14 снежня ў нарачанскім касцёле будзе цэлебравацца Імша-падзяка за 30-годдзе аднаўлення дзейнасці ордэна кармэлітаў босых у Беларусі і іх служэння ў Нарачы.

Менавіта 14 снежня, ва ўрачыстасць Святога Яна ад Крыжа, у 1989 годзе а. Аўгусцін Квяткоўскі цэлебраваў у Нарачы першую Святую Імшу .

З гэтага часу пачалася новая гісторыя служэння кармэлітаў у Беларусі і іх праца на Божую хвалу ў нарачанскай парафіі.  Да гэтага моманту ў Нарачы, хоць касцёл і не быў зачынены, святара не было, і ў нядзелю, каб цэлебраваць Святую Імшу,  прыязджаў ксёндз Люцыян Паўлік з Задарожжа.

Святкаванне гэтай падзеі ў парафіі працягнецца і ў нядзелю, калі падчас Марыйнага набажэнства нарачанцы асаблівым чынам будуць дзякаваць Богу за цуд адраджэння веры ў нашым краі і 30-годдзе ахвярнага служэння кармэлітаў як у Нарачы, так і ва ўсёй Беларусі.

Аўтар: Ірына Шнітоўская