрафіць  аддаць Яму  сваё “я”. І адсюль усе пакуты: чалавек заўсёды  пакрыўджаны , стомлены і разбіты, заўсёды  заўважае штосьці дрэннае, заўсёды  нехта  яго не  разумее. А калі служыць іншаму , дык  падкрэслівае : вось я  цалкам аддаю  сваё жыццё ў ахвяру з любові да Бога. Таму  так  моцна  чалавек  патрабуе   знішчыць  сваё “я” ў цяжкім змаганні са сваімі амбіцыямі і пыхай. Таму  вельмі  падабаецца мне  лацінскі  тэкст, у якім “я” адсутнічае. Гэта  нават  павялічвае  веліч  Маці Божай: так, яна была  адной  са  слуг  Пана і была  такая пакорная , што  нашае  сэрца   здабывае Яе і адкрывае з  укрыцця. Яна  была  ўкрытая і схаваная , каб, як  адной  з  многіх, служыць пану Богу, а не выдзяляць  сябе  на  першы план, што яна ў адрозненне ад іншых была больш паслухмянай, лепшай і пакорнай.

Вельмі важна, калі пачынаем  служыць Пану Богу, маліцца, каб памерла і знікла ўшчэнт  нашае “я”.

Не бойся!

25 сакавіка – гэта дзень  паклікання  Маці Божай, але гэта  свята  і кожнага  святара, законнай  асобы, кожнай  маці, настаўніка, урача, кожнга, хто  адшукаў  сваё пакліканне і  дасканала  яго  выконвае, вучачыся  вернасці і пакоры ў Божай Маці.

На прыканцы  разважанняў  пра  Звеставанне  добра  ўзгадаць не толькі словы Марыі, запісаныя праз Св.Луку ў Евангеллі, але і словы анёла: “Дух Святы сыдзе на цябе і МОЦ НАЙВЫШЭЙШАГА АХІНЕ ЦЯБЕ”, “ПАН З ТАБОЮ”, “ НЕ  БОЙСЯ”.

Маці Божая жыла ў жахлівыя  часы,  магла б  наракаць на Пілата, Ірада, Цэзара. Але гэта  было зусім не  важным. Найважнейшым было тое, што Анёл размаўляў з Ёй і што Духам Святым быў зачаты Езус.

Сёння  мы  таксама  любім  паўтараць, што цяжкія  часы, што  ўсё кепска.Усцяж наракаем і наракаем. Але не гэта  САМАЕ ВАЖНАЕ. Важна  тое, што сустракаемся  з Божай  ласкай.

Кожны  дзень, каб умацоўвацца ў веры і напаўняцца Духам Божым,  трэба  свядома  і трывала  паўтараць словы з Евангелля :

МОЦ НАЙВЫШЭЙШАГА АХІНЕ ЦЯБЕ, “ПАН З ТАБОЮ”, “ НЕ  БОЙСЯ”.

Таямніца другая: Адведзіны Паннай Марыяй Святой Альжбеты

Дзве веры.

Ці  ж урачыстасць Адведзінаў Паннай Марыяй Святой  Альжбеты  нельга назваць  святам веры Маці Божай.

Альжбета  была  нясціплай  цёткай і адразу  нам  выявіла, раскрыла  таямніцу веры Марыі адным  толькі  кароценькім сказам. Яна не сказала  Марыі: “ Ты благаслаўлёная, шчаслівая, бо споўніцца ўсё , аб чым ты марыла, што табе  здавалася  важным і патрэбным, здейсніцца ўсё , чаго ты сама  хацела  для  свайго Сына  і для сябе ”.

А Альжбета  сказала: І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае ЁйПанам

Альжбета паказала нам веру Маці Божай як  поўнае  адданне сябе  ў  распаражэнне Пана Бога: патрэбным і важным заўсёды з’яўляецца   толькі  тое, чаго хоча Бог.

Мабыць, існуюць дзве веры: адна  вера  тая, якая верыць , што збудзецца тое, чаго мы жадаем, чаго прагнем і просім, і другая вера- сапраўдная, Божая.

Адна знаёмая распавядала, што  збудзецца  абавязкова тое, аб чым яна марыць, бо яна трывае ўжо доўга ў малітве і просіць моцна аб гэтым. Верыць, што  яе сужэнства будзе шчаслівым,  што яна ніколі не застанецца адна ў самоце, усе спадзяванні, якія ўкладае ў дзяцей, спраўдзяцца. Маці Божая не верыла такім чынам, яе вера была іншай:  абапіралася цалкам на Божую волю, яна не спадзявалася  на  тое, што калі  будзе шчыра  маліцца , то Святы  Юзаф  знойдзе ўтульную і цёплую кватэру ў Бэтлееме, Ірад не будзе  забіваць немаўлят і – калі на каленях  вымаліць –  Яе Сына  абміне   Вялікай Пятніца.

Як часта мы верым  менавіта такой верай і потым  балюча кусаем локці, што Бог  маўчыць, не адказвае нам на нашы малітвы, не выконвае таго, што–верачы і давяраючы Богу- дыктуем Ямумысамі , падказваючы , што Ён  МУСІЦЬ РАБІЦЬ,  ЯКІМ ЧЫНАМ І З ЯКОЙ ХУТКАСЦЮ.

Праўдзівая вера верыць у тое, што спаўніцца ўсё, чаго жадае Бог. А верная і трывалая  малітва дапамагае нам духоўна сталець, узрастацьі ўмацоўвацца ў веры, каб прымаць усе падзеі з супакоем і пакорай у душы.

Але што  тады азначаюць гэтыя словы :

“ Прасіце–і атрымаеце, стукайце- і вам будзе адчынена”

Можна толькі аб адным прасіць і аднаго  шукаць: каб у нашым жыцці споўнілася Божая воля, каб мы толькі  не сапсавалі  прыгожага Божага  сцэнарыя нашага жыцця. Колькі б вялікіх і прыгожых  рэчаў здзейснілася б праз  нас у жыцці, калі б мы з верай  аддалі сябе  цалкам у распараджэнне  Пана Бога , давяраючы Яму весці нас за руку ва ўсе моманты жыцця, бо Ён  заўсёды найлепшым чынам вядзе нас па жыцці, нават і тады,калі вядзе нас праз хваробу ці самотнасць, бо праз цярпенне мы дарастаем да мудрасці, каб  глядзець Божымі вачыма на  ўсе падзеі, з якімі мы сустракаемся.

Таямніца трэцяя: Нараджэнне Езуса ў Бэтлеемскай стайні.

Самотны сярод нас.

Калі чытаем у Евангеллі, што ў часы нараджэння  Езуса  не  знайшлося  месца ў  бэтлеемскіх  гасцініцах і дамах,  думаем  з  жалем пра  негасцінных бэтлеемскіх жыхароў. А калі  ідзе  гаворка пра нас , святкуючых  чарговае  свята Божага  нараджэнне, ці умееем падрыхтаваць  Езусу месца ў нашым жыцці?

Ці знойдзецца  Яму  хоць маленькі куточак? Часам  так  змучаемся  падрыхтоўкай  да  свята, прыбіраннем  кватэры, фаршыраваннем   рыбы ці індыка, выпяканнем  печыва, падпісваннем  паштовак і пакаваннем  падарункаў, што, святкуючы  свята  Божага  нараджэння, зусім не  маем  часу  для  самога Пана Езуса.  Віншуючы  адзін  аднаго,  жадаем  шчасця  і поспехаў, маючы на ўвазе  новую  кватэру  з  гаражом і  новай машынай. Думаем  пра ўтульны  дом,  у якім  калісьці Езусу  не хапіла  месца.

Але неаднойчы і сапраўды  маем  для  Яго   час і шмат молімся,  але  ніяк не  ўмеем прыняць  Яго з Ягоным сцэнарыем і вымаганнямі, з якімі Ён да нас прыходзіць. І ў выніку так як і ў  бэтлеемскія  часы, Езус самотны і пакінуты сярод нас і  сярод ўпрыгожанага  і ззяючага наваколля.

хххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххх

Чаму   апоўначы цэлебруецца Святая Імша, Пастэрка?

Каб мы нарэшце знайшлі для Пана Езуса трошку  свайго часу, не апраўдваючыся, што справы, справы…. Каб задумаліся  пра  само свята Божага нараджэння, пачалі маліцца, прынялі Езуса  такім, якім да нас прыходзіць: з усімі вымаганнямі, якія нам ставіць. Каб адаравалі Бога, які стаў  Чалавекам, для таго,  каб выканаць Божую волю, каб нас  вызваліць ад роспачы і горычы,  вучачы  нас, што   неўзаемнае  каханне, цярпенне нявінных, невылечныя хваробы  і смерць  маюць  свой  вялікі  таямнічы  сэнс.

Вельмі шмат  людзей у нас чагосьці просяць. Нас  акружае вялікая колькасць бедных, патрабуючых і церпячых. Калі  мы  штосьці  ім  даём – даём гэта Езусу. Калі дапамагаем людзям, якія  да нас  прыходзяць і звяртаюцца, мы ў іх прымаем  Езуса. Ці здолеем ва ўсіх  людзях: бедных, самотных, хворых,нешчаслівых, –убачыць  Езуса, які прагне нашай увагі, часу і любові? Стварыўшы 6 мільярдаў людзей,  Ён усцяж самотны. Ці здолеем мы здаволіць  прагу ЯГО любові? Ці здолеем працягнуць руку дапамогі і позірк любові?

Калі ідзе  гаворка пра нас, людзей, то чалавек такі малы і нязначны. І  так мы баімся  сваёй нязначнасці, што толькі і прагнем  быць  вялікімі і важнымі. Хочам апранацца ў  рознакаляровыя каралеўскія шаты, якія  дадаюць важнасці і самаўпэўненасці. Думаем пра свае вялікія дзеянні, пра свае ўчынкі, якія ўражваюць людзей, у той час , калі найвялікшым для Бога з’яўляецца адзін акт пакоры і паслухмяннасці. Бог  такі  вялікі, што кожная наша чалавечая  веліч  для  Яго – нішто. Але  адначасова  ў  сваёй  бязмернай  велічы ў тым, што найменшае, нябачнае і пакорнае  Ён ўкрываецца цалкам ва ўсёй сваёй Боскай велічы і  бясконцасці.

хххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххх

Ён  аб’явіўся не ў народзе з  вялікай бліскучай  культурай і традыцыямі, але ў простым народзе пастухоў. Аб’явіўся не знаўцам Святога Пісання, якія ўжо мелі гатовыя ўяўленні пра Бога, але аб’явіўся  язычніцкім мудрацам з Усходу, якія  ўвогуле не    ведалі Бібліі і не мелі  ніякага  ўяўлення пра Бога.

Аб’явіўся  не ў шыкоўным палацы з прыгожымі фіранкамі, але ў стайні. Паказаў  зусім іншы  позірк  на Бога і зламаў стэрэатып людскіх каштоўнасцей і чалавечае  ўяўленне пра веліч Бога. Сэнс  аб’яўлення Езуса мудрацам з Усходу ляжыць у зразуменні таго, што ў самым найменшым, сціплым і простым крыецца сапраўдная веліч.  Мудрацы ўпалі ніц тварам на зямлю перад тым Богам, які ўсю сваю веліч патрафіў укрыць у Дзіцяці, самым сціплым і па-чалавечаму  самым маленькім. Дзеля  гэтага яны  пакінулі  сваё каралеўства. Адракліся ад сваіх  скарбаў. Магчыма, за  гэты  доўгі  час  вандроўкі іх увогуле  скінулі  з  трону? Можа, замест каралеўскіх  шатаў  ужо вярнуліся дадому у  зношаных, парваных  лахманах?

Можа і так. Але гэта ўсё няважна. Яны навучыліся  сапраўднай мудрасці. Зразумелі найважнейшае: убачыць веліч  пад парванымі лахманамі, не пхацца на высокі трон, не апранацца ў велічныя шаты,   але  ў кожны момант і з кожнага месца любіць як мага  мацней  кожнага без выключэння і ўсюды, дзе знаходзімся, служыць людзям.

Ці набліжаемся мы па-сапраўднаму да Пана Бога? Гэта значыць, ці  адыходзім ад сябе і свайго я? Ці ўмеем згубіць сваё я, каб глядзець на кожную сітуацыю з пазіцыі іншага і думаць, што ў гэтым выпадку патрэбна яму, а не мне?

Евангелле не кажа нічога пра тое, што было менавіта 3 мудрацы, гэта толькі традыцыя палічыла іх на трох пальцах. Мудрацоў значна больш!!! Усцяж нейкі новы прыходзіць, каб пакланіцца Езусу і вярнуцца дадому ўжо зусім іншым шляхам.

Таямніца  чацвёртаяАхвяраванне Хрыста ў святыні.

Адарацыя Сімеона.

Евангелле з урачыстасці Маці Божай Грамнічнай прыпамінае нам, напэўна,  першы запісаны тэкст адарацыі ўкрытага  і нябачнага Езуса  ў святыні. Я маю на ўвазе  старца Сімеона, які ўзяў  маленькага Езуса ў рукі і адараваў Бога:

«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,

паводле слова Твайго, у спакоі;

бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,

якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,

Святлодля асвятлення язычнікаў

і хвалу народу Твайго Ізраэля».

Я лічу, што Сімеон мог бы  вучыць  усіх нас  такой паставе:    адараваць Езуса  такім чынам заўсёды,  калі мы прымаем Святую Камунію. Ці ўсведамляем мы , што, як і старац Сімеон , у момант  прыняцця Камуніі  трымаем у сваёй душы Езуса і ўсю Яго моц? Ці ўмеем Яго лагодна прытуліць  і адараваць?

Можна,  кожны раз прымаючы Святую Камунію , маліцца словамі  старца Сімеона: “Цяперадпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі”. Цяпер.  Калі я  прымаю Цябе да свайго сэрца, калі з Табой сустракаюся , найважнейшым  з’яўляецца менавіта “ цяпер”. Увесь час  чагосьці чакаю. Заўсёды ўзвальваю на сябе свае і чужыя справы, клапоцячыся аб тым, што было, і думаючы аб тым, што будзе.Часта я сам сябе  трымаю  ў руках і сам сябе  ўзношу сваімі намаганнямі.У той час, калі найважнейшым  з’яўляецца менавіта гэты момант “ цяпер”, калі сустракаюся з Табой і калі тулю Цябе да свайго сэрца, калі прагну  затрымаць Цябе , каб заўсёды адчуваць Тваю блізкасць.

Ці не выпусцілі мы ўжо Езуса з рук? Ці не згубілі Яго? Ці ўмеем затрымаць Яго ў сваёй душы, каб  гэта адчуванне “ цяпер “ было ЗАЎСЁДЫ.

ЗАЎСЁДЫ , калі я сустракаюся з Табой ,Езу, прымаю Цябе ў сваё жыццё, гэта  азначае , што я мушу  быць унутрана  свабодным, вольным ад непатрэбных пачуццяў,  пазбаўленым  ад роспачы, смутку,  нікому непатрэбнай  маёй  доўгай драмы змагання  са злом і несправядлівасцю толькі  сваімі рукамі, ад  працяглага доказу ўсім навокал   сваёй дасканаласці і велічы.

