Дзякуючы захаванаму ў Віленскім дзяржаўным гістарычным архіве “Візітнаму апісанню” мы можам ўбачыць як выглядаў стары касцёл вачамі візітара. Візіатар – асоба якая рабіла рэвізіі духоўных устаноў.

Ніжэй прыводзім поўны тэкст візітнага апісання, якое было зроблена 30 снежня 1893 г. (11 студзеня 1894 г. па новаму стылю):

Першая старонка Візітнага апісання

Візітнае апісанне Кабыльніцкага Рыма-каталіцкага парафіяльнага касцёла IV класа ў Віленскай губерні, Свянцянскага павета, Свірскага дэканату, састаўленае 1893 года снежня 30 дня (11 студзеня 1894 г.).

Кабыльніцкі Рыма-каталіцкі парафіяльны касцёл IV класа драўляны на каменным падмурку першапачаткова пабудаваны кс. Андрэем Пяцкевічам, канонікам Р.К. Кафедры Юхнаю Александравічам, Міхаілам Пяцкевічам, Іванам Тасмантовічам і дваюраднымі братамі князямі Свірскімі Людвікам, Мікалаем і Станіславам з маёнтку Кабыльнік ў 1463 годзе ў гонар Св. Андрэя Апостала. Касцёл гэты асвечаны ў 1681 годзе ў 14 дзень кастрычніка (24 кастрычника 1681 г.) Прасвяшчэнным Мікалаем Слуцкім Біскупам Грацыанапалітанскім Архідэканам Віленскай Р.К. Кафедры. У 1736 годзе Марцінам Аскеркай кашталянам Навагрудскім з маёнтку Кабыльнік цалкам перабудаваны і абноўлены.

У 1784 годзе мясцовым Пробашчам ксяндзом Браноўскім пакрыты новым гонтавым дахам і адрамантаваны.

Гонта – драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен y форме невялікіх тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўжынёй звычайна 50—60 см, шырынёй каля 10 см.

У 1822 годзе ксяндзом Юзэфам Грыгаровічам Пробашчам адрамантаваны і звонку абшыты дошкамі пакрыты новым гонтавым дахам. У 1862 годзе намаганнямі Пробашча ксяндза Людвіка Мяніцкага адноўлены, абшыты звонку дошкамі і перакрыты новым гонтавым дахам. У цяперашнім стане франтонам з дзвярамі звернуты на захад з дзвума сакрыстыямі з поўдня і поўначы маючых выгляд крыжа пабудаваны з габляванага сасновага дрэва звонку абіты дошкамі, перад вялікімі дзвярмі 1880 года пабудаваныя каменныя сходы, дах гонтавы, на франтонах пабудаваныя две вежы, абшытыя дошкамі, скончаны купаламі з жасцяным пакрыццём, пасярод гэтых веж знаходзіцца вяршыня і на ёй і на купалах жалезныя крыжы. Над франтавымі дзвярыма дабудавана галерэя зусім старая. З другога канца Касцёла знаходзіцца невялікі крыж і ў цяперашні момант знесены навальніцай. Па баках Касцёла ў 1862 годзе дабудаваныя 2 сакрыстыі з новага габляванага дрэва, абшытыя дошкамі і пакрытыя гонтавым дахам, адна з левага боку пярэдняя (пярэдні пакой) ў якой змяшчаюцца некаторыя Касцёльныя рэчы, з адным акном і дзвума дзвярмі, зверху даху зроблена невялікая драўляная вежа, на ёй жалезны крыж. З правага боку другая, двупавярховая, ў ёй захоўваюцца касцёльныя апараты, бялізна і іншыя таму падобныя рэчы. На версе даху знаходзіцца такі самы жалезны крыж. Усіх крыжоў па ўсяму Касцёлу 6, вокан вялікіх 6 і два невялікіх, круглых два ў вежах і адно з фронту Касцёла. Дзвярэй знешніх 4, з іх адныя з фронта двухстворкавыя на жалезных завесах і запіраюцца драўлянай засоўкай. Адныя з правага боку з унутраным замком. Другія з левага боку запіраюцца засоўкамі знутры, усе на жалезных завесах і круках. Унутры касцёла пры абодвух сакрыстыях драўляныя і дзверы на хоры.

Стары Касцёл у Кабыльніку. Альфрэд Ромэр, гравюра канца XIX ст.

Унутры касцёла столь і падлога драўляныя выбітыя дошкамі. Столь пафарбаваная светла-блакітнай фарбай, сцены ў светла-пярловы (жамчужна-шэры) колер, унізе ў два з паловай аршыны (прыкладна 1,8 метры) ад падлогі вакол Касцёла пафарбаваныя масляной фарбай цёмна-бронзавага колеру. Шэсць слупоў якія падтрымліваюць хоры пафарбаваныя маслянай фарбай у ліловы колер.

На хоры зробленая з дошак лесвіца. На хорах арганы на дзесяць галасоў з двума мяхамі, з хораў лесвіца на вежу і столь. Над хорамі (вежа) зроблена ў выглядзе пакою са столью і падлогай з дошак. У Касцёле па абодвух баках знаходзяцца лаўкі, паблізу сакрыстый па двух баках стаяць спавядніцы. Над левай спавядніцай змяшчаецца амбон, над правай фігура Езуса Хрыста.

