Конкурс ведаў для дзяцей і моладзі, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Святога Яна Паўла ІІ, будзе праведзены ў Нарачы
Каб пазнаёміць маладое пакаленне нарачанцаў з жыццём і навучаннем Святога Яна Паўла ІІ, у парафіі запланавана правядзенне конкурсу ведаў, прысвечанага Вялікаму Папу.
Конкурсу папярэднічала правядзенне катэхэз, падчас якіх дзяцей і моладзь пазнаёмілі з самымі цікавымі і знакавымі момантамі жыцця Святога Яна Паўла ІІ.
Маладыя нарачанцы з цікавасцю слухалі аповеды пра Вялікага Папу, знаёміліся з яго навучаннем, каб потым, запаленыя святлом яго любові да Бога і чалавека, самім вучыцца “не баяцца адчыніць дзверы Хрысту”.
Плануецца, што конкурс і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў маі падчас святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Святога Яна Паўла ІІ.
Матэрыялы для падрыхтоўкі да конкурсу:
Дзяцінства і юнацтва
Караль Юзаф Вайтыла нарадзіўся ў Вадавіцах (Польшча) 18 мая 1920 года. Быў трэцім дзіцём Караля Вайтылы і Эміліі з дома Качароўсках. Лёлек – так называлі яго родныя – меў старэйшага на 14 год брата Эдмунда, а яго сястра Вольга памерла праз 16 гадзін пасля народзінаў 7 ліпеня 1916 года.
Караля ахрысцілі 20 чэрвеня 1920 года. Маючы 9 год, прыняў першую Святую Камунію, а маючы 18 – сакрамэнт канфірмацыі. Сям’я Вайтылаў вяла сціплае жыццё. Бацька быў былым афіцэрам аўстрыйскай арміі. Маці займалася гаспадаркай. У хаце Вайтылаў панавала рэлігійная атмасфера і ўзаемная павага.
Калі Караль меў 8 год, памерла яго маці (13 красавіка 1929). А праз 3 гады, у 1932 годзе, яго брат Эдмунд, які быў лекарам, заразіўся ў шпіталі і памер ад скарлатыны.
Караль быў вельмі здольным хлопцам: ён добра вучыўся, гуляў у футбол і ездзіў на лыжах, а таксама браў актыўны ўдзел у працы школьнага тэатра. Скончыўшы ліцэй, у 1938 годзе будучы Папа распачаў вучобу на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве.
Час вайны
Падчас Другой сусветнай вайны ўніверсітэт быў закрыты, малады Караль пакінуў вучобу і працаваў у каменяломні каля Кракава, а потым перайшоў на хімічны завод кампаніі «Солвэй». Цяжкай працай зарабляючы сродкі на жыццё, мог такім спосабам пазбегнуць вывазу ў Германію.
18 лютага 1941 года памёр яго бацька, і Караль застаўся круглым сіратой. Пасля ён успамінаў: «Да дваццаці гадоў я страціў усіх, каго любіў. Бог відавочна рыхтаваў мяне да маёй сцежкі. Бацька быў тым чалавекам, які растлумачыў мне Божыя сакрамэнты і дапамог іх спазнаць». Смерць бацькі стала пераломам у жыцці Караля. Пасля гэтага моманту Караль канчаткова вырашыў, што ён не будзе ні акцёрам, ні выкладчыкам – ён будзе святаром.
У 1942 годзе распачаў фармацыю да святарства ў падпольнай духоўнай семінарыі ў Кракаве. Тады ж ён стаў адным з ініцыятараў тэатра «Рапсодыя». Пасля заканчэння семінарыі ён першапачаткова думаў пра тое, каб паступіць у кармэліцкі кляштар і жыць ціхім жыццём манаха.
У 1944 годзе арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Стэфан Сапега па меркаваннях бяспекі перавёў Вайтылу разам з іншымі «нелегальнымі» семінарыстамі на працу ў дыяцэзіяльную курыю ў арцыібіскупскім палацы, дзе Караль застаўся да канца вайны.