Калі я з Табой, Ты робіш  мяне вольным, бо я прымаю Цябе не  як няўдачніка, скалечанага, пакрыўжанага, прайграўшага , а ХВАЛЕБНАГА і перамогшага  , які паўстаў з мёртвых, уваскрос і пазбаўляе  мяне ад  усяго, што  мяне  непакоіць і засмучае. Калі я так прымаю Цябе ў сваё сэрца і сваё жыццё, прытуляю да сябе, ахінаю Цябе абдымкамі сваёй душы, то магу  нават цяпер памерці, адысці ў вечнасць без страху.Можаш  мяне  забраць, а можаш і пакінуць  яшчэ тут. Я магу  пайсці РАЗАМ  з Табою нават у самае найстрашнейшае  чалавечае  пекла,  там дзе найгорш, дзе ўсе мне дакучаюць і пераследуюць, дзе хочуць знішчыць і растаптаць маю годнасць.Калі я з Табою, уваскрослым і хвалебным, то я ўсюды буду  ўнутрана вольным, бо мае  вочы, як і вочы  старца Сімеона, убачылі ўжо збаўленне і святло,  і мне няма чаго баяцца і засмучацца,бо той, хто стаіць на баку зла і змагаецца са мной, дакладна прайграе, бо сёння ўжо не стаіць дылема: хто пераможа. Зло пераможана, бо у самай найгоршай і найцяжэйшай сітуацыі, Езус захаваў веру ў Бога і вучыць нас зараз спакойным і лагодным позіркам глядзець на свет.

Калі мы прымаем Святую Камунію, то бачым , што Езус – гэта наша Збаўленне. Святая Камунія – гэта не ўзнагарода за добрую споведзь. Гэта не пачэплены  белы  ордэн   за  нашы  заслугі і дасканаласць. Гэта наша збаўленне, бо Ён  міласэрны,  схіліўся да нас і злітаваўся над намі. Мы ніколі не годныя такога вялікага  дару. Калі б мы толькі маглі ўсвядоміцьвеліч і  моц гэтага дару.

Калі я прымаю Езуса ў Святой Камуніі,  прымаю  збаўленне не толькі для сябе, але для ўсіх і мушу міласэрным  позіркам любові агарнуць усіх навокал сябе, ні над кім не ўзвышацца, не лічыць сябе лепшым за другіх, не  ставіць мяжы з тымі, хто побач і хто размаўляе на іншых мовах, нібы яны мне чужыя.Езус – збаўленне ўсіх, Той, які нас яднае ў адну  сям’ю.

Сімеон у Дзіцятку  ўбачыў не толькі  збаўленне, але Святло і хвалу .“Святлодля асвятлення язычнікаў  і хвалу народу Твайго Ізраэля”.

Езус, якога я прымаю ў Святой Камуніі, павінен быць і для мяне  не толькі  збаўленнем і хвалой, але таксама і Святлом для язычнікаў,  я павінен   выпраменьваць Яго Святло, каб  язычнікам несці Яго ЛЮБОЎ.

Увесь час мы шукаем новых  разважанняў, якія пачуем падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, часта паўтараем  шаблонныя і добра вядомыя з дзяцінства друкаваныя  акты  праслаўлення, просьбы і падзякі. Ёсць яшчэ адна малітва, самы перш  запісаны тэкст адарацыі маленькага і сціплага Дзіцяткі,укрытага ў святыні – гэта малітва Сімеона.

 

Як запаленная свечка….

Калі  губляемся ў патоку штучнага святла, узрушвае нас і прыцягвае   звычайнае, жывое ,сапраўднае  і гаючае святло, якое плыве  са свечкі.Не толькі святло і цяпло сплывае са свечцкі, але і полымя, так як вогненныя языкі падчас Пяцідзясятніцы ў Вячэрніку сплываюць у нашу душу, асвятляючы  яе.

