У сувязі з ІІІ Сусветным днём бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца ў Касцёле ў нядзелю 23 ліпеня, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заахвочвае, каб у гэты дзень у парафіях было прачытана Пасланне Святога Айца Папы Францішка на ІІІ Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, а перадусім каб была створана магчымасць вернікам атрымаць у гэты дзень поўны адпуст, які з гэтай нагоды ўдзяліла Апостальская пэнітэнцыярыя. Акрамя звычайных ўмоў, якімі з’яўляюцца споведзь, святая Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца, атрыманне поўнага адпусту ў гэты дзень магчыма за наведванне пажылых людзей, і тых, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы ці ў патрэбе.

Няхай святкаванне гэтага дня абудзіць у нашых сэрцах павагу да старэйшых людзей і адкрые каштоўнасць іх жыццёвага досведу ў падыходзе да нашай штодзённасці, каб дазволіць «фарміраваць нас Божай ласцы, якая з пакалення ў пакаленне вызваляе нас ад здранцвення ў дзеянні і тугі па мінулым!» (Папа Францішак. Пасланне на ІІІ Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей).

На святкаванне гэтага дня ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі

Паводле catholic.by

Аўтар: Адміністратар