Пасля вайны працягваў вучобу ў зноў адчыненай Кракаўскай духоўнай семінарыі, а таксама ў Ягелонскім універсітэце.
Яшчэ ў юнацтве ён быў паліглотам і бегла размаўляў на дзесяці мовах — на роднай польскай і, акрамя таго, на славацкай, рускай, італьянскай, французскай, іспанскай, партугальскай, украінскай, нямецкай і англійскай. А таксама, зразумела, ведаў латынь.
Святарская і біскупская паслуга
1 лістапада 1946 года Караль Вайтыла прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў скіраваны ў Рым ва ўніверсітэт Angelicum, дзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: «Пытанні веры ў святога Яна ад Крыжа».
Ксёндз Караль Вайтыла працаваў вікарыем у некалькіх парафіях, у тым ліку ў парафіі святога Фларыяна ў Кракаве, дзе праявіў сябе як выдатны душпастыр моладзі, якая называла яго Wujek, што па-польску азначае «дзядзька». Працягваў займацца навуковай працай, выкладаў у Духоўнай семінарыі і ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, а потым у Люблінскім каталіцкім універсітэце як кіраўнік кафедры этыкі.
У 1958 годзе ксёндз Караль Вайтыла быў прызначаны дапаможным біскупам у Кракаве. У 38 гадоў стаў самым маладым польскім біскупам. Дэвізам служэння новы кракаўскі біскуп выбраў словы: Totus Tuus — «Увесь Твой», што азначала поўную адданасць абароне Марыі і праз яе Хрысту. Яны таксама засталіся дэвізам Папы Яна Паўла ІІ.
Быў удзельнікам Другога Ватыканскага Сабору, падчас якога асабліва спрычыніўся да падрыхтоўкі Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes — «Радасць і надзея».
У 1963 годзе стаў Кракаўскім арцыбіскупам. Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і святкаванні Тысячагоддзя хросту Польшчы, які адзначаўся ў 1966 годзе, а ў наступным годзе Папа Павел VI прызначыў арцыбіскупа Вайтылу кардыналам.
Ён рэгулярна наведваў Папу падчас прыватных аўдыенцый. У лютым 1976 г. яго запрасілі правесці рэкалекцыі для Рымскай курыі. У маі 1978 г. Караль Вайтыла апошні раз наведаў Паўла VI. 12 жніўня кардыналы Вышынскі і Вайтыла прыехалі ў Рым для ўдзелу ў пахаванні, а потым у канклаве, які павінен быў выбраць пераемніка Паўла VI.
26 жніўня быў абраны новы Папа Рымскі – арцыбіскуп Венецыі Альбіно Лучані. Ён прыняў імя: Ян Павел I. Аднак ён быў Папам усяго 33 дні. Памёр 28 верасня таго ж года. 4 кастрычніка адбылося пахаванне, пасля якога быў час жалобы і наступны канклаў.
Пантыфікат Яна Паўла ІІ
16 кастрычніка 1978 года ў 18:45 вернікі, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра, каля Ватыкана пачулі афіцыйнае паведамленне: «Папа абраны — ім стаў кардынал Караль Вайтыла». Першы Папа-славянін, а таксама першы Папа не італьянскага паходжання за апошнія 455 гадоў. Ён выбраў сабе імя Ян Павел ІІ, стаўшы 264-м Папам у гісторыі Касцёла.
22 кастрычніка 1978 г. урачыста распасчаўся пантыфікат Вялікага Папы Яна Паўла II. Падчас гаміліі ён сказаў знакамітыя словы: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!».
