У Вялікую пятніцу прапануем Вам паразважаць над Крыжовым шляхам, складзеным паводле духоўнай спадчыны кс. Яна Твардоўскага, і сваю малітву ахвяраваць Богу ў інтэнцыі спынення каранавірусу ў свеце, Беларусі, а таксама за ўсіх медработнікаў, якія змагаюцца з гэтай страшнай хваробай.

Прыпынак 1

Дух ахвяры Езуса

Для Езуса малітва ў Аліўным садзе была вельмі цяжкай. Бог-Чалавек змагаўся з самім сабой.

Чалавеку цяжка чуваць разам з Езусам. Вучні, апосталы Пётр, Якуб (у будучым яны аддадуць жыццё за Хрыста) і Ян, пакліканыя да чування з Езусам, не змаглі маліцца нават гадзіну. Заснулі. Для іх гэта малітва была вельмі цяжкай. Малітва Езуса – гэта малітва чалавека, які рыхтаваўся памерці мучаніцкай смерцю.

Як хоць крыху можна спадарожнічаць Езусу на малітве ў Аліўным садзе?

Найперш трэба ўсвядоміць дух ахвяры Езуса. Колькі ў нас любові да выгодаў, эгаізму, а як мала духу ахвяры!

Ці памятаем, што ў самыя цяжкія хвіліны жыцця Езус маліўся да Айца?

Мы ж у цяжкія хвіліны часта забываем пра Бога. Не думаем пра малітву, а толькі пра сябе самога. Ёсць такая прыказка : “Як трывога, тады да Бога”. Але так бывае не заўсёды. Часта людзі, як толькі захварэлі, яшчэ просяць ксяндза ўдзяліць Святую Камунію. Але, калі адчуваюць сябе вельмі дрэнна, не просяць, бо вельмі моцна занятыя сваёй хваробай.

Мы павінны памятаць, што наша ўласнае цярпенне – гэта толькі невялікая частка вялікіх цярпенняў усяго чалавецтва.

Прыпынак 2

Я – добры, той – злы

Адна жанчына казала, што біла б па носе ўсіх фарысеяў, рымскіх жаўнераў, здраднікаў, якія піхалі Езуса, здзекваліся, білі. Калі так крычым у запале, гэта яшчэ паўбяды, бо ў нас здаюць нервы. Тады чалавек не ведае, якім ён ёсць. Найгорш, калі сваю нянавісць робім справядлівай лагічным і халодным розумам і тлумачым, што той – лайдак, той – манюка, а іншы – злодзей. Прычым заўсёды ацэньваем людзей з вышыні сваіх цнот, па табліцы: я – добры, той – злы. Не бачым сваіх уласных грахоў.

Што значыць любіць злога чалавека?

Гэта значыць: убачыць свае ўласныя грахі і сказаць: я зроблены з той самай гліны. Ты маеш такія грахі, я маю іншыя, можа нават большыя. Толькі мае мяне менш раздражняюць.

Разуменне сваёй галечы, сваіх слабасцей дапамагаюць любіць ворагаў. Бачым тады, што мы вельмі падобныя адзін да аднаго. Ён грэшны чалавек, але і я таксама грэшнік.

Прыпынак 3

Магчымасць Бога дзейнічаць у свеце

Ці разумее сучасны чалавек, для чаго Езус цярпеў на крыжы ў Вялікую пятніцу?

Ніколі дагэтуль не было такога вялікага ўсведамлення зла. І адначасова – такога малога ўсведамлення грэху. Цікава, што людзі адчуваюць зло, якое адбываецца, але пачуццё грэху становіцца меншым.

Пачуццё грэху лучыцца з верай у Бога. Для таго, хто ў жыцці не бачыць Бога,  грэх з’яўляецца толькі тым, што чалавека кампраметуе або яму шкодзіць. Больш нічым. Не ўжываю наркотыкі, бо разумею, што знішчу сваё здароўе. Не краду, бо разумею, што страчу добрае меркаванне пра сябе. Для такіх людзей грэх – гэта толькі асабістая шкода.

Калі мы грашым, кампраметуем не толькі сябе. Калі мы грашым, не даём магчымасці Богу дзейнічаць у свеце.

