Урачыстае ўнясенне рэліквій Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ
21 кастрычніка ў нашай парафіі адбылося ўрачыстае ўнясенне рэліквій крыві Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, прымеркаванае да літургічнага ўспаміну Вялікага Папы. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Рэліквіі крыві для нарачанскай парафіі па просьбе вернікаў перадаў Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар Яго Святасці Папы Яна Паўла ІІ.
Вернікі нарачанскай парафіі вялі духоўную падрыхтоўку да гэтай важнай для парафіі падзеі: у парафіяльнай бібліятэцы была арганізавана выстава кніг Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, экспанаваліся малюнкі дзяцей і моладзі нашай парафіі “Благаслаўлёны Ян Павел ІІ” , таксама быў аб’яўлены конкус выпечкі “папскіх крэмавых пірожных”. Кульмінацыяй падрыхтоўкі да ўрачыстасці стаў Трыдуум з Благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ, падчас якога вернікі на працягу трох дзён разважалі над духоўнай спадчынай Вялікага Папы.
Святкаванне нядельнай урачыстасці пачалося перад сустрэчай рэліквій на прыкасцёльным пляцы. Там можна было пачаставацца ( і аддаць свой голас) кулінарнымі шэдэўрамі нарачанскіх гаспадынь.
У 10.40 літургічная працэсія накіравалася ў цэнтр вёскі, дзе адбылася сустрэча рэліквій крыві Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.
Пасля ўнясення ў касцёл рэліквіі былі ўстаноўлены на спецыяльна падрыхтаваным месцы, і арцыбіскуп Клаўдыё, акадзіўшы іх, прачытаў малітву да Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.
У прывітальным слове, звернутым да Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, прадстаўніца старэйшага пакалення парафіянаў нагадала словы святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, 98 гадавіна з дня нараджэння якога прыпадае якраз на 21 кастрычніка: “Усё, што было злое, нікчэмнае, крывадушнае, д’ябальскае – пайшло прэч. А касцёл – стаіць, узносіцца, набірае моцы, аўтарытэту. Дзеці – вось яны, моладзь – вось яна, дарослыя. Якое адраджэнне, якая Божая сіла і перамога!”– і пажадала арцыбіскупу, каб яго пастырскае служэнне на блакітнавокай беларускай зямлі было асветлена бляскам адраджэння, бляскам Божай сілы і перамогі.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваёй гаміліі звярнуў увагу на постаць Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які ўжо ад пачатку свайго пантыфікату заклікаў не баяцца і выплысці на глыбіню. Арцыбіскуп адзначыў, што, дзякуючы Вялікаму Папу, на ўсходніх землях пасля чорнай ночы атэізму зноў заззяла святло веры. Прадстаўнік Святога Айца нагадаў, што галоўнае не МЕЦЬ, але старацца жыць, як вучыў Вялікі Папа: з любоўю і дзеля любові.
Напрыканцы Святой Імшы моладзь парафіі, дзякуючы арцыбіскупу за прыезд, запэўніла прадстаўніка Святога Айца , што без страху і боязі на ладдзі часу яны выплылі ў падарожжа, якое называецца Год веры, і не баяцца выплыць на глыбіню і супрацьстаяць перашкодам, якія ставіць перад імі сучасны свет, бо іх компасам, арыенцірам з’яўляецца Езус Хрыстус – Пан і Валадар сэрцаў.
Карыстаючыся выпадкам, моладзь павіншавала арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з Днём нараджэння, які ён нядаўна адзначаў. На памяць нарачанцы падарылі арцыбіскупу гадзіннік, як сімвал таго, што трэба цаніць кожнае імгненне жыцця, і штодзённік, каб туды ён мог занатаваць яго самыя прыгожыя хвіліны.
Ну і якое ж свята без салодкага пачастнку? Падарунакам арцыбіскупу Клаўдыё ад нарачанскіх гаспадынь стала карзіна з прысмакамі, якія былі выпечаны да конкурсу “папскіх крэмувэк”.
У сваю чаргу арцыбіскуп Гуджэроцці падарыў нарачанцам медаль, зроблены да 25-годдзя пантыфікату Яна Паўла ІІ, і копію абраза Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ вядомай італьянскай мастачкі.
Пасля заканчэння Святой Імшы пробашч парафіі а. Бэрнард Радзік OCD падзякаваў усім прысутным святарам, гасцям і вернікам нарачанскай парафіі за ўдзел ва ўрачыстасці. Словы асаблівай падзякі былі выказаны прадстаўнікам раённай і мясцовай улады: старшыні Мядзельскага райвыканкама Даніленку Аляксандру Іванавічу, старшыні Мядзельскага райсавета дэпутатаў Бароўку Алегу Алегавічу, старшыні Нарацкага сельвыканкама Тарасёнку Іосіфу Францавічу – за цеснае супрацоўніцтва і аказанне пастаяннай дапамогі.
Таксама пасля заканчэння Святой Імшы арцыбіскуп Клаўдыё ўручыў узнагароды нарачанскім гаспадыням, якія прымалі ўдзел у конкурсе выпечкі пірожных. Спецыяльнымі падарункамі былі адзначаны не толькі пераможцы. але і ўсе ўдзельніцы (24!) конкурсу.
Завяршылася святкаванне сённяшняй урачыстасці выступленнем гурта пінскай семінарыі “Подых духа”, які падрыхтаваў для нарачанцаў не толькі цудоўныя песні, але і прэзентацыю з разважаннямі пра асобу Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.
Аўтар: Адміністратар