Дзеці і моладзь нашай парафіі прынялі ўдзел у конкурсе, заснаваным на перапісванні Новага Запавету, які прымеркаваны да ІІ Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які адбудзецца 1 чэрвеня 2012 г. у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.

Зараз у нашай краіне трывае Год новай евангелізацыі, які з’яўляецца падрыхтоўкай да Году веры. Касцёл у Беларусі жадае, каб у справу евангелізацыі свету, а асабліва нашай краіны, уключыліся дзеці— будучыня нашага Касцёла; жадае, каб дзеці сталі апосталамі ў сваім асяроддзі, каб у сваіх дамах, школах, парафіях яны сталі апосталамі Хрыста і маглі дзяліцца сваёй верай.

Чалавек, які хоча быць апосталам, павінен найперш асабіста пазнаць Езуса Хрыста. З гэтай мэтай яму варта паглыбляць сваё веданне Святога Пісання, каб адкрыць місію і пасланне, якія Сын Божы нёс чалавецтву. Той, хто жадае быць урачом ці настаўнікам, павінен на працягу доўгага часу вучыцца, каб стаць добрым спецыялістам у сваёй галіне. Падобным чынам і ў справе апостальства неабходна спачатку самому адкрыць Хрыста, а потым дзяліцца Ім з іншымі.

Каб дапамагчы дзецям адкрыць і пазнаць Хрыста, і праводзіўся конкурс па перапісванні Новага Запавету.

У гэтым конкурсе ўдзельнічалі дзеці і моладзь з усіх узроставах груп. Нарачанцы атрымалі заданне перапісаць 9-12 раздзелы Евангелля паводле Святога Мацвея. У Год кнігі, які зараз адзначаецца ў нашай краіне, гэта заданне было цудоўнай нагодай звярнуць увагу дзяцей на Кнігу Кніг – Біблію – і на цэнтральную фігуру Евангелля – асобу Езуса Хрыста. Гэты конкурс не быў проста механічным перапісваннем Евангелля. Дзеці  знаёміліся з прапанаванымі раздзеламі, разважалі над падзеямі, апісанымі ў гэтым фрагменце Святога Пісання. Быў нават праведзены “конкурс у конкурсе”: праслухаўшы фрагменты са Святога Пісання, дзеці павінны былі запісаць цуды аздараўлення, якія ўчыніў Езус і пра якія распавядаецца ў 9-12 раздзелах. Цяпер маладыя нарачанцы ведаюць, што Езус з’яўляецца лекарам целаў і душаў людскіх.

Застаецца спадзявацца, што на працягу свайго жыцця яны будуць звяртацца за дапамогай толькі да гэтага лекара.

Аўтар: Адміністратар