Пантыфікат Яна Паўла ІІ доўжыўся 27 гадоў і стаў трэцім па працягласці ў гісторыі Каталіцкага Касцёла. Папа Вайтыла спрыяў падзенню атэістычнага рэжыму ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, шмат намаганняў прыклаў справе захавання міру, бараніў Богам устаноўлены інстытут сям’і, народжанае і ненароджанае жыццё, клапаціўся пра ўбогіх і хворых, ініцыяваў Сусветныя дні моладзі ( у 1991 годзе ў Чэнстахове на сустрэчы з Янам Паўлам ІІ упершыню прысутнічала моладзь з Беларусі) , абвясціў новы Кодэкс Кананічнага Права і новы Катехізіс Каталіцкага Касцёла, даверыў свет Маці Божай Фацімскай і Божай Міласэрнасці, сустракаўся з прадстаўнікамі розных веравызнанняў і палітычных сілаў, увёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе.
Здзейсніў 104 замежныя апостальскія падарожжы, падчас якіх наведаў 129 краін свету. Акрамя гэтага, здзейсніў 146 апостальскіх падарожжаў у Італіі і 748 у Рымскай дыяцэзіі і Кастэль Гандольфа, дзе знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Папы. Падчас апостальскіх падарожжаў прамовіў 3288 прамоваў.
Апублікаваў 14 энцыклік, 14 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый, 45 апостальскіх пасланняў, 31 Motu Proprio — дакументаў, напісаных па асабістай ініцыятыве Папы. Склікаў 14 Сінодаў біскупаў і іх узначаліў.
Правёў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі.
У 1983–1984 гадах правёў Святы год Збаўлення, у 1987–1988 — Марыйны год, у 2000 — год Вялікага Юбілею хрысціянства, у 2002–2003 – год Святога Ружанца. У 2004 годзе распачаў Эўхарыстычны год, які ў 2005 завяршыў ужо яго наступнік Бэнэдыкт XVI.
Падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ адбыліся 4 Сусветныя сустрэчы сем’яў: у 1994 годзе ў Рыме, у 1997 — у Рыа-дэ-Жанэйра, у 2000 — у Рыме і ў 2003 — у Маніле.
Святы Айцец сустрэўся з больш як 1600 кіраўнікамі дзяржаў. Правёў 1164 агульныя аўдыенцыі, у якіх узяло ўдзел 17 665 800 пілігрымаў з усяго свету.
Быў першым сучасным Папам, які наведаў сінагогу і мячэць.
Пра замах на Яна Паўла ІІ. Цуд выратавання жыцця
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая праходзіла ў сераду 13 мая 1981 г. у 17 гадзін Святы Айцец пачаў аб’езд у адкрытым джыпе па плошчы Св. Пятра, благаслаўляючы пілігрымаў. Праз 20 хвілін турэцкі забойца Мехмет Алі Агджа тройчы стрэліў у Папу, цяжка параніўшы яго. Не мінула і адной секунды, а Папа ўжо ляжаў на падлозе папскай машыны.
Алі Агджа быў
арыштаваны недалёка ад месца нападу, Яна Паўла ІІ перавезлі ў рымскую клініку
Джэмэллі.
У клініцы падчас пяцігадзіннай аперацыі ўрачам удалося стрымаць страту крыві,
сшыць разарваныя кулямі ўнутраныя органы і ўратаваць жыццё Пантыфіку. Папа
перажыў гэты замах.
Куля прашыла цела Святога Айца, параніўшы яго ў жывот, правы локаць і ўказальны палец левай рукі. Два чалавекі, якія стаялі побач, таксама былі паранены. Агджа ў хуткім часе быў асуджаны.
Праз некалькі тыдняў пасля замаху італьянскі суд асудзіў Агджу на пажыццёвае зняволенне. У снежні 1983 г. Ян Павел ІІ наведаў яго ў рымскай турме.
Алі Агджа быў памілаваны 13 чэрвеня 2000 года Прэзідэнтам Італіі Карло Чампі, пасля чаго пераведзены ў турму ў Турцыі, дзе распачаў адбыванне зняволення за забойства турэцкага рэдактара. Канчаткова выйшаў на волю ў студзені 2010 г.
