Крыжовы шлях Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, вачыма паэтаў:

 

Прыпынак 1

Іудавы сярэбранікі

Усё жыццё

Чорт-нумізмат збіраў

Дукаты, драхмы,

Шылінгі, дынары,

Пакуль пад дрэвам смерці

Не падняў

Іудавых

Сярэбранікаў пару.

 

Усцешыўся…

Ды раптам дзіка ўзвыў,

Нібы схапіла

Вогненная зяпа.

Цяпер сядзіць,

Залезшы пад абрыў,

І дзьме на свае

Спаленыя лапы.

М. Танк

                                                         Прыпынак 2

                                                      Прысуд Пілата

Ён заўжды адмывае свае потныя рукі

Ад знаёмства і дружбы,

небяспекі,

дакукі,

Каб ніколі не быць у жыцці вінаватым.

І здаецца мне:

зноў бачу постаць Пілата.

М. Танк

 

                                                       Прыпынак 3

                                                   Шчасце Варавы

Натоўп наталяўся чужой пакутай.

Дзяцей падымалі на плечы бацькі.

А грэшнік, канчыны пазбаўлены лютай,

Ступаў на травінкі, нібы на цвікі.

Яшчэ не ўсвядоміў раптоўную волю,

Праз тлум прабіраўся, сусвету чужы,

Але – азірнуўся, як выйшаў у поле,

І ўбачыў – цяжкія ад целаў крыжы.

Паветра ліловым было ад спякоты,

І пыл залацісты стаяў над гарой.

Варава, забойца і грэшнік,

ды хто ты,

Раз Божаю смерцю купляеш спакой?

Канешне, ты мужна і горда трымаўся,

Не тое, што ўсім Даравальнік- Хрыстос.

Цяпер жа – чаму, успамінаючы гэта,

Ужо не ад шчасця ты плачаш, герой?

І ўбачыўшы Крыж, што ляціць над Сусветам,

Шкадуеш раптоўна –

чаму ён не твой?

Л. Рублеўская

 

Прыпынак 4

                                             Вернасць Хрыста

Я спытаў чалавека,

Які прайшоў праз агонь,

І воды,

І медныя трубы:

– Што самае цяжкое

На гэтым свеце?

І ён адказаў:

– Прайсці праз вернасць.

М. Танк

 

                                                      Прыпынак 5

                                                Шлях на Галгофу

Страх свой не абтрасеш, як прах.

Цяжка смерці зірнуць у вочы.

На Галгофу далёкі шлях,

Нечаканы,

Як сон сірочы.

 

У самім жа сабе згарыш,

Сам наблізіш сваю катастрофу,

Сам жа мусіш свой несці крыж,

Узысці на сваю Галгофу.

І праступяць у людзях,

У тлях

Цудадзейнасць,

Вар’яцтва,

Калецтва.

 

Да Галгофы кароткі шлях –

Даўжынёй на ўсё чалавецтва.

Р. Барадулін

 

                                                    Прыпынак 6

                                                     Маці Езуса

Панна мілосці,

Панна спакою,

Ведаеш думкі ўсе нашы і мары.

Нашы ўсе болесці

Божай рукою

намаляваныя

на Тваім твары.

Бачыш Ты сэрцаў

кожны закутак.

Твар Твой –

любові адбітак яскравы.

Радасцю поўніцца

ціхі Твой смутак,

калі мы робім

добрыя справы.

Зноў у вачах Тваіх

ззяюць іскрынкі –

шчырая ўцеха

вось-вось уваскрэсне…

Сёння Табе мы

найлепшыя ўчынкі,

як падарунак сардэчны, прынеслі.

М. Дукса

 

                                                       Прыпынак 7

                                                    Падзенні Езуса

Ад касцельнай брамы да нябеснай –

россыпы маркотныя няўдач.

І плыве, плыве нязводны плач

гулкаю мелодыяй балеснай.

 

Колькі галасоў аб дапамозе

чуеш! І які тут неабходны лек?

Колькі слабых, хворых і калек

журыцца на выбітай дарозе!

 

І вядзе іх доля, як сляпая,

хіба ёй ты скажаш: “Выручай!”

Як сабака, круціцца адчай,

самых кволых за душу хапае…

 

Ах, бядак, чакаеш дабрадзея,

ты ў надзеі змучана стаіш.

Ты на долю, як на ўласны крыж,

абапрыся – тут твая надзея.

М. Дукса

 

                                                        Прыпынак 8

                                                     Дапамога Езусу

Хрыста ўкрыжоўвалі,

І цыган

Прапанаваў і сваю паслугу.

І кінуў на дол

Неразлучную пугу,

І ўзяў цвікі для пякучых ран.

 

І вочы заплюшчыла цішыня.

Цыган прыставіў цвік

І з размаху

На даланю пасадзіў авадня

Замест цвіка –

Насуперак страху.

 

І абараніў хоць адну руку,

Хрыстову руку ад болю зямнога.

І валачомнаму жабраку

Не папрасілася ў Бога нічога.

 

І ў свет падаўся самотны цыган,

Непрытулены,

Як апостал, босы.

І гэта быў

Самы шчыры спадман,

Які на вякі блаславілі нябёсы.

Р. Барадулін

 

Прыпынак 9

                                                         Гара Галгофа

Ну, вось і тое месца пакарання.

А сэрца разрываецца, баліць.

Ды з вуснаў –

Ані слова пакаяння

На радасць лютым катам не зляціць.

 

Так, фарысейства парасло законам.

Калі не з ім, калі ўзбоч стаіш,

То – краты і турэмныя загоны,

Чакае гнеў людскі, чакае крыж.

 

Ўсё зробяць злыдні гладка і старанна.

Здаля зірнеш – ажур, ні даць ні ўзяць…

І ўжо цябе да злодзеяў паганых

Гатовыя зласліўцы прыраўняць.

 

Яны, сваё растраціўшы сумленне

( Як толькі Бог трывае на зямлі! ),

Тваё падзеляць сціплае адзенне,

І сэрца б падзялілі каб змаглі.

 

Пад крыжам будуць апантана гоцаць,

І срэбранікі брудныя дзяліць,

І на кап’і Табе падсунуць воцат,

Каб смагу перад смерцю наталіць…

 

У летаргічным сне ляжыць планета.

Не чуе больш пакутаў брата брат,

І Божай карай людзям за ўсё гэта

Да іх ужо ідзе крывавы кат.

В. Лукша

 

Прыпынак 10

                                                 Укрыжаванне Езуса

Малю: не спяшы, Літасцівы, з’явіцца

На грэшную нашу зямлю, нейкім цудам

Ачысціць яе ў вогненных бліскавіцах

Ад недаравальных грахоў і ад блуду.

 

Бо покуль яшчэ фарысеі ў нас правяць

І топчуць, разбіўшы, святыя скрыжалі,

Каб зноўку замест ліхадзея Варавы

Другі раз Цябе на крыжы не распялі.

М. Танк

 

                                                     Прыпынак 11

                                                 Смерць на крыжы

Вякі плывуць

а Ён  – раскрыжаваны,

жывы…

ў крыві цячэ

цвікоў іржа…

і род людскі

лянівы

апантаны

не мае сілы

зняць Яго

з крыжа…

Зьніч

 

                                                        Прыпынак 12    

                                            Езуса здымаюць з крыжа

Мы паспешна вяртаемся зноўку да Бога,

Як да маці з вандровак вяртаецца сын,

У якога ў кішэнях няма ўжо нічога,

У якога ў душы толькі смутак адзін.

 

Мы паспешна вяртаемся зноўку да Бога,

Не здымаючы шапак у храмах святых,

І з вясёлаю верай, што гэта дарога

Будзе ўсё-ткі даўжэй за жыццё.

Хоць на міг. Даўжэй за жыццё.

Хоць на міг.

А. Бадак

 

Прыпынак 13

                                                 Цішыня грабніцы

О, Ключ жыцця,

Ты наталі маю журбу

Вадою са святых

Тваіх вытокаў.

 

І ўратуй мой човен ад

мірскіх парокаў

І ў прыстанак ціхі яго

Ты накіруй.

 

О, Сэрцавед,

Ты бачыш

ўсе шляхі

І ведаеш усё,

Што я скажу,

зараней.

 

І ненаўмысныя мае

маўчанні

Ў малітвы мне

Па міласці Ты падсумуй.

Б. Пастэрнак

 

                                                             Прыпынак 14

                                                        Сустрэча з Айцом

Я хацеў уцячы

Ад сябе,

І ад Бога.

Раз’ядала душу

шматгадовая ржа.

Але вочы Хрыста

і спагадна, і строга

на мяне нечакана зірнулі з крыжа.

А куды ж ты ідзеш?

Зноў у грэх?

У спакусу?..

Пранікаў проста ў сэрца

Ягоны пагляд.

Сам не знаю,

чаму я паверыў Езусу.

І вярнуўся,

як сын заблуканы,

назад.

Адлускоўвацца ржа пачала.

І знямогу

я адолеў.

Спакусе душу не аддам.

Тут я! Тут!–

адгукаюся Вечнаму Богу

на пытанне спрадвечнае:

Дзе ты, Адам?..

А. Вольскі

 

Аўтар: Адміністратар