Калі мы грашым, закрываем Богу дарогу да нашай душы, і Бог не можа праз нас дзейнічаць у свеце.

Прыпынак 4

Духоўная Маці Касцёла

Напэўна ведаем на памяць словы Езуса, скіраваныя з крыжа да Божай Маці і Яна: “Жанчына, вось сын Твой”. “Вось Маці твая” (Ян 19, 26.27).

Здаецца, што гэтыя простыя словы цалкам зразумелыя. Але можна над імі паразважаць, бо ўсе словы Езуса намнога глыбейшыя, чым можна сабе ўявіць.

Калі б Яну было 8-10 гадоў, ніхто не здзівіўся б, што Езус указаў яму на  Маці Божую, як на Маці, а Маці Божай на Яна, як на сына. Але сказанае даросламу мужчыну, які мог мець каля 26 год, што аддае яго пад апеку Маці, і сказанае Маці, што дарослы Ян – гэта Яе сын, можа трохі здзіўляць.

Можна было сказаць прасцей: “Жанчына, пасля Майго адыходу, гэты вучань будзе Табой апекавацца”. “Ян, калі адыду, вазьмі ў апеку Маю Маці”. Тут не ідзе гаворка толькі пра апеку. Евангелісты кажуць, што Ян узяў Яе да сябе. Тут ідзе гаворка больш чым пра апеку.

Той дарослы мужчына, хоча ён таго ці не, – у Маці Божай мае Маці, а Найсвяцейшая Маці мае сына. Так як у сям’і, дзе ніхто сабе не выбірае маці, мае такую, якую дае Пан Бог. Ніводная маці не выбірае сабе сына. Мае такога, якога дае Бог.

У тым, што Марыя з’яўляецца нашай духоўнай Маці і Маці ўсяго Касцёла, ёсць таямніца.

Якая радасць, што ўвесь Касцёл мае ў Ёй не толькі апякунку, пасрэдніцу, але і Маці. Які шчаслівы Касцёл, што ў цяжкія хвіліны можа маліцца да Яе як да Маці.

Прыпынак 5

Абмежаванае цярпенне

Кожны з нас мае адну прыроджаную здольнасць: хоча замкнуцца ў пустыні ўласнага цярпення. Ходзіць па яго падворку і ўзносіць вакол сябе муры. Кожнай цаглінкай адгароджваецца ад іншых. Гэта абмежаванае цярпенне.

Так як можа быць абмежаванае шчасце, абмежаванае каханне, можа быць і абмежаванае цярпенне.

Што такое абмежаванае каханне? Хтосьці кахае некага, але адначасова да іншых ён абыякавы, злы, нядобры. Кахае абмежаваным пачуццём. Замкнуўся ў цесным коле свайго кахання.

Што такое абмежаванае шчасце? Хтосьці шчаслівы, але зычыць шчасця толькі самому сабе ці камусьці з блізкіх. Утварае адно кола. Абмяжоўваецца толькі ў сваім шчасці.

Можна быць абмежаваным таксама і ў цярпенні. Чалавек церпіць, але бачыць толькі самога сябе. Бачыць, што церпіць і што яму ўсё цяжэй, бо нясе крыж толькі сам. У сваім цярпенні цалкавіта адзінокі.

Гэта вельмі цяжка, але, калі нам штосьці баліць, трэба думаць пра цярпенні іншых. Нехта другі таксама церпіць. Хтосьці іншы таксама адзінокі.  Трэці, чацвёрты, пяты … Ёсць цэлая армія самотных людзей, якія церпяць.

Калі злучым наша цярпенне з цярпеннем іншых людзей, тады ўвойдзем у таямніцу Бога – крыж нясе Езус. Гэта Ён запрашае нас да свайго цярпення.

Тады, калі не абмяжоўваемся толькі ўласным цярпеннем, а жывём цярпеннем іншых, аказваецца, што гэта Езус нясе крыж, а мы толькі дапамагаем Яму, як Сымон з Цырэны.  

Прыпынак 6

Здольнасць згадзіцца на сваю слабасць

Хочам даваць, мудра казаць, раіць, навучаць, вырашаць чужыя справы. Каб быць вядомым, важным, каханым, патрэбным.

