Новы фармат “старой” пілігрымкі, або Гісторыя аднаго фотаздымка
Магчыма, на гэтым фотаздымку хтосьці пазнае сябе і скажа: “Як даўно гэта было!” І сапраўды, гэтаму фотаздымку 20 год! І на ім вы бачыце сапраўдных герояў. Гэта яны, нарачанскія хлопцы і дзяўчаты, 20 год таму назад адрадзілі традыцыю пешых пілігрымак на Мядзельскую Кальварыю.

А пачалося ўсё з таго, што ў сваёй вёсцы я пастаянна чула аповеды цёці і суседкі пра пілігрымкі на Мядзельскую Кальварыю. З іх слоў вынікала, што Мядзельская Кальварыя была адным з самых папулярных месцаў паломніцтва ў Беларусі ў даваенныя гады. Жанчыны з захапленнем расказвалі мне пра тое, як наша вёска літаральна вымірала на ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай, бо, нягледзячы на напружаны ў сялянскай працы час, усе ішлі пешшу на Кальварыю. Дарэчы, ішлі не толькі дарослыя, але і дзеці.
Мая суседка, успамінаючы тыя пілігрымкі, казала мне, што на працягу дарогі ў Мядзел яны паспявалі праспяваць толькі адну песню “По гурах, долінах”. Я яшчэ тады спрачалася з ёй, што гэта немагчыма, не разумеючы, што цёця Альбіна хадзіла на Кальварыю, калі была малая, і перадавала мне дзіцячае ўспрыманне рэчаіснасці.
Быў яшчэ адзін момант, які я ставіла пад сумненне, хоць падстаў не давяраць жанчынам у мяне не было. Апавядалі, што праз нашу вёску ішлі шматлікія пілігрымкі з Шамяты (так у нас называюць шэметаўскія ваколіцы), з харугвамі, са спевамі. Іх сустракалі хлебам-соллю каля нашага вясковага прыдарожнага крыжа, і пілігрымы крочылі далей.
Аповеды сырмежскіх жанчын нечакана для мяне пацвердзіліся амаль праз 20 год акурат на Кальварыі, калі мядзельская парафіянка, жанчына сталага веку, сказала мне такія словы: “Як жа мне сюды не прыходзіць, хоць і не могучы. Мая ж мама хадзіла сюды пешкі аж з шэметаўскай парафіі, нягледзячы ні на адлегласць, ні на надвор’е”.
Вядома, што гэтыя расказы бабулек не маглі ў 1999 годзе ўтрымаць на месцы тых хлопцаў і дзяўчат, якія, толькі вярнуўшыся з Будслава, вырашылі ісці ў Мядзел на Кальварыю. Тады сапраўды была вясна адраджэння касцёла на Беларусі, бо хацелася аднавіць усё, што было страчана: зруйнавана, разбурана, забыта або занядбана – за доўгія гады пераследу рэлігіі.
Нарачанская пілігрымка на Мядзельскую Кальварыю за сваю дваццацігадовую гісторыю , як і сама Кальварыя, перажыла і часы ўздыму, і часы заняпаду. Але нарачанцы могуць ганарыцца і радавацца таму, што не было ніводнага года, каб пілігрымка не адбылася.
Мы ўжо прызвычаіліся ў ліпеньскія дні бачыць на дарогах шматлікія пілігрымкі, якія ідуць у Будслаў. І як радуе душу тое, што па дарозе на Мядзел у дзень урачыстасцей Маці Божай Шкаплернай можна ўбачыць яшчэ адну пілігрымку. Яна не такая шматлікая, як будслаўскія, не такая шумная, не такая знаная. Гэта пілігрымы з Нарачы ідуць на Мядзельскую Кальварыю, каб у такі спосаб сведчыць пра сваю веру і, як некалі бабулі і дзядулі, несці свае падзякі, клопаты і праблемы да крыжа нашага Збаўцы.
Ды і як можна, ушанаваўшы Божую Маці ў будслаўскім абразе, пакінуць у самоце на Крыжовай дарозе Яе Сына? Вось і ідзём, каб прынёсшы ў ахвяру Езусу крывавыя мазалі і пыл дарогі, ад прыпынка да прыпынка разважаць над тым, якім коштам далося наша збаўленне.
Калі размаўляеш з гэтымі людзьмі, з’яўляцца ўпэўненасць, што адродзіцца былая слава Мядзельскай Кальварыі і, як некалі ў пачатку XX стагоддзя, вёскі і мястэчкі нашай сінявокай Мядзельшчыны будуць бязлюднымі на час урачыстасцей Маці Божай Шкаплернай.
Дзесяць год назад, калі я пісала гэтыя словы, на месцы колішніх разбураных капліц Мядзельскай Кальварыі стаялі драўляныя крыжы.
Зараз намаганнямі айцоў кармэлітаў Мядзельская Кальварыя адноўлена. Яшчэ адзін Божы цуд! Чатырнаццаць прыгожых капліц, дагледжаных, упрыгожаных, гара Галгофа з крыжамі, з якой адкрываецца выгляд такой прыгажосці, ад якой захоплівае дух.
Але Кальварыя не можа быць проста музеем, у які мы прыязджаем на экскурсію, па якім ходзім ад прыпынка да прыпынка, як ад экспаната да экспаната, – пра гэта пісаў кс. Ян Твардоўскі. Кальварыя – гэта месца, на якім мы павінны сказаць сваё “fiat” Богу, як некалі Марыя. Ідучы дарогай Кальварыі, мы як бы даём Богу згоду на прыняцце свайго жыццёвага паклікання, якім бы цяжкім і часам незразумелым яно не было.
Для нас, хрысціянаў, мала ведаць, што недзе там, у Мядзелі, ёсць сапраўды ўнікальная, некалі адзіная ў Беларусі, з 250-гадовай гісторыяй, намоленая нашымі продкамі Кальварыя. Не толькі намоленая, але яшчэ, можна сказаць, вымаленая ў Бога. Гэтага недастаткова. Дарогай Кальварыі трэба ісці. Як некалі нашы бабулі і дзядулі. Кідаючы ўсе важныя справы дома, збіваючы ногі ў кроў, націраючы мазалі. Адным словам, штосьці вымагаючы ад сябе. Жыццё чалавека набывае сапраўдны сэнс толькі ў любові і ахвяры. Пілігрымка – цудоўная магчымасць такога сведчання.
Адказваючы на патрабаванні часу, у гэтым годзе нарачанцы запускаюць новы фармат “старой” пілігрымкі на Мядзельскую Кальварыю – на роварах.
Магчыма, праз 20 год хтосьці яшчэ напіша гісторыю аднаго фотаздымка. Фотаздымка пілігрымаў на Мядзельскую Кальварыю 2019 года. Самае галоўнае, каб не перарывалася сувязь пакаленняў, каб мы сваім нашчадкам разам з верай у Бога перадавалі яшчэ тыя рэлігійныя практыкі і традыцыі, якімі жывём самі і якія перанялі ў продкаў.
Як некалі ў слынныя даваенныя гады Мядзельская Кальварыя на ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай чакае пілігрымаў. Чакае не толькі з нарачанскіх краёў. Чакае з усёй нашай сінявокай Бацькаўшыны. Чакае на аўтамабілях, аўтобусах, роварах і пешшу.
Хочацца спадзявацца, што 15 ліпеня на Мядзельскай Кальварыі нарачанская пілігрымка будзе не адзінай.
Інфармацыя для тых, хто жадае здзейсніць пілігрымку на Мядзельскую Кальварыю:
збор пілігрымаў ля касцