Ноч чування пры Тваім гробе
Тэксты для разважанняў, якія мы прапануем Вам у Вялікую пятніцу, скіроўваюць наш позірк на асобу Святога Яна Паўла ІІ, які, калі яго пыталіся, чаму не складзе паўнамоцтвы Папы, сказаў вельмі моцныя словы: “З крыжа не сыходзяць, на крыжы – паміраюць”.
Адарацыя Вялікая пятніца
Ёсць такая Ноч, калі молячыся пры Тваім гробе, мы найбольш з’яўляемся Касцёлам —
гэта — ноч змагання, калі ў нас б’юцца роспач з надзеяй:
тое змаганне заўжды накладаецца на ўсе
змаганні гісторыі, напаўняе іх да глыбіняў (бо ўсе яны — ці губляюць тады свой сэнс?
ці набываюць яго?).
У гэтую Ноч абрад зямлі дасягае
свайго пачатку. Тысячагоддзе — як адна Ноч: Ноч чування
пры Тваім гробе.
Мінула ўжо пятнаццаць год, як адышоў да Нябеснага Айца Вялікі Папа Святы Ян Павел II. Яго смерць на некалькі дзён з’яднала мільёны людзей усяго свету. Але дзіва: прайшло пятнаццаць год, а Святы Ян Павел II і сёння збірае ўсіх нас разам. Сёння, як ніколі, для нас з’яўляюцца актуальнымі словы: Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту! Хрыстус не падвядзе!
«Святы Ян Павел ІІ ведаў, што Пан трымае яго за руку, і гэта дазваляла яму несці такое плённае служэнне, за якое мы шчыра дзякуем Богу. Ян Павел ІІ аддаваў сябе шчыра, без астатку і без меры, фізічная слабасць «ніколі не распаўсюджвалася на цвёрдую, як скала, веру Папы, яго яркую надзею, яго палымяную міласэрнасць, Святы Ян Павел ІІ «аддаў усяго сябе за Хрыста, за Касцёл, за ўвесь свет, ён пакутаваў і жыў да апошняга ўздыху дзеля любові і з любоўю».
Святы Ян Павел II быў не толькі пастырам усяго каталіцкага Касцёла, абаронцам усіх бедных і пакрыўджаных. Ён – сапраўдны паэт, які захапляецца Сусветам і праслаўляе яго Творцу.
Калі самая вялікая любоў у прастаце
А самая простая прага ў смутку,
То не здзіўляйся, што Бог прагнуў,
Каб яго прынялі самыя простыя,
Тыя, чые душы выбеленыя на бель,
Тыя, хто не ведае слоў для сваёй любові.
Любоў мне ўсё праясніла,
Любоў мне ўсё адгадала,
Таму абагаўляю любоў, дзе б яна не вандравала.
Гэтыя бедныя твае вочы, калі Ён ствараў іх,
калі чэрпаў з бездані далоняй
думаў пра той вечны позірк,
захоплены бязмернай безданю
і казаў так:
прыніжуся, браце, прыніжуся,
не пакіну ніколі вачэй тваіх у самоце,
спачатку схаваюся ў крыжы.
Потым хлебам у спелым збожжжы.
О Пане, прабач маёй думцы,
Што замала яшчэ любіць,
Прабач любові маёй пане,
Што яна так прыкутая да думкі.
Але прымі, Пане, гэтае захапленне,
што зрываецца з сэрца,
як ірвецца струмень з крыніцы –
гэта знак, што і жар адтуль паліеццца.
Пасля смерці Яна Паўла II у каталіцкім касцёле на Беларусі праводзіўся конкурс сачыненняў “Ян Павел II змяняе маё жыццё”. Чацвёра нашых маладых парафіянаў сталі пераможцамі гэтага конкурсу. Зараз гэтыя маладыя людзі сталі дарослымі, у некаторых з іх ёсць свае сем’і. Паслухаем, як жа Ян Павел II змяніў іх жыццё і , магчыма, дзякуючы гэтым аповедам, таксама захопімся асобай Святога Яна Паўла ІІ і яго навукай любові.
Вось ужо пятнаццать год, як я жыву на гэтым цудоўным свеце. У маім жыцці сустракаліся як здарэнні добрыя, так і не вельмі. Але менавіта зараз мне б хацелася паведаміць пра шлях, які я ўжо выбрала для сябе. Гэтым летам мне зноў выдалася магчымасть з’ездзіць у Польшчу.
На пачатку ўсе адбывалася так, як і заўседы. Шмат новых сяброў, знаемых, прыемныя ўражанні. Кожны дзень мы павінны былі прыходзіць да касцела. Я таксама прыходзіла. Укленчыўшы, зрабіўшы знак крыжа, я пачынала адмаўляць ужо знаёмыя мне з маленства малітвы і заўседы прасіла аб дапамозе. Напэўна, на той час гэта для мяне з’яўлялася галоўным. 3 дня ў дзень усе так і працягвалася, пакуль аднойчы я не трапіла на чарговую Імшу, дзе ксендз пачаў казаць навуку.
