Спеў на Божую хвалу
Сёння ў нашым касцёле адбылося выступленне харавых ансамбляў удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, якое стала цудоўным падарункам для нарачанцаў у Год веры.
Ініцыятарамі выступлення сталі работнікі нацыянальнага дзіцячага лагера “Зубраня”, у якім зараз і адпачывае таленавітая моладзь з усёй Беларусі.
Такой колькасці гасцей наша парафія яшчэ не сустракала, бо паказаць свой талент да нас прыехала больш за сто хлопцаў і дзяўчат з Брэста, Гродна, Оршы, Мінска і іншых гарадоў.
Увазе вернікаў былі прадстаўлены рэлігійныя, а таксама беларускія народныя спевы.
На прыканцы выступлення адзін з кіраўнікоў ансамбля падзякаваў нарачанцам за тое, што падарылі дзецям свята, даўшы магчымасць выступіць у касцёле. Увага была звернута і на тое, што гучала многа праваслаўных рэлігійных спеваў, і гэта дало магчымасць і праваслаўным, і католікам разам праслаўляць Бога.
У сваю чаргу пробашч парафіі а. Бэрнард Радзік OCD падзякаваў юным артыстам за падоранае свята і пажадаў і надалей спяваць на Божую хвалу.
На памяць аб сустрэчы кожны з удзельнікаў канцэрта атрымаў буклет з інфармацыяй пра нарачанскі касцёл.





![[X]](https://naracz.by/wp-content/themes/naracz/css/close.png)