Калі знікае ў нас магчымасць дапамогі, адстаўляюць нас у кут, як дзіравы парасон, – упадаем у роспач, пачынаем наракаць, многа есці з нуды і смутку. І нам здаецца, што больш ужо нічога не можам рабіць, што жыццё прайграна.

На самой справе толькі тады пачынаецца для нас магчымасць найцяжэйшай працы. Колькі трэба высілку, каб маўчаць, слухаць, быць няважным, нязнаным, нелюбімым, непатрэбным. Прасцей ударыць, чым вытрымаць удар і захаваць сваю годнасць.

Ёсць розныя азначэнні святасці. Ёсць і такое: святасць – гэта здольнасць згадзіцца на сваю слабасць, няважнасць; здольнасць прыняць усё тое, што нам дае Бог: не толькі ласку дзейнасці, але і ласку вытрымання сітуацыі, калі не можам дзейнічаць і застаецца нам толькі наша цярпенне.

Прыпынак 7

Грэх – найвялікшае зло

Езус, які абвяшчаў прысутнасць Бога, ведаў, што грэх – гэта найвялікшае зло, адыход ад Бога.  Для Яго грэх не быў  людской легкадумнасцю, дурнотай, тым, што можа нашкодзіць толькі чалавеку.

Чаму Езус так моцна цярпеў у Аліўным садзе, у цярновай кароне, на крыжы?

 Тут справа не толькі ў цярпенні, але і ў тым, што ў цярпенні ёсць адарацыя Бога і дух пакуты. Цярпеў таму, што праслаўляў Пана Бога, рабіў усё тое, чаго Бог ад Яго вымагаў. У духу пакуты.

Грэх зачыняе дарогу, праз якую Бог можа прыходзіць на свет. Калі грашым, грэх заціскае нас, як корак, і Бог не можа праз нас прыйсці на свет.

Чаму Езус так моцна цярпеў? Гэта быў кошт адкрыцця ўсіх дарог, якімі Бог мае намер прыходзіць у свет.

У болю ёсць штосьці большае, чым сам боль. Боль – гэта адарацыя Бога. Церпячы, адчыняем дзверы самому Богу, каб праз мяне Ён дзейнічаў у свеце.

Прыпынак 8

Сапраўднае суцяшэнне

Ці тыя жанчыны, што плакалі на Крыжовай дарозе, на самой справе суцяшалі Езуса Хрыста?

Калі мы сапраўды суцяшаем таго, хто церпіць? Не тады, калі над ім лямантуем. Не тады, калі кажам, што ўсё дрэнна, а не добра. Дапамагаем яму тады, калі паказваем сэнс цярпення.

Калі зразумее, што яго цярпенне патрэбнае, адыдзе суцешаны, хоць само цярпенне можа яшчэ доўга трываць.

Прыпынак 9

Цярпячы, умець цярпець

Звычайна шукаем настаўніка, які нас навучыць, растлумачыць. Езус – гэта Настаўнік, які нас вучыць моўчкі. Церпячы, вучыць цярпець.

Не раз нам здаецца, што цярпенне – гэта змарнаваны час у жыцці. Але наша цярпенне з’яўляецца для Бога найкаштоўнейшым часам.

Славутага мастака Марка Шагала спыталі, калі яму найлепш малюецца. Ён адказаў: “Я добра не малюю – я толькі добра цярплю”.

Ці, церпячы, умеем цярпець? Звычайна ўмеем разважаць пра цярпенне, калі мы здаровыя і шчаслівыя. У той час прамаўляем вялікія казанні пра цярпенне. Тады, калі церпім, наракаем і заламываем рукі.

У той жа час Сэрца Езуса – гэта Сэрца, прабітае цернем, якое, церпячы, вучыць нас цярпець.

Прыпынак 10

Спатканне з таямніцай Бога

Некалі адыходзіў да Пана адзін вельмі вядомы прафесар-тэолаг. Меў столькі дыпломаў, глыбокія веды, але, паміраючы, усё забыў. Памятаў толькі малітву на ружанцы, якая зрабіла яго дзіцём. Адыходзіў, як дзіця, якое памятае толькі ранішнюю і вячэрнюю малітву.

