Па распараджэнні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з 5 жніўня 2023 года да 6 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе будзе праводзіцца малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а таксама Год падзякі Маці Божай за Яе апеку і атрыманыя ласкі.

У адпаведнасці з распараджэннем арцыбіскупа Станеўскага, асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і спецыяльных малітваў будзе кожная першая субота месяца (выключэнне: верасень, кастрычнік, студзень) на працягу ўсяго Года падзякі ў Нацыянальным санктуарыі, дзе, згодна з пададзеным ніжэй планам, з паасобных дэканатаў архідыяцэзіі запрашаюцца ўсе вернікі і супольнасці (асабліва першакамунійныя дзеці ў суботу 1 чэрвеня 2024 года) для ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай у Яе цудадзейным абразе, які на працягу стагоддзяў праславіўся асаблівымі ласкамі.

У межах правядзення Года падзякі ў Нацыянальным санктуарыі таксама будзе адбывацца падрыхтоўка да прысвячэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса: набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі; Фацімскі Ружанец пад дэвізам «Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі!»; канферэнцыя на тэму адной Божай запаведзі і перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса за парушэнне гэтай Божай запаведзі. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэтая падрыхтоўка будзе адбывацца таксама на парафіяльным узроўні.

6 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, на заканчэнне Года падзякі, падчас святкавання Будслаўскага фэсту, здзейснім інтранізацыю Найсвяцейшага Сэрца Езуса для ўсяго мясцовага Касцёла — прысвячэнне Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і ўсіх вернікаў у Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Іншыя Рыма-каталіцкія дыяцэзіі і Апостальская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі запрашаюцца да ўдзелу ў святкаванні Года падзякі, які арганізуе Мінска-Магілёўская архідыяцэзія.

Паводле catholic.by

Аўтар: Адміністратар