Літургічны ўспамін благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ
Сёння ў нашай парафіі адзначаўся літургічны ўспамін благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.
Раздзяліць з нарачанцамі радасць урачыстасці прыехаў музычны гурт з пінскай семінарыі “Подых духа”. Клерыкі суправаджалі спевам Святыя Імшы, якія цэлебравалася ў 9 і 12 гадзін. Пасля Імшы ў 9 гадзін адбыўся канцэрт гурта, на які сабралася шмат парафіянаў і гасцей. Клерыкі падрыхтавалі да ўрачыстасці спецыяльную праграму, у якой паміж спевам разважалі над спадчынай благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.
Урачыстую Святую Імшу, якая адбылася ў 12 гадзін, цэлебраваў айцец Аркадзій Куляха OCD, духоўны айцец пінскай семінарыі. У сваёй гаміліі ён звярнуў увагу на асобу благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ і на тую духоўную спадчыну, якую пакінуў пасля сябе Вялікі Папа. Айцец Аркадзій заклікаў, каб вернікі па ўзоры благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ не баяліся выплысці на глыбіню ў сваім штодзённым жыцці, у сваіх паўсядзённых абавязках.
Пасля Святой Імшы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу малюнкаў “Ян Павел ІІ – наш святы”.
Пасля ўзнагароджання працэсія накіравалася да помніка благаслаўлёнаму Яну Паўлу ІІ, дзе самыя маладыя вернікі нашай парафіі ўсклалі кветкі і ад імя ўсіх прысутных паабяцалі старацца жыць так, як вучыў Вялікі Папа. Пасля ўсе разам памаліліся Літанію да благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.


























![[X]](https://naracz.by/wp-content/themes/naracz/css/close.png)