Якое гэта шчасце, паміраючы, ужо не глядзець на тое, што ты дацэнт, прафесар, доктар, магістар, але быць дзіцём, якое вяртаецца да Пана Бога і ведае найпрасцейшыя малітвы: Ойча наш, Вітай, Марыя – і пастаянна іх паўтарае.

Гэта, напэўна, найважнейшае ў жыцці: адысці з узрушэннем ад спаткання з таямніцай Бога.

Прыпынак 11

Спрэчка пра Бога

Вялікая пятніца прыйшла не адразу. Крыжовая дарога значна даўжэйшая. Перад гэтым трывала спрэчка паміж Езусам і фарысеямі. Нападалі на Яго, атакавалі, правакавалі. Хутчэй ужо тады Юду абяцалі срэбранікі за здраду. Можа нават наперад плялі вянок з церняў і збівалі крыж. Колькі трэба было прайсці Крыжовай дарогі без Божай Маці, Веранікі, Сымона, жанчын, перш чым дайсці да Пілата!  

Пра што ішла гутарка ў той спрэчцы? Пра навяртанне з юдаізму ў хрысціянства. Паміж іншым гэта была спрэчка пра Бога. Фарысеі былі ўпэўнены, што, гаворачы пра Бога, яны не могуць памыляцца, што пра Бога яны ведаюць найлепш. Бог стаў для іх беспамылковай формулай. А Езус тлумачыў, што тыя, хто думае, што знае пра Бога ўсё, – ведае пра Яго найменш. Бог – гэта адкрытая дарога, а не закрытая.

Веды пра Бога не пераказваюцца толькі ў дыскусіі, праз біблійныя аргументы, місіянерскую энергію і запал. Бога таксама можна адкрыць людзям праз малітву, цярпенне, ахвяру.

Езус гаварыў пра Бога, але і адкрываў Яго Сваім цярпеннем, крыжам, усім тым, чаго нават “Песні жальбы” не выкажуць.

Часта здзіўляемся, што ёсць столькі тэолагаў, дагматыкаў, хрысціянскіх філосафаў, а па свеце ходзіць так многа няверуючых. Як быццам яны ніколі нічога не чулі пра Бога. Відавочна, таму, што мы  мала молімся. Уцякаем з Аліўнага саду, бо нам зазімна, зацяжка.

Трэба маліцца за тых, хто не верыць. Не толькі пераконваць, але і цярпець  за іх.

Прыпынак 12

Сведчанне любові да Бога

Найчасцей бачым сэнс цярпення таго, хто вінаваты. Як аднак пагадзіцца з цярпеннем бязвінным? Мы былі пабожныя і цалкам верныя Богу, і захварэлі на страшную хваробу ці хтосьці нас незаслужана агаварыў.

Няўжо дрэнна вучаць рэлігіі, калі кажуць, што цярпенне – гэта кара за грахі.

Запытаемся ў сябе: як Бог мог караць свайго Сына за нашы грахі? Як гэта зразумець? Кажучы так, бачым у Богу суддзю, як судзіць і карае па-людску.

Цярпенне найчасцей з’яўляецца наступствам граху. Той, хто грашыць, рана ці позна будзе ўцягнуты ў цярпенне.

Але не заўсёды. Часам цярпенне не можа быць ні карай за грахі, ні наступствам граху. Як цярпенне Езуса. Які ж тады яно мела сэнс?

 Для таго, каб зразумець, трэба перанесціся зусім у іншае вымярэнне, дзе няма пакарання, а ёсць месца толькі для любові Бога. Апляваны, укрыжаваны Езус паказвае, калі на самой справе любім Бога.

Калі ў нас усё атрымліваецца, калі мы шчаслівыя, калі ўсё ідзе па нашых планах, мы кажам, што любім Бога.

Часта, калі мы хочам быць шчаслівымі і молімся аб гэтым, прыходзіць бязвіннае цярпенне, страшная крыўда, якую не разумеем. Спатыкае нас незаслужаны боль, які не з’яўляецца ні карай за грахі, ні наступствам граху.

Важна тады адважыцца на гераічны акт любові і сказаць: “Божа, хачу таго, чаго хочаш Ты.” Гэта штосьці найвялікшае, на што можна адважыцца. Тое, што збаўляе свет.

