Знайдзі час, каб пабыць разам з Езусам!
Гэты Святы Пасхальны Трыдуум адзначаны знакам вялікага цярпення.
Яшчэ цяжка сабе ўсвядоміць, што ўсё будзе не так як раней.
У нарачанскай парафіі здаўна існавала цудоўная традыцыя: адарацыя Езуса ў цямніцы, а пасля ў грабніцы адбывалася ў касцёле да 23 гадзін. Прычым, самы позні час для таго, каб чуваць разам з Езусам, выбірала для сябе моладзь. Кожны год рыхтаваліся спецыяльныя разважанні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта.
У гэтым годзе ў Вялікі чацвер, напярэдадні 100- годдзя з дня нараджэння Святога Яна Паўла ІІ, мы хочам разам з Вамі паразважаць пра таямніцу паклікання вадавіцкага хлопчыка Караля, прапанаваўшы Вашай увазе ўрыўкі з кнігі Святога Яна Паўла ІІ “Дар і таямніца”.
Зайдзі ў свой пакой, суцішся, паглядзі на крыж, памаліся, прачытай урыўкі з кнігі “Дар і таямніца”. Паразважай над таямніцай паклікання Караля Вайтылы і падумай, як незвычайна прыгожа гэты святы нашых часоў рэалізаваў гэта пакліканне. У дзень устанаўлення Сакрамэнту Святарства ахіні сваёй малітвай усіх святароў.
А пасля проста пабудзь з Езусам.
Запрасі Яго ў сваё сэрца і скажы: “Езу, у сваёй пакінутасці, роспачы, адзіноце і страху Ты не адзін. Я з Табой, і ўсім сваім сэрцам адчуваю Тваю Боскую прысутнасць”.
Чуванне Вялікі чацвер
Гісторыя майго святарскага паклікання? Гісторыя гэта вядома перадусім аднаму Богу. Кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове – гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека. Кожны з нас, святароў, вельмі выразна спазнае гэта ва ўсім сваім жыцці. Перад веліччу такога дару мы адчуваем, наколькі не дарастаем да яго.
Пакліканне – гэта таямніца Божага абрання: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). «І ніхто сам сабе не бярэ гэтае годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (Гбр 5, 4). «Перш чым сфармаваў цябе ва ўлонні маці, Я ведаў цябе, перш чым ты прыйшоў на свет, Я асвяціў цябе, прарокам для народаў устанавіў цябе» (Яр 1, 5). Гэтыя натхнёныя словы павінны праняць глыбокім хваляваннем кожную святарскую душу.
Таму, калі мы ў розных абставінах (напрыклад, у сувязі са святарскімі юбілеямі) гаворым пра святарства і даем аб ім свае сведчанні, то павінны рабіць гэта з вялікаю пакораю, усведамляючы, што Бог нас «паклікаў прызваннем святым не паводле ўчынкаў нашых, але паводле пастановы сваёй і ласкі» (2 Тым 1, 9). Разам з тым мы ўсведамляем, што людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства.
Калі я вучыўся ў гімназіі, князь Адам Стэфан Сапега, арцыбіскуп, мітрапаліт Кракаўскі візітаваў нашу парафію ў Вадавіцах. Мой катэхет ксёндз Эдвард Захэр даручыў мне прывітаць князя мітрапаліта. Такім чынам, першы раз у жыцці я меў магчымасць стаць перад чалавекам, які карыстаўся ўсеагульнаю глыбокаю павагаю. Ведаю таксама, што пасля мае прамовы арцыбіскуп спытаў у катэхета, куды я збіраюся пайсці вучыцца пасля гімназіі. Ксёндз Захэр адказаў: «Ідзе на паланістыку». «Шкада, што не на тэалогію», – заўважыў на гэта арцыбіскуп.
У той перыяд жыцця маё святарскае пакліканне яшчэ не выспела, хоць многія са знаёмых дапускалі, што я мог бы пайсці ў духоўную семінарыю. Калі малады чалавек з такімі выразнымі рэлігійнымі схільнасцямі не ішоў у семінарыю, гэта магло нараджаць домыслы, што вінаваты ў тым якіясь іншыя любові альбо захапленні. Я меў у школе шмат сябровак і сяброў, быў звязаны з працаю ў школьным аматарскім тэатры, але не гэта было вызначальным. У той перыяд вызначальным здавалася мне перадусім улюбёнасць у літаратуру і асабліва ў драматургію і тэатр. Любові да тэатра даў пачатак старэйшы за мяне паланіст Мечыслаў Катлярчык. Ён быў сапраўдным піянерам аматарскага тэатра з вялікімі рэпертуарнымі амбіцыямі.
