Крыжовы шлях ксяндза Яна Твардоўскага
Цуд
Уступ
Прыйшоў час на наш Крыжовы шлях, бо і нас таксама часам несправядліва асуджаюць, мы адчуваем боль ад гэтай несправядлівасці, страшна церпім і падаем больш чым тры разы. Неспадзяваны сябар нас падыме, незнаёмая жанчына ўсміхнецца ў нашым цярпенні, каб падбадзёрыць; хтосьці здыме сілай наша адзенне, каб паказаць усе нашы недахопы, і мы будзем паміраць у поўнай адзіноце. Застанецца толькі тое, што ў нашым жыцці было зроблена з любоўю да Бога і да людзей, і гэта немагчыма закрыць ні ў адну труну, закапаць ні ў адну магілу, і ніводзін камень не ўтрымае сілу Любові.
На Крыжовым шляху нам часта перашкаджаюць мудрыя казанні і разважанні. А што можа дапамагчы? Малітва, жаль за грахі, спеў: “Які за нас цярпеў ад ранаў”. Найлепшы шлях да Бога – гэта той шлях, на якім найменш людскіх слоў.
Пан Езус калісьці сказаў словы з Псалма 118: “Ад Бога ста́лася гэта, і з’яўляецца цудам ў вачах нашых”. Гаворка ідзе пра цуд, але так сталася, што на крыжовым шляху Езуса не здарыўся ніводзін цуд, якога так чакалі яго сябры…
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 1
Суд
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Паўсюль казалі, што жонцы Пілата прысніўся сон, у якім розныя галасы казалі: “ Асуджаеце чалавека нявіннага.”. Але, нягледзячы на сон, цуд не адбыўся. Пілат не навярнуўся.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 2
Крыж
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Можна было спадзявацца, што войска анёлаў спусціцца з неба і ўратуе Езуса ад крыжа. Цуд не здарыўся – крыж быў ускладзены на плечы Езуса.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 3
Падзенне
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Моц духа падняла змучанае і скалечанае цела Езуса. Але цуд не здарыўся – Езус далей нясе крыж.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 4
Маці
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Ад Бога сталася гэта… Сталася, што Маці сустракае свайго Сына. Заўсёды ў найцяжэйшыя хвіліны нашага жыцця Маці Божая ахінае нас сваёй мацярынскай любоўю. Нават Марыя , якая выпрасіла цуд у Кане Галілейскай, тут бездапаможная.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 5
Кірынэйчык
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Ад Бога сталася гэта…. а не проста выпадковая сустрэча. Кірынэйчык сустрэўся з Езусам, але тут цуд не адбыўся: Езус працягвае несці крыж.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 6
Вераніка
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Падбегла да Езуса – і ён здзейсніў цуд, але толькі для яе адной: пакінуў свой твар на яе хусціне. Але сябе не ўратаваў.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 7
Наступнае падзенне
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Ні анёл, ні моцны мужчына , ні кволая жанчына не здзейснілі цуду. Езус працягвае несці крыж.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 8
Жанчыны
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Можа, жанчыны, якія плакалі, прасілі і малілі, каб адбыўся цуд і Езус быў вызвалены ад крыжа? Але і яны не выплакалі цуду.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 9
Чарговае падзенне
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Упаў і ўжо не меў сілы падняцца. Аднак яшчэ падняўся, але цуд не адбыўся, бо мусіў далей несці крыж.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 10
Агаленне
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Езус лячыў пракажоных, глухім вяртаў слых, сляпым – зрок, а зараз ад Яго адбіраюць апошняе, што Ён мае, яго адзенне, святыя рэліквіі. Цалкам безабаронны.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 11
Цвікі
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Не адсохлі ў здрадніка рукі, які прыбіваў цвікамі Езуса да крыжа. Цуд не адбыўся. Езус ідалей церпіць.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 12
Смерць
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Калі хтосьці з нашых родных церпіць, мы просім і молім, каб адбыўся цуд аздараўлення. І калі чалавек памірае, кажам: не было цуду.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 13
На руках у Маці
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
Пахаванне ніколі не было чымсьці прыемным, нават калі на ім ёсць сам біскуп, шмат святароў, аркестр… Пахаванне сведчыць аб тым , што маліліся аб здзяйсненні цуду, прасілі, але ён не здарыўся. Хворы не быў аздароўлены.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Прыпынак 14
Магіла і ўваскрэсенне.
Кланеемся Табе, Езу Хрыстэ, і благаслаўляем цябе!
Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў.
І тут калі здавалася, што ўсе людскія спадзяванні і надзеі падвялі, а Езус столькі выцерпеў, а засталася толькі дамавіна – Анёл адвальвае камень і здараецца цуд – Езус уваскрасае! І зараз з касцёла выходзіць рэзурэкцыйная працэсія, б’юць званы , а велікоднаму баранку даклейваюць чырвоную харугву. Нават яйкі малююць вясёлымі , рознакаляровымі фарбамі. Радасць і перамога, калі ўсё здавалася згубленым.
Які за нас цярпеў ад ранаў!
Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Заканчэнне
Часта мы молімся за кагосьці цяжка хворага просячы, каб здарыўся цуд, і цуд адбываецца! І колькі такіх здыхлякоў выздаравелі ды яшчэ і ажаніліся… Але той цуд, аб якім прашу так доўга я, ніяк не здзяйсняецца…. А калі што і здараецца , то толькі да пэўнага часу… Хтосьці маліў аб здароў’і бацькі, маці ці сябра – а ён памёр. І тады пытаем: Дык дзе ж Бог? Не выслухаў нас.
“Ад Бога ста́лася гэта, і з’яўляецца цудам ў вачах нашых”.
Адбываецца вялікая Божая справа. Мы не разуем гэтага, а ў Божым свеце адбываюцца вялікія рэчы. Бо Бог дае не толькі зямное жыццё, але і вечнае. Крыжовы шлях вучыць нас яшчэ глыбей верыць і яшчэ больш давяраць Богу , нягледзячы на тое, што зрокам нашых вачэй мы не бачым цуду. Нават калі нам здаецца, што Бог не чуе нас, Ён заўсёды побач і здзяйсняе цуд большы, чым той, аб якім мы прасілі…
Прыходзім да Езуса, хоць Яго і не бачым. Не можам ахапіць Яго позіркам – і таму сэрцам мацней адчуваем Яго прысутнасць.
Езус абвінавачаны
з тварам у пяску
з бездапаможнай Маці
з незнаёмым Кірынэйцам
з абмытым у болю – усяго на дзве хвіліны – тварам
пад крыжам на дарозе
навучаеш да канца
утаптаны ў зямлю
аголены
а вочы – прабачаюць
Ты адыходзіш –
і адначасова застаешся з намі
прыходзім да Цябе, але не хочам,
каб гэта было
толькі чатырнаццаць раз
Пераклад Ірыны Жалубоўскай
Аўтар: Адміністратар