Нічога не разумею. Вакол мяне цёмна. Па-людску не бачу сэнсу цярпення, але Ён гэтага ад мяне вымагае, бо мае планы большыя за мае.

Згода на гэта – найбольшае сведчанне любові да Бога.

Прыпынак 13

Вытрываць да канца

“Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены”. (Мц 10, 22).

У гэтым фрагменце Евангелля знаходзяцца вельмі важныя словы: хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. Гэтыя словы ведаем на памяць, але часамі яны такія цяжкія для разумення, што аж страх бярэ.

Езус як чалавек вытрываў да канца. Мог ужо ў пустыні не вытрываць, спалоханы сваім пакліканнем. Яму магло надакучыць манатоннае трыццацігадовае жыццё ва ўкрыцці ў захалусным мястэчку, у правінцыяльнай дзірцы. У Аліўным садзе мог мець прэтэнзіі да Айца, што замнога ад Яго вымагае. Мог сысці з крыжа, бо вельмі моцна балела.

Мог не вытрываць, калі Яму здавалася, што Бог пакінуў Яго як чалавека.  Аднак вытрываў да канца ў духу Евангелля.

Калі гаварыць пра нас, то заўсёды вельмі прыгожа пачынаем. Бачым адчыненае неба, як Святы Стэфан. Потым кінуць у нас першым каменем. Або таксама ідзём да паловы дарогі, а потым усё рушыцца ў нашым жыцці. Як часта людзі любяць адзін аднаго да першай спрэчкі – затым разыходзяцца.  Блізкія раптоўна становяцца далёкімі.

Колькі людзей не вытрывала на Божай дарозе, колькі манахаў, святароў пакінула кляштары, служэнне, колькі растрацілі любові, хоць былі пабожныя, спавядаліся, прымалі Святую Камунію – не ўмелі вытрываць да канца!

Езус вытрываў.

Бываюць вельмі цяжкія хвіліны, калі нам на галаву падаюць камяні, як святому Стэфану. Тады трэба паўтараць сабе: “Хто вытрывае да канца ў духу свайго паклікання – будзе збаўлены”.

Прыпынак14

Дабро, якое ратуе свет

Аўраам не знайшоў у Садоме нават дзесяці праведнікаў. Толькі столькі было патрэбна Богу, каб не знішчыць горад. Толькі столькі малітвы, чысціні, дабрыні, ахвярнасці, колькі можа змясціцца ў  жыцці дзесяці чалавек. І нават гэтага Бог не знайшоў. Дзесяць магло сімвалічна абазначаць нямнога. Аўраам перажыў трагедыю расчаравання, бачачы палаючыя дамы і ўцёкі грэшнікаў проста ў магілу. Але пазнаў і новую праўду: велізарнаму злу можна супрацьпаставіць нават невялікае дабро. Пазнаў аптымізм Бога. У моры зла Бог церпяліва збірае нават крышынкі людскога дабра.

Сучасны свет часам называем Садом і Гамора, асабліва калі бачым матэрыялізм, атэізм, крызіс маральных звычаяў. Аднак Бог церпяліва збірае кожную крышынку людскога дабра, кожную малітву, кожнае сэрца, поўнае даверу. Ніхто, ніякая сіла не вырве збаўчай справы Езуса Хрыста, якую Ён здзейсніў. Ніхто не зможа забраць у нас Вялікую пятніцу, муку Справядлівага, які адзін супрацьстаяў магутнаму злу.

У Вялікую пятніцу Езус на крыжы знешне быў пераможаны, пазбаўлены ўлады. Трыумфавалі Пілат, Каяфа, фарысеі, Юда.

Менавіта ў той час Езус –знешне пераможаны – трыумфаваў. Пілат аказаўся тхаром, Каяфа – фармалістам, фарысеі – людзьмі несумленнымі, а Юда – здраднікам.

Нельга знясільвацца думкай, што на свеце пераможа зло. Нельга перастаць шукаць дабро, хоць маленькае, знешне пераможанае.

Кожны стук сэрца, кожная выслуханая малітва, кожная Святая Камунія, літанія, адспяваная да Сэрца Езуса, – гэта дабро, якое ратуе свет.

Аўтар: Ірына Шнітоўская