У свята ахвяраванне Езуса, 2 лютага, ахвяры  нас  вучыць сама Маці Божая, якая паўстае  перад нашымі  вачыма і прамаўляе да нас: “ Рыхтуйся! Палюбі Божую волю, каб сам Пан Бог  кіраваў  сцежкамі твайго жыцця, нават  самым нечаканым і незразумелым  табе чынам”

На старажытных паштоўках малявалі Маці Божую як  запаленую грамнічную свечку,  якая  адганяе ваўкоў. Сёння  ваўкі  не набліжаюцца да  чалавечага жылля, але пагражаюць нам іншыя, можа, нават горшыя і страшнейшыя ад тых маляваных ваўкоў, якія выхадзілі з лесу. Папа Пій ХІІ казаў, што існуюць 2 вялікія пагрозы: атамная сіла і мана, якая змяншае праўду.

Увесь  час нас  вартуюць злыя ваўкі і нам так патрэбна  апека Маці Божай, якая ратуе нас ад усялякай небяспекі, і святло, якое  , сплываючы са свечкі , асвятляе ў нашай душы сцежкі да Бога.

Давайце будзем  пільна сцерагчы тое, што ў нас сапраўднае і аўтэнтычнае, нават  калі гэта  штосьці  такое сціплае і простае, як святло запаленай свечкі ў сённяшнім штучным свеце. Як гэта важна: сцерагчы веру ў Бога у сваім доме, у сваёй краіне. Якая гэта вялікая  справа,  каб не толькі ў сваім асяроддзі і ў сваёй краіне, але ва ўсім неспакойным свеце бараніць веру ў Бога і несці яе жывое святло.

 

Таямніца пятая.  ЕзусазнаходзяцьуЕрузалемскайсвятыні.

 

Ключ.

Адмаўляючы Радасную  таямніцу, прыйшла мне думка, што знаходжанне Езуса ў Ерузалемскай святыні не вельмі пасуе да іншых радасных таямніц, над якімі разважаем у пачатку. Тое , што Езус згубіўся падчас падарожжа з Ерусаліма да Назарэта, напэўна, вельмі занепакоіла і моцна ўстрывожыла Маці Божую, але і Яго знаходжанне  балючым водгукам  адбілася ў Яе душы. Маці, якая  доўга шукала сваё Дзіця , магла адчуць сябе вельмі самотнай, калі знайшоўшы Яго, Сын  Ёй сказаў, што не трэба было  яго шукаць, бо ён быў у  справах больш важных , чым яе пошукі.

Гэта радасная таямніца нагадвае мне больш урывак з Евангелля паводле Мацвея:

” Гора, вам кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце

кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці! Сляпы

фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да

пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці! Так і вы звонку здаяцеся людзям

справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.

І тут і там мы сустракаем Езуса ў асяроддзі дактароў, вучоных і  тэолагаў. Там, у Ерузалемскай святыні Езус  задаваў ім пытанні, а тут  кажа:“Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да

пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!”

Чаму Езус гневаўся на вучоных? Можа не цаніў іх ведаў?

Калі Бог стварыў Святога Тамаша з Аквіна і ўсіх прафесараў Акадэміі тэалогіі, дык, напэўна, Ён іх  патрабуе…

Пан Езус абураўся на тых, якія прысвоілі сабе веру і сцвярджалі, што толькі яны гэтыя веды маюць і ўсё разумеюць, а астатнія –  не,  лічачы, што ведаючы  і робячы так шмат для Бога, не маюць патрэбы ў пакаянні і навяртанні. І такім чынам, шмат  кажучы  пра Бога, згубілі да Яго  ключык.

