“Пуцяводная зорка, якая асвяціла шлях усім заблукаўшым у цемры бязвер’я”
Сёння наша парафія вітала копію абраза Маці Божай Будслаўскай. Прапануем Вашай увазе фотарэпартаж з гэтай падзеі.
Прывітанне абраза Маці Божай Будслаўскай.
Маці Божая, Маці нашага Збаўцы, вітаем Цябе ў будслаўскім абразе, які, пераадолеўшы сотні кіламетраў, пабываўшы ў розных гарадах, мястэчках і вёсачках Беларусі, завітаў і ў нашу парафію!
Маці Божая Будслаўская, ужо чатырыста год наша сінявокая Мядзельшчына знаходзіцца пад Тваёй мацярынскай апекай.
Хто, як не Ты, у цяжкія гады атэізму і пераследу рэлігіі ратавала нашы храмы, у тым ліку і наш касцёл, ад знішчэння і руйнавання, а нашы душы ад спусташэння і панавання цемры.
Хто, як не Ты, у часы адраджэння веры і духоўнасці ў нашым краі заззяла на будслаўскім небасхіле пуцяводнаю зоркаю, якая асвяціла шлях усім заблукаўшым у цемры бязвер’я.
Да каго, як не да Цябе, на працягу ўжо чатырох стагоддзяў ліпеньскай парой ідуць і ідуць пілігрымы, каб да Твайго трону скласці клопаты, праблемы і турботы, якія абцяжарваюць душу.
Хто, як не Ты, наша Маці, выслухаеш, дапаможаш, прытуліш да сэрца.
І сёння мы, вернікі нарачанскай парафіі, сабраўшыся ля Тваёй цудоўнай выявы, пакорна просім: выпрасі ў свайго Сына для нас ласку ўзмацнення веры, атулі сваёй мацярынскай апекай нашу парафію, архідыяцэзію, каталіцкі Касцёл на Беларусі і ва ўсім свеце, а таксама нашу Бацькаўшчыну.
У Годзе веры, які мы зараз адзначаем, навучы нас верыць так, як верыла Ты, выконваць волю Бога так, як выконвала яе Ты, і любіць так, як любіла Ты.



















































































![[X]](https://naracz.by/wp-content/themes/naracz/css/close.png)