Да 98 гадавіны з дня нараджэння святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
22 кастрычніка перад вячэрняй Святой Імшой з нагоды 98 гадавіны з дня нараджэння святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, якая адзначалася 21 кастрычніка, моладзь нашай парафіі прадставіла літаратурную кампазіцыю “Ён адышоў і адначасова застаўся з намі”.
Былі прачытаны вершы розных гадоў, якія прысвяціла кардыналу Казіміру Свёнтку наша парафіянка Вікторыя Тарасевіч.
Моладзь дзялілася сваімі ўражаннямі аб памятнай сустрэчы з кардыналам Свёнткам у 2010 годзе, адзначыўшы, што ён трымаўся з імі, як з роўнымі, жартаваў. Сёння моладзь зноў узгадала момант, калі кардынал Казімір расказваў пра сваё захапленне фатаграфіяй. Як трэба было падпаўзці да жабы або матылька, каб сфатаграфаваць! “Ён быў таленавіты!” – сцвярджалі маладыя нарачанцы.
І хоць кардынал Казімір Свёнтак ужо адышоў, ён адначасова застаецца з намі. Ва ўспамінах. У сэрцах тых нарачанскіх хлопцаў і дзяўчат, людзей сталага ўзросту, якія мелі шчасце бачыць гэтага вялікага чалавека, размаўляць з ім і якія хочуць несці навуку любові і прабачэння Сведкі веры тым, хто яшчэ не спазнаў яе.
P. S. Калі пачыналася падрыхтоўка вечара ўспаміну святой памяці кардынала Свёнтка, адбыўся такі выпадак. Сабраўшы дзяцей і моладзь, я сказала, што на панядзелак трэба падрыхтаваць успаміны-сведчанні пра сустрэчу з кардыналам, пра пахаванне і дадала: “Не ведаю, ці дачакаюся я, але вы абавязкова дачакаецеся, калі кардынал будзе абвешчаны святым”.
Яны паглядзелі на мяне і ўсе ў адзін голас усклікнулі: “А што ён яшчэ не святы?!
Ірына Шнітоўская
Аўтар: Адміністратар