Аднаму святару прысніўся жахлівы сон, што ён ў нядзелю згубіў  ключык ад табэрнакулюма  і не  мог  даць Святую Камунію і, каб  заблытаць людзей і адвесці ўвагу ад камуніі, пачаў казаць дагматычныя і апалагетычныя казанні на маральныя тэмы. Але  адчуваў  пустату і бессэнсоўнасць сваіх  слоў, бо людзі ў адзін голас пыталі, дзе ключык, каб  адкрыць табэрнакулюм і знайсці дарогу  да  Пана Бога.

ХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХХ

 

Баюся, што вучоныя могуць крытыкаваць  наш Ружанец, лічыць, што гэта малітва вельмі ўбогая, падобная да млынка які парамолвае механічна словы, якія паўтараем, але часта не разумеем, бо часта паўтараем іх неасэнсавана і з разважаннямі, над якімі ўвогуле  не разважаем. Мне выдаецца, што менавіта тады, калі адмаўляем Ружанец, знаходзім ключ да Пана Бога, ТРЫМАЕМСЯ ЯГО НЯБАЧНАЙ РУКІ. Ружанец – гэта ключ, які адмыкае нам дзверы табэрнакулюма. Калі мы можам адмаўляць Ружанец падчас хваробы, у роспачы, у цягніку, мыючы посуд,  гэта  азначае, што хоць у Ружанцы і ёсць словы і думкі да разважання, але ёсць у ім штосьці нашмат важнейшае за словы і разважанні:  моцнае-прымоцнае   трыманне самога Пана Бога.У гэтым заключаецца веліч  Ружанца – перакрочванне слоў і разважанняў.

Хто адмаўляе Ружанец, знаходзіць ключ да Пана Бога, бо  ўхапіўся за моцную і трывалую малітву, а самым  галоўным  у малітве лічыцца трыманне заўсёднае Пана Бога, нават калі б і не ведалі, што кажам, а разважаючы не разумелі, над чым разважаем. Адна знаёмая распавядала, што ўвесь час у шпіталі,калі не спала , адмаўляла Ружанец і разважала толькі аб адным, каб толькі не зваліцца з ложка. І ў гэтай найпрасцейшай малітве і празе маліцца, на маю думку, і заключаецца несмяротнасць гэтай малітвы і яе жывая актуальнасць. Сам факт трымання Бога, вернасці ў цемры , пастаяннага трывання  ёсць такі вялікі і важны,  што нічым нельга патлумачыць гэту  вялікую моц, якая плыве з Ружанца і лучыць чалавека з Богам.

Евангелле кажа пра тых, якія згубілі ключ да Пана Бога. Ружанец і ёсць той ключ, які адчыняе моцна зачыненыя дзверы да Езуса.

 

 

Згубіць  і знайсці.

Тое, што Езус застаўся  адзін у Ерусаліме і мог  спаць   аж  тры  ночы  разам  з жабракамі на  прыступках  храма , будучы маленькім  хлопцам,  задаваць пытанні дарослым прафесарам і ставіць  двойкі дактарам  тэалогіі , напэўна, для  Яго  гэта  была не  толькі  інтэлектуальная прыгода і  гэта не ёнзгубіўся.

Часта  гэты  ўрывак  з Евангелля    называюць: Езус згубіўся  ў Ерузаліме  ці Знаходжанне  Езуса.  Мабыць ,  гэты  ўрывак  з  Евангелля  было  б  лепш  назваць  самотнасць  Езуса  і  Згубленне Маці Божай  і Святога  Юзафа ,  якія  згубіліся  ў  тлуме і  па-за тлумам, бо ўсцяж  хацелі  вадзіць Езуса  за  ручку, бачыць  Яго  толькі  ў  святле  сваіх  чалавечых жаданняў.  Езус  быў  ім паслухмянны і вярнуўся  з  імі ў Назарэт, але перад гэтым ,як бы  запаліў  ім  чырвоны праменьчык, як лампадку перад табэрнакулюм:  Я не  толькі дзіця. Я – Бог!”

