30 верасня, напярэдадні кармэліцкага свята і касцёльнага ўспаміну святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча, пры супольнасці і парафіі кармэлітаў босых у Мінску адбыўся сімпозіум з нагоды 150-й гадавіны нараджэння гэтай Святой, а таксама з нагоды 10-й гадавіны перэгрынацыі яе рэліквій у Беларусі.

Парадаксальна, што маладая кармэлітка босая, якая ніколі не пакідала кляўзуры кляштара, дзякуючы свайму духоўнамі запалу і любові да Бога, была абвешчана доктарам Паўсюднага Касцёла і Апякункай каталіцкай місіі. Дзякуючы яе “малой дарозе”, яе палюбіў увесь свет. Сёння па ўсім свеце цяжка знайсці касцёл альбо капліцу, дзе б не было яе выявы альбо фігуры. Менавіта з гэтай нагоды беларускі Кармэль і ўключыўся ў святкаванне гэтага юбілею, каб чарговы раз наблізіць вернікам Беларусі духоўную спадчыну гэтай маленькай і адначасова адной з самых вядомых у свеце святой кармэліткі.

Да адкрыцця і ўдзелу ў сімпозіуме быў запрошаны Яго Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі і шматгадовы сябра Кармэлю. Напачатку ўсе прысутныя праспявалі гімн перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ў Беларусі “Прыйдзі любові подых”. Затым біскуп узначаліў малітву на распачацце, прывітаў прысутных і абвясціў адкрыццё сімпозіума. Пасля да прысутных з уступным словам і прывітаннем звярнуўся Рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фроштэга OCD, які таксама падзяліўся асабістымі перажываннямі і гісторыяй свайго сяброўства са святой Тэрэзкай. Музычнае суправаджэнне і спеў падчас гэтага мерапрыемства ўзначаліў гурт праслаўлення “Verbum Dei”, які дзейнічае пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. На сімпозіум прыбылі кармэліты босыя, сёстры законныя, прадстаўнікі свекага Ордэна кармэлітаў босых і вернікі з кармэліцкіх парафій у Гудагаі, Мядзелі, Нарачы, з розных парафій Мінка, а таксама мясцовыя парафіяне, якія вельмі актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне гэтай урачыстасці.

На сімпозіум былі запрошаныя таксама прэлегенты, якія ў сваіх дакладах вельмі яскрава і з духоўнай глыбінёй прадставілі асобу і духоўнасць святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча. З першым дакладам на тэму: “У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду любоўю” выступіў а. Аркадзь Куляха OCD, кармэліт босы, пробашч і кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Святар адзначыў на прыкладзе святой Тэрэзы, што быць у Касцёле любоўю – значыць быць усім найлепшым і найважнейшым. Тое, што немагчыма людскімі сіламі, заўсёды магчыма пры супрацоўніцтве з Божай ласкай.

Пасля смачнага абеду, падрыхтаванага мінскімі парафіянамі, і вяночка да Божай Міласэрнасці з наступным дакладам на тэму: “Давер Богу ў жыцці і шляху духоўнага сыноўства св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса” да ўдзельнікаў сімпозіума звярнуўся а. Крыштаф Вэсалоўскі OCD, кармэліт босы, які служыць у супольнасці і парафіі кармэлітаў босыў у Лодзі, што ў Польшчы. Святар звярнуў увагу, што ў святле духоўнасці святой Тэрэзы, сапраўдная вера грунтуецца не на здабыванні толькі ведаў, а на прыманні сэрцам таго, што дае нам Бог і ў пазітыўным адказе на выкананне Яго волі.

Пасля перапынку на каву з трэцім дакладам на тэму: Гісторыя перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ў Беларусі” да прысутных звярнулася с. Таццяна Касабуцкая CSCII, кармэлітанка Дзіцяткі Езуса і настаяцельніца супольнасці сясцёр гэтай кангрэгацыі ў Брэсце. Сястра вельмі шырока распавяла, а таксама пры дапамозе слайдаў, фотаздымкаў і кароткіх відэа прадставіла катэгорыі, на якія падзяляюцца рэліквіі святых, а таксама гісторыю перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ў Ліз’ё, у Францыі, у свеце і ў Беларусі.

Усе прысутныя былі вельмі моцна ўражаныя цікавасцю і глыбокай пранікнёнасцю прадстаўленых запрошанымі прэлегентамі дакладаў. У перапынках паміж дакладамі гурт „Verbum Dei” выконваў спевы, якія складалі дыск “Крылы любові”, што быў спецыяльна запісаны на перэгрынацыю рэліквій у Беларусі, да чаго асноўныя намаганні прыклаў цяперашні настаяцель мінскай супольнасці кармэлітаў босых у Мінску а. Сяргей Трысцень OCD і ўся яго тагачасная суполка супрацоўнікаў.

Варта адзначыць, што сімпозіум трансляваўся анлайн на хвалях Радыё Марыя ў Беларусі. Таксама асобе святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса быў прысвечаны амаль увесь кастрычніцкі нумар агульнабеларускага часопіса „Ave Maria”, што падкрэслівае важнасць гэтага юбілею для ўсяго беларускага Касцёла.

Кульмінацыяй сімпозіума была ўрачыстая Эўхарыстыя ў парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай. Св. Імшу ўзначаліў і прамовіў гамілію біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх, абапіраючыся на заклік Хрыста, каб стацца маленькімі і паслухмянымі як дзеці, прыводзіў у прыклад святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, якая на пабаялася выбраць маленькі і самы просты шлях паслухмянасці Богу на зямлі, каб пазней дасягнуць гонару быць дачкой вялікага Караля ў небе, больш таго, з неба спасылаць дождж ружаў ласкаў ад Бога ўсім тым, хто патрабуе Божай дапамогі і міласэрнасці. Напрыканцы святой Імшы а. Пётр Фроштэга, Рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі, падзякаваў Пану Богу за дар святой Тэрэзы і за дар юбілею яе нараджэння і перэгрынацыі яе рэліквій у Беларусі, усім арганізатарам і ўдзельнікам сімпозіума, а таксама ўсім прысутным. На заканчэнне мінскія парафіяне пачаставалі ўсіх гасцей і ўдзельнікаў смачнай вячэрай, каб кожны змог вярнуцца дамоў падмацаваным і душой і целам.

а. Юрый Кулай OCD.

Паводле: karmel.by

Аўтар: Адміністратар