Адна з куляў падчас
замаху трапіла ў жанчыну, якая ўдзельнічала ў аўдыенцыі, — амерыканку польскага
паходжання, родам з Вадавіц, якая нарадзілася ў той жа самы год і дзень, што і
Караль Вайтыла.
Замах
адбыўся дакладна ў той жа час, што і аб’яўленне Маці Божай у Фаціме: у 17.19.
Без ценю сумнення гэта ўказвае на заступніцтва Маці Божай падчас замаху. «Адна рука страляла,
а другая накіроўвала кулю,”
– так Ян Павел ІІ казаў пра сваё цудоўнае выратаванне. Пагэтаму Ян Павел ІІ
атачаў Маці Божую Фацімскую і Яе пасланне асаблівым культам.
Ян Павел ІІ прабачыў Алі Агджу яшчэ па дарозе ў шпіталь, і больш за тое –
назваў яго братам, наведаўшы яго ў турме.
Смерць і кананізацыйны працэс
На пачатку свайго пантыфікату Папа быў поўны сіл. Яго здароўе было падарвана раненнем 13 мая 1981 года – у гадавіну фацімскіх аб’яўленняў.
У канцы 90-х гадоў было відавочна, што Ян Павел II пакутуе ад хваробы Паркінсона, якая паступова прагрэсіравала. Нягледзячы на гэта, Ян Павел II працягваў вандраваць і свае сілы цалкам аддаваў служэнню. Незадоўга да смерці ён страціў голас і не мог прамаўляць да вернікаў.
Ян Павел ІІ памёр у сваім пакоі ў Ватыкане 2 красавіка 2005 года ў 21.37, у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці. Яго адыход у вечнасць малітоўна суправаджалі шматлікія вернікі на плошчы Св. Пятра, а праз пасрэдніцтва тэлебачання — мільёны людзей ва ўсім свеце.
Да дня пахавання труна з целам Вялікага Папы была выстаўлена ў базыліцы Св. Пятра. Звыш 3 мільёнаў чалавек з усяго свету выстаялі шмат гадзін у велізарнай чарзе, каб ушанаваць спачылага і памаліцца за яго душу.
8 красавіка на плошчы Св. Пятра адбылося ўрачыстае пахаванне Святога Айца, якое ўзначаліў кардынал Ёзаф Ратцынгер, дэкан Калегіі Кардыналаў. На пахаванні прысутнічалі афіцыйныя дэлегацыі са 169 дзяржаў, 69 кіраўнікоў дзяржаў (сярод іх 10 манархаў), 17 кіраўнікоў урадаў і больш за 100 тысяч чалавек, якім удалося трапіць на плошчу. На пахаванні прысутнічаў і першы беларускі кардынал Казімір Свёнтэк.
Над галовамі вернікаў узвышаліся транспаранты з надпісам «Santo subito» — «Святы ўжо цяпер». Такім чынам людзі выразілі сваю пашану і любоў да памерлага і сваё перакананне, што сваім жыццём ён заслужыў, каб называцца святым.
9 мая 2005 г. у дакуменце прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Жазэ Сараіва Марцінша інфармавалася, што новы Папа Бэнэдыкт XVI дазволіў распачаць беатыфікацыйны працэс Слугі Божага Яна Паўла ІІ ужо цяпер (паводле касцёльных прадпісанняў, да распачацця беатыфікацыйнага працэсу павінна прайсці 5 год пасля смерці). Гэты дакумент быў абвешчаны 13 мая 2005 г.
1 мая 2011 года Папа Бэнэдыкт XVI яго беатыфікаваў, а 27 красавіка 2014 года Папа Францішак абвясціў святым. Літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ адзначаецца ў Касцёле 22 кастрычніка, прыпадаючы на гадавіну ўрачыстай інаўгурацыі пантыфікату Вялікага Папы.
Аўтар: Ірына Шнітоўская