Сёння, 29 чэрвеня, стартуе XXV духоўная юбілейная пілігрымка Нарач-Будслаў: 137 пілігрымаў пачынаюць свой духоўны шлях да Маці Божай Будслаўскай
Нарач, Ліда, Баранавічы, Канстанцінава, Мінск, Пінск, Полацк, Гудзелі, Дзяржынск, Барысаў, Жалудок, Узмены, Ракаў, Глыбокае, Полацк, Наваполацк, Гатава, Рудзенск, Стоўбцы, Гродна, Ваўкавыск, Верхнядзвінск, Бабруйск, Брэст, Жодзіна, Крэйванцы, Ашмяны, Свір, Маладзечна, Мядзел … А таксама Катавіцы (Польшча), Валенсія (Іспанія) Усолье Сібірскае (Расія) – гэта геаграфія XXV духоўнай юбілейнай пілігрымкі Нарач-Будслаў.
Ідэя правядзення духоўнай пілігрымкі ўзнікла як адказ на патрабаванне ва ўмовах пандэміі шукаць новыя формы праслаўлення Бога і яднання вернікаў у духу малітвы, пакоры, добрых учынкаў і, зразумела, любові і пашаны да Маці Божай.
Агульная інтэнцыя нарачанскай пілігрымкі – просьба аб спыненні каранавірусу ў свеце і Беларусі, а таксама аб Божым благаслаўленні і апецы Маці Божай Будслаўскай для нашай Бацькаўшчыны.
Што трэба, каб стаць духоўным пілігрымам XXV юбілейнай пілігрымкі Нарач-Будслаў?
Тым, хто стане ўдзельнікам духоўнай пілігрымкі, трэба на працягу 4 дзён (столькі доўжыцца нарачанская пілігрымка) – 29, 30 чэрвеня, 1-2 ліпеня – у 15 гадзін (ці ў іншы зручны для Вас час) маліцца Вяночак да Божай міласэрнасці ў агульнай інтэнцыі пілігрымкі і сваіх уласных інтэнцыях, практыкуючы на працягу гэтых дзён учынкі міласэрнасці.
На кожны дзень пілігрымкі падрыхтаваны духоўныя разважанні, якія будуць змешчаны на сайце нарачанскай парафіі.
Заўтрашні дзень духоўнай пілігрымкі будзе прысвечаны асобе Святога Яна Паўла ІІ, так што кожны пілігрым будзе мець магчымасць паразважаць над тым, якім прыгожым і змястоўным можа быць жыццё чалавека, калі ён злучыць яго з Божай воляй адносна сябе.
На сайце парафіі вядзецца запіс інтэнцый да Маці Божай Будслаўскай. Усе Вашы інтэнцыі 2 ліпеня будуць складзены да трона Маці Божай Будслаўскай прадстаўнікамі нарачанскай духоўнай пілігрымкі. Таксама 2 ліпеня пробашч нарачанскай парафіі а. Бэрнард Радзік OCD у 18 гадзін у Будславе будзе цэлебраваць Святую Імшу ў інтэнцыях духоўных пілігрымаў.
Жадаем, каб дні духоўнай XXV юбілейнай пілігрымкі Нарач-Будслаў сталі для кожнага з нас часам роздуму, навяртання, пакаяння, часам Божай ласкі і адновы ўсіх нас у Хрысце.
P.S. Па гэтай спасылцы Вы можаце ўбачыць спіс удзельнікаў духоўнай пілігрымкі Нарач-Будслаў. https://docs.google.com/spreadsheets/d/1pCfn6ZdIejA1mvKNAag0c7PE_CYsv5DTGNeIHJLDYrs/edit?usp=sharing
Аўтар: Ірына Шнітоўская