Але гэта была не проста навука. Ксендз апавядаў пра жыцце Яна Паўла II. Трэба было бачыць яго радасны твар. Гэты настрой імкліва перадаўся ўсім. I здавалася, ў касцеле не было ніводнага чалавека, які б абыякава аднёсся да гэтай прамовы. А даведалася я вось пра што.
Калі Караль Вайтыла быў маленькім, раптоўна памерла яго маці. У хлопчыка засталіся толькі бацька ды брат. Бацька разумеў, у якім стане знаходзіўся маленькі Караль.Тады ен завеў свайго сына ў касцел і, паказаўшы на абраз Маці Божай, сказаў такія словы: “Вось цяпер гэта твая маці!”. Гэтыя словы вельмі закранулі душу будучага Папы Яна Паўла II. Вобраз Маці Божай, як сваей маці-апякункі, ён пранес праз усе жыццё.
3 таго часу хлопчык пачаў часта прыходзіць да касцела, дзе ен мог убачыць сваю маці – Маці Божую.
Калі праз тры гады памер яго брат, а незадоўга і бацька, Караль застаўся сіратой. Дзякуючы дапамозе сяброў і знаёмых, яму ўдалося перажыць гэтыя цяжкія моманты свайго жыцця.З таго часу Караль многа працаваў і шмат пісаў. I ўсе яго творы пранікнуты глыбокім сэнсам. А далей з’явілася жаданне вывучаць тэалогію.
Ужо будучы Папам, Ян Павел II наведаў многія краіны. Ён з вялікім жаданнем праводзіў сустрэчы з моладдзю, бо лічыў, што яна з’яўляецца будучыняй чалавецтва. Таксама прыходзіў да жабракоў не таму, што было цікава, а таму, што сапраўды іх любіў. Дарэчы, гэты чалавек любіў і разумеў усіх. Гэта было адразу бачна па выразе яго твару.
Жыцце прынесла яму яшчэ адно выпрабаванне. Калі ў выніку замаху на яго жыцце ён быў цяжка паранены, Ян Павел II лічыў, што рука Маці Божай уратавала тады яго ад смерці. I Вялікі Папа ад Бога прабачыў таму чалавеку яго ўчынак, бо Ян Павел II быў, як Езус, –міласэрны і добры.
Безумоўна, я яшчэ не так многа ведаю пра Славутага Папу. Я яшчэ толькі пачынаю адчыняць дзверы Хрысту і вучуся прабачаць, што таксама не проста.
У кожным слове Яна Паўла II заключаецца вялікі сэнс. Цяпер я нарэшце разумею, чаму яго лічаць святым!
Мне не пашчасціла ўбачыць Яна Паўла II зблізку, зазірнуць Яму ў вочы і , тым больш, быць на аўдыенцыі. Тым не менш, нават на такой велізарнай адлегласці Ён змяніў маё жыццё, як і жыццё тысяч, мільёнаў людзей, прымусіўшы паглядзець на тое самае жыццё па-новаму. Калі смерць Вялікага Папы – гэта адыход да Нябеснага Айца, то для мяне яна стала яшчэ адной прыступкай лесвіцы да вечнага жыцця.
Усё гэтак жа заставаліся справы дома і ў школе, але важнае месца ў маім жыцці стаў займаць Касцёл. Гэта было як бы маленькім навяртаннем, бо ў касцёл хадзіла з дзяцінства. Але калі гэта раней было абавязкам або просьбай бабулі, то летам 2005 года стала неабходнасцю. Менавіта ў той час мяне найбольш стала цікавіць асоба Яна Паўла II і Яго дзейнасць.
Здавалася б, пачыналася ўсё вельмі проста: паездка на Парафіяду ў Варшаву. Ведала, што будзем удзельнічаць у артыстычным конкурсе і паказваць тэатральную пастаноўку пра Вялікага Папу. Ужо тады хацелася ведаць больш пра чалавека, аб жыцці якога будзем расказваць іншым. Аднак другім, найбольш моцным штуршком было ўбачанае ў Варшаве – адносіны людзей да славутага суайчынніка. Плакаты, стужкі і траурныя сцяжкі сустракаліся не толькі ў цэнтры, але і на ўскраінах. Яшчэ больш здзівіла назва вуліцы: Яна Паўла II. Дык ці проста Папа Рымскі? Відаць, не. Ці проста зямляк? Не думаю. Калі ўвесь свет перажывае Яго смерць. Дык хто гэта? Канчатковым адкрыццём Яна Паўла II стаў удзел у конкурсе ведаў, прысвечаным Вялікаму Папу. І атрымалася. Не толькі поспехі ў конкурсе, але… Ведаеце, у складаных сітуацыях, калі мы не знаем, што трэба рабіць, мы звяртаемся да вопыту іншых, надзейных людзей. Раней у мяне такога чалавека не было, а цяпер я пытаюся ў сябе: “ Як бы ў гэтай сітуацыі паступіў Ян Павел II? “ Ён нібы стаў маім сумленнем. “ Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!” Я зразумела, што гэты заклік звернуты і да мяне. Але як гэта зрабіць? Ці хопіць сіл жыць з Хрыстом паводле Яго вучэння? Вось пытанні, якія доўга турбавалі мяне. Мне здавалася, ды і цяпер часам адчуваю, што недастаткова маю сіл, каб у сучасным свеце пражыць максімальна па евангельскіх прынцыпах, што немагчыма плысці супраць цячэння. Але, калі рыхтавалася да конкурсу, зразумела: нават у самых складаных абставіных тэба заставацца верным Хрысту. Я доўга думала, як гэта ўдавалася тады яшчэ Каралю Вайтылу сеяць дабро ў свеце жорсткасці і вайны, клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых, дзяліцца апошнім кавалкам хлеба і несці веру ў сэрцы людзей! Напэўна, гэта бязмежная любоў да Бога і бліжняга. А ці ёсць яна ў мяне? Калі няма, то дзе яе знайсці? Перш за ўсё ўзгадала галоўныя запаведзі любові, пастаралася стаць хоць крыху падобнай да Вялікага Папы ў адкрытасці на людзей. Ён не баяўся ісці з Хрыстовым словам у краіны, якія знаходзіліся пад уплывам розных канфесій і веравызнанняў, пры гэтым паважаючы іх выбар і не прыніжаючы годнасці. Ян Павел II, прыклад Яго жыцця ажывіў, мабілізаваў фізічныя і духоўныя сілы, пабудзіў да дзейнасці, знішчыў няўпэўненасць і страх.