Восенню 1942 года я прыняў канчатковае рашэнне паступіць у Кракаўскую Духоўную Семінарыю, якая дзейнічала ў падполлі. Прыняў мяне ксёндз рэктар Ян Піваварчык. Аднак гэты факт павінен быў застацца ў глыбокай таямніцы, нават ад самых блізкіх людзей. Я распачаў вучобу на тэалагічным факультэце Ягелонскага універсітэта і працягваў працаваць рабочым на заводзе Сольвай. Універсітэт наш таксама знаходзіўся ў падполлі.
Мая семінарская падрыхтоўка да святарства была ў пэўнай ступені прадвызначана. У нейкім сэнсе спрычыніліся да таго мае бацькі ў родным доме, асабліва мой бацька, які рана аўдавеў. Маці я страціў яшчэ перад Першаю Св. Камуніяй у дзевяцігадовым узросце і таму менш яе памятаю і менш усведамляю яе ўклад у маё рэлігійнае выхаванне, а быў ён, несумненна, вельмі вялікі. Пасля яе смерці, а затым і пасля смерці майго старэйшага брата, мы з бацькам засталіся ўдвух. Я мог кожны дзень бачыць суровае жыццё свайго бацькі. Па прафесіі ён быў вайскоўцам, а калі аўдавеў, жыццё яго яшчэ ў большай ступені стала жыццём пастаяннай малітвы. Часта, абудзіўшыся ноччу, я бачыў свайго бацьку на каленях. Таксама на каленях заўсёды бачыў яго ў нашым парафіяльным касцёле. Ніколі не размаўлялі мы між сабою пра святарскае пакліканне, але гэты прыклад майго бацькі быў як бы першаю хатняю семінарыяй.
Маё святарскае пасвячэнне адбывалася ў дзень, калі звычайна гэты сакрамэнт не ўдзяляецца: 1 лістапада Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых і літургія цалкам скіравана на перажыванне таямніцы Еднасці Святых і падрыхтоўку да Задушнага Дня. Аднак князь мітрапаліт выбраў гэты дзень у сувязі з тым, што я ў хуткім часе павінен быў выехаць у Рым для далейшай вучобы. Пасвячэнне я прымаў адзін, у прыватнай капліцы Кракаўскіх Біскупаў. Мае аднакурснікі павінны былі атрымаць пасвячэнне толькі ў Вербную Нядзелю на наступны год.
У сувязі з тым, што святарскае пасвячэнне я атрымаў ва ўрачыстасць Усіх Святых, прыміцыйную Св. Імшу мне выпала адправіць у Задушны Дзень, 2 лістапада 1946 года. У гэты дзень кожны святар можа адправіць тры Св. Імшы і таму таксама мае Прыміцыі мелі «траісты» характар. Я адправіў гэтыя тры Св. Імшы ў крыпце св. Леанарда, якая складае частку ранейшай так званай Германаўскай біскупскай Катэдры ў Кракаве на Вавелі. Цяпер крыпта св. Леанарда належыць да аднаго цэлага каралеўскіх захаванняў.
Што значыць быць святаром? Паводле св. Паўла святар перадусім з’яўляецца ўпраўнікам Божых таямніцаў: «Няхай людзі лічаць нас слугамі Хрыстовымі і ўпраўнікамі таямніцаў Божых; ад упраўнікаў жа патрабуецца, каб кожны быў верны» (пар. 1 Кар 4, 1-2). Гэтае слова «ўпраўнік» нельга замяніць ніякім іншым. Яно глыбока ўкаранёна ў Евангеллі.
Варта ў гэтым кантэксце прыгадаць прыпавесць пра вернага і нявернага ўпраўніка (пар. Лк 12, 41-48). Упраўнік не з’яўляецца ўладальнікам. Ён той, каму ўладальнік давярае свае багацці, каб справядліва і адказна распараджаўся імі. Менавіта так святар атрымлівае ад Хрыста багацце збаўлення, каб адпаведным чынам раздзяляць яго людзям, да якіх ён пасланы. Гаворка ідзе пра багацце веры. І таму святар – гэта таксама чалавек слова Божага, чалавек сакрамэнту, чалавек «таямніцы веры». Праз веру мы атрымліваем доступ да нябачнага багацця, якое з’яўляецца спадчынаю Адкуплення свету Сынам Божым. Ніхто не можа лічыцца «ўладальнікам» гэтага багацця. Яно прызначана для ўсіх нас. Аднак сілаю Хрыстовага ўстанаўлення святар павінен удзяляць гэтае багацце іншым.
Аўтар: Ірына Шнітоўская