Пан Езус ёсць у нашым штодзённым жыцці заўсёды побач з намі, але зусім іншы, не такі , якім мы  яго   ўяўляем. Ён  Ёсць Богам! Бог, які з намі штосекундна і паўсюль. Але неаднаразова, мы Яго шукаем, як і Маці Божая,  сярод  родных, бачачы ў Ім багатага  дзядзю, які мусіць прысылаць нам пачкамі грошы, рабіць нам малыя і вялікія падарункі,  задавольваць нашы патрэбы, штораз  калі мы  да  яго  звяртаемся і просім, а тым часам Ён Бог, а не гандляр.

Мы заўсёды губляемся і не можам  сябе   знайсці тады, калі схапіўшы  аднойчы  Езуса  за  руку, прагнем  не  адпускаць Яго,  нахіляючы   Яго да нашых  уласных чалавечых  жаданняў і сваіх  жыццёвых прагненняў. Але  ён Бог! Ён  сам заўсёды  нас  знаходзіць і сам бярэ за  руку,  калі  мы просім і прагнем, каб Ён  САМ  нас вадзіў за  руку, дазваляючы Яму распараджацца нават нашымі жаданнямі і  ідучы  разам з Ім нават у Яго  самотнасць.

Ці здолеем???

Якім  чынам  мы  шукаем Езуса? Ці знаходзім? А можа,  увогуле з Ім   яшчэ ніколі  так і не сустрэліся па-сапраўднаму?

На працягу  ўсяго  зямнога  жыцця  Езуса не  ўсе жадаючыя  маглі  з Ім сустрэцца. Ён не меў  сталага  месца  жыхарства і не аднойчы  Яго пыталі: Дзе жывеш? Дзе Цябе можна  знайсці? Езус  перахадзіў  з  аднаго  месца  да  другога, быў у пустыні.Шукала  Яго Марыя  Магдалена, хананэйская жанчына, жанчына, якая пакутвала ад крывацёку, Закхей , Нікадзім і іншыя.

Таксама  і мы  шукаем Езуса. Дрэнна і сумна  нам  без Яго. Без Яго мы адчуваем сябе згубленымі, ніякімі, незразуметымі і непатрэбнымі.Шукаем Яго. Толькі знойдзем , а Ён зноў знікае. Прыходзім  да касцёла, каб з Ім сустрэцца, але часта губляем Яго ў цёплым, утульным і прыгожа прыбраным касцёле, а знаходзім Яго сярод  незнаёмага тлуму ці сярод тых, хто ўжо  даўно патрабуе і чакае  менавіта нас,  ці сустракаем Яго на марозе  з  адмарожаным носам, калі Ён патрабуе нашай дапамогі?

Чаму  так складана  сустрэцца з Езусам, хоць усё наша  жыццё  мы  як бы  свядома  шукаем  менавіта Яго??? Бо  вельмі  часта , шукаючы  Яго,  мы насамрэч  шукаем  сябе і свае  амбіцыі, апраўдваючыся, што адразу  трошку  пашукаю  сябе , а потым  і  Езуса знайду. Але жыццё і час хутка мінае , а  людзі як  хуткасныя цягнікі, ад’яжджаюць на той  свет, часта  нават і без  развітання, без  падання  рукі. Ужо  няма  так  шмат  людзей, якія  маліліся  з намі ў нашым  касцеле…

Запытаем сябе, ці здолеем  падрыхтавацца да сустрэчы з Езусам у Небе?

Ці здолеем, хоць  часткова заплаціць доўг?

Ці здолеем шчыра  расплакацца, шкадуючы за  свае грахі?

Ці здолеем казаць сваім самым блізкім пра свае пачуццці да іх?

Ці здолеем навучыцца па-сапраўднаму любіць адзін аднаго?

Ці здолеем паглядзець адзін аднаму ў вочы і сказаць тое, аб чым даўно крычыць сэрца?

Ці здолеем з  сябе  выкінуць сябе, каб было месца для Езуса?

Аўтар: Адміністратар