Я расту ў каталіцкай сям’і і ўпершыню імя Ян Павел II пачула даволі рана. Але доўгі час ведала пра Яго толькі тое, што гэта “галоўны католік”. Мне было 11 гадоў, калі Папа пайшоў з жыцця. Тэлебачанне вяло рэпартажы з Ватыкана ў апошнія гадзіны жыцця Яна Паўла II і ў час пахавання. Я памятаю, наколькі моцным было ўражанне ад убачанага. Хто такі гэты чалавек? Чаму тысячы людзей сабраліся на плошчы перад саборам Святога Пятра? Яны плакалі, маліліся… Чаму мільёны людзей ва ўсім свеце так перажывалі смерць гэтага чалавека? Прадстаўнікі розных народаў і рас, багатыя і бедныя, старыя і маладыя?.. Якую ўладу над людзьмі меў гэты чалавек? Мне захацелася даведацца пра яго больш. Я ўдзячна сваёй бабулі, якая дала мне кнігу пра жыццё і духоўную дзейнасць Яна Паўла II. Так я пачала адкрываць для сябе Чалавека і Святара Караля Вайтылу і Папу Яна Паўла II, хоць на пачатку разумела не ўсё. Мне і зараз яшчэ цяжка асэнсаваць усю значнасць і веліч гэтай асобы. Адно магу сказаць: Ян Павел II, якога я для сябе адкрываю, уплывае і на маё жыццё.
Я вучуся ў Яго любві да Бога.
Уражвае, што вера чалавека ў Бога можа быць такой моцнай і самаадданай. Што, дзеля служэння Богу, чалавек можа адмовіцца ад многіх такіх прывабных зямных радасцей.
Я вучуся ў Яго любві да людзей.
Колькі чуласці, спагадлівасці, увагі да чалавека! Самыя розныя людзі з удзячнасцю ўспамінаюць, як ім дапамог Ян Павел II. Каму справай, каму словам, каму добрым прыкладам. Да апошніх дзён свайго жыцця, узняўшыся так высока, з самым простым чалавекам Ён трымаўся, як з роўным. А колькі намаганняў прыклаў Ян Павел II, каб больш міру было ў нашым неспакойным свеце.
Я вучуся ў Яго мужнасці і цярплівасці.
Мужнасць трэба было мець, каб вынесці нягоды ваеннага ліхалецця, гітлераўскую акупацыю,каб застацца верным сваім перакананням у камуністычныя часы. А як годна і церпяліва пераносіў старасць і цяжкую хваробу. Я думаю, што многім, нават невылечныа хворым, Ён быў прыкладам.
Я вучуся ў Яго ўменню дараваць.
Сорамна становіцца за мае крыўды на бацькоў ці сяброў, калі я чытаю, як Ян Павел II прыйшоў у турму, каб дараваць чалавеку, які хацеў яго забіць.
Я вучуся ў Яго павазе да іншых народаў.
Кожны раз пад час супольнай малітвы Ян Павел II звяртаўся да вернікаў на іх роднай мове. Думаецца, што многія беларусы больш сталі шанаваць сваю мову, пачуўшы яе з вуснаў Папы.
Шкада, што пры жыцці Ян Павел II так і не змог прыехаць у Беларусь, дзе Яго вельмі чакалі. Я рада, што ў нашай парафіі зусім нядаўна адбылася такая важная падзея — быў устаноўлены помнік Яну Паўлу II.
…Вялікае шчасце, што ў наша жыццё час ад часу прыходзяць такія Людзі. Я думаю, гэта Пан Бог паказвае шлях, якім нам трэба ісці.
Аўтар: Ірына Шнітоўская