Другі дзень духоўнай пілігрымкі Нарач-Будслаў мы перажывём разам са Святым Янам Паўлам ІІ. Замест канферэнцыі, якую заўсёды прамаўлялі ў нарачанскай пілігрымцы, мы прапануем Вам пазнаёміцца з Букваром Святога Яна Паўла ІІ.

Што такое Буквар?

Для кожнага чалавека Буквар – гэта кніга, па якой ён пачынаў не толькі вучыць літары, чытаць першыя склады і словы, але, калі казаць вобразна, кніга, дзякуючы якой чалавек  пачынаў спасцігаць жыццё і яго сэнс.

Духоўная спадчына Святога Яна Паўла ІІ тэматычна вельмі багатая і разнастайная. Спадзяёмся, што ў  нашым Буквары Вы зможаце знайсці адказы на пытанні, якія хвалююць, не даюць спакою, якія хаваем глыбока ў сэрцы, або проста прачытаць думку, якая ляжа на сэрца, зачаруе, ад якой захочацца любіць увесь свет ці сабрацца сям’ёй на супольны Ружанец.

Плён кожнай пілігрымкі – гэта Божая ласка, якая здольна перамяніць сэрца чалавека.

Няхай праз вывучэнне Буквара Святога Яна Паўла ІІ кожны ўдзельнік пілігрымкі сёння зможа знайсці адказы на пытанні, на якія да гэтага часу, магчыма, не было адказу.

Толькі адзіная ўмова: Буквар трэба чытаць, над Букваром трэба разважаць, інакш жаданага плёну можа не быць.
БУКВАР СВЯТОГА ЯНА ПАЎЛА ІІ
А “Адчуваеш сябе самотным, пастарайся наведаць таго, хто яшчэ больш самотны, чым ты”.

Б “Багаты не той, хто мае, а той, хто дае”.

В “Вы павінны ад сябе патрабаваць, нават калі іншыя ад вас нічога не патрабуюць”.

Г “Гэта прамінанне мае сэнс. Мае сэнс. Мае сэнс. Мае сэнс!”

Д “Для хрысціяніна не бывае сітуацыі без выйсця”.

Е “Езус найперш сваімі ўчынкамі, усёй сваёй дзейнасцю паказаў, што ў свеце, у якім мы жывём, ёсць толькі любоў”.

Ё “Ёсць адзінае вымярэнне, адзіная рэальнасць, у якой цярпенне чалавека прынцыпова перамяняецца. Гэта рэальнасць – крыж Езуса. На крыжы Божы Сын адкупіў свет. І праз гэту таямніцу кожны крыж, які нясе чалавек, набірае незразумелай па-людску годнасці”.

Ж “Жыццё, кароткае ці доўгае, – гэта падарожжа ў кірунку раю: там наша айчына і наш сапараўдны дом; гэта там нам прызначана спатканне! Езус чакае нас у раі!”

З “З крыжа не сыходзяць – на крыжы паміраюць”.

І “І самай глыбокай паўнаты малітвы чалавек дасягае не тады, калі найбольш выражае сябе, а тады, калі ў малітве становіцца адчувальнай прысутнасць самога Бога”.

К  “ Калі хочаш знайсці крыніцу, мусіш ісці ўгару супраць плыні”.

Л “Любоў зможа знайсці дарогу нават там, дзе няма сцежкі”.

М “Мы здольныя да вялікіх спраў, калі не дазволім, каб нас перамог страх перад уласнай слабасцю”.

Н “Не бойся, не палохайся! Выплыві на глыбіню!”

О “О, якую ж вялізную сілу мае малітва дзіцяці! Часам яна становіцца прыкладам для дарослых: маліцца з прастатою і поўным даверам – значыць звяртацца да Бога так, як робяць дзеці”.

П “Пераможам любоўю, а не зброяй…”

 Р “Ружанец быў заўсёды малітваю сям’і і за сям’ю. Калісьці гэта малітва была асабліва дарагая хрысціянскім сем’ям, спрыяла іх еднасці. Трэба паклапаціцца, каб не змарнаваць гэтай каштоўнай спадчыны”.

 С “Сям’я бярэ свой пачатак у любові, якой Бог ахінае створаны свет”.

 Т TOTUS TUUS – Цалкам Твой, Марыя!”

 У “Учора табе не належыць. Заўтрашні дзень няпэўны… І толькі сённяшні дзень – твой”.

 Ф “Філантрапічная любоў, якая гатова аддаць нават жыццё, не памрэ”.

 Х “Хворыя, церпячыя, вы з’яўляецеся для людзей навяртаннем.  Навяртанне грэшнікаў адбываецца праз ваша цярпенне”.

 Ц “Цемра памылак і граху ніколі, аднак, не здолеюць да канца згасіць у чалавеку святло Створцы”.

 Ч “Чалавек з’яўляецца вялікім не праз тое, што ён мае, не праз тое, кім ён ёсць, а праз тое, чым ён дзеліцца з іншымі”.

 Ш “Што такое малітва? Найчасцей думаюць, што гэта размова. Але ў размове заўсёды ёсць “я” і “ты”; у гэтым выпадку “Ты” пішацца з вялікай літары”.

 Э “Экзамен своеасаблівы хіба не здаюць бацькі? Дзецям патрэбна прысутнасць і апека абодвух бацькоў, якія выконваюць свае выхаваўчыя задачы найперш праз тое, які ўплыў яны аказваюць на дзяцей сваімі ўласнымі ўчынкамі”.

 Ю “Юныя сябры! Не бойцеся таямніцы Бога. Не бойцеся Яго любові”.

 Я “Як можна любіць нябачнага Бога і не любіць чалавека, які знаходзіцца побач з намі”.

Аўтар: Ірына Шнітоўская