8 красавіка прыпадае 81 гадавіна святарства кардынала Казіміра Свёнтка.

Вернікі нарачанскай парафіі рыхтуюцца адзначыць гэту падзею.

 Так, 8 красавіка ў нарачанскім касцёле будзе цэлебравацца Святая Імша за спачылага кардынала, Крыжовы шлях “ Мяне ўратавала моцная, непахісная вера”, які павінна была правесці моладзь парафіі, будзе апублікаваны на парафіяльным сайце, каб кожны змог дзякуючы сучасным сродкам перадачы інфармацыі далучыцца да малітвы. Кветкі для кардынала Казіміра Свёнтка будуць куплены і аднесены ў крыпту, дзе ён пахаваны, як толькі для гэтага будзе спрыяльны час. На жаль, сітуацыя з пандэміяй каранавірусу ўносіць карэктывы ў святкаванне, але нязменным застаецца адно: любоў і павага да чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Богу і меў дзіцячы давер да Яго.

Няхай у гэты складаны для ўсіх час ціхай мелодыяй надзеі гучаць для нас ужо з Вечнасці словы цалкавітага даверу да Пана Бога: “Еду я ў Варкуту ў гэтым цялячым вагоне, людзі лаюцца або шукаюць нейкі сэнс у гэтым  усім, а я думаю: я ў руках Пана Бога, што б ні адбывалася, а я ў руках Пана Бога!  Так кожны дзень: “Я ў руках Пана Бога!” Памятаю кожную хвiлiну…  Не было там такiх думак: «Божа, за што мне гэта?» Было iншае : «Пане Божа, дай мне сiлы, дадай мне моцы».

Аўтар: Ірына Шнітоўская