Алтароў у Касцёле тры: вялікі аддзелены ад касцёла кратамі з дзверцамі, па абедзьвух баках вялікага алтара ў прэзбітэрыі знаходзяцца дзве лаўкі пафарбаваныя масленай фарбаю. У сакрыстыі знаходзіцца камод з трыма шуфлядамі, пафарбаваны, на ім стаіць шафа з пяццю раздзяленнямі якія закрываюцца дзверкамі, унізе пяць шуфлядак, стары, пафарбаваны. Другі камод з трыма шуфлядамі, пафарбаваны. Люстэрка, стары вялікі куфар. Над сакрыстыяй знаходзіцца пакой для касцёльных рэчаў, падлога і столь з дошак, з яго дзверы да вялікага алтара з балконам, лесвіца драўляная.

Вакол касцёла агароджа каменная, пакрытая гонтай. З правага боку Касцёла знаходзіцца драўляная званніца, чатырохвугольная, звонку абшытая дошкамі, у 1862 годзе перакрытая гонтай, на версе знаходзіцца жалезны крыж.

Апісанне алтароў:

1. Галоўны алтар, з выявай Прасвятой Багародзіцы Дзевы Марыі з дрэва, які апіраецца на чатырох драўляных калонах, на версе скончаны трохвугольнікамі і пафарбаваны ў белы, жоўты і блакітны колеры. Менса (лац. «стол для ежы», стол перад алтаром) пафарбаваная ў цёмна-блакітны колер з белымі абводамі. На абразе выява Маці Божай, на левай руцэ Дзіцятка Езус, напісаная маслянамі фарбамі на дрэве. Унізе надпіс: An. 1836 Te Stanislaum Dzianksza. Пакрыццё абраза сярэбранае аўгсбургскай работы, кароны пазалочаныя, ў некаторых месцах вызалачана і пакрыццё. У руках Маці Божай вызалачаны скіпетр, Прасвятой Дзевы галава ўпрыгожана 12 зорачкамі. Гэты абраз ў драўляных вызалачаных рамах мае шэсць ахвяраванняў сярэбраных: два квадратныя з літарамі М., два сэрцы, дзве нагі, адна рука і адзін медалік.

Сёння абраз знаходзіцца ў Галоўным алтары сучаснага касцёла:

2. Алтар з правага боку, укрыжаванне Езуса Хрыста, драўляны з чатырма калонамі з капітэлямі (капітэль – верхняя частка вертыкальнай апоры (калоны ці слупа), якая успрымала гарызантальную нагрузку (балка, архітраў), пафарбаваны ў белы колер, пазалочаны. Езус на крыжы скульптурнай работы, пад ім сукно малінавага колеру з раскіданымі зоркамі, зверху абраз Маці Божай Ружанцовай, напісаны на палатне маслянымі фарбамі. Менса драўляная, пафарбаваная арэхавым колерам, пры алтары ахвяраванняў маленькіх шэсць штук.

Сёння фігура укрыжавання Езуса знаходзіцца ў Касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі:

3. Алтар Св. Антонія Падуанскага з левага боку. Фармат, памеры, упрыгожванні і аддзелка такія ж як у п. 2 (алтар Укрыжаванне Езуса). Абраз Св. Антонія напісаны маслянымі фарбамі на палатне ў драўляных рамах. Гэты абраз быў напісаны ў Слуцку адкуль прывезены ў 1835 годзе. На версе Св. Антонія (абраз) з аб’яўленнем Божай Маці, з двух бакоў стаяць дзве фігуры скульптурнай работы Св. Васілія і Св. Юзэфа старыя.

Сёння абраз знаходзіцца ў левай наве касцёла:

Алтар св. Антонія

У касцёле знаходзіліся таксама Метрычныя кнігі. Стан на 30 снежня 1893 года (11 студзеня 1894 г.):

  1. Аб нарадзіўшыхся ад 1664 года да 1893, усіх кніг 18.
  2. Аб шлюбах ад 1864 года да 1893, усіх кніг 9.
  3. Аб памерлых ад 1769 года да 1893, усіх кніг 7.
  4. Прадшлюбных вобшукаў ад 1835 года, 6.
  5. Спісы парафіян ад 1830 года, 10.
  6. Курсорыі ад 1820 года, 5.
  7. Інвентарныя спісы, ад 1784 года, 10.

Які ж лёс напаткаў стары касцёл? Некаторыя крыніцы гавораць што ён згарэў. Але на самой справе дакументы гавораць іншае. Аказваецца стары касцёл быў разабраны адразу пасля пабудовы новага.

Як бачым з дрэва старога касцёла планавалася зрабіць ўнутранае ўбранне. Таксама з дрэва старога касцёла тагачасны пробашч Ігнат Расалоўскі пабудаваў амбар пры плябаніі. Пра гэта нам гавора інвентарны спіс, каторы быў зроблены 14 (27) сакавіка 1914 г. пры перадачы касцёла ад кс. А.Пляска да кс. І. Сялевіча.

Іншыя пабудовы пры плябаніі.

Амбар пабудаваны ў 1902 годзе Ксяндзом Ігнатам Расалоўскім з дрэва старога Касцёла на каменным падмурку, вуглавыя слупы з цэглы. Накрыты гонтам, дзверы скаваныя, з замком, у ім чатыры засекі. Падлога і столь драўляныя, драбіна на гарышча дзе маюцца два акны, з фронту ганак вылашчаны дошкамі. Дах з фронту апіраецца на чатырох слупах драўляных ўзятых з-пад хораў старога Касцёла.

Амбар пры плябаніі, лістапад 2021 г.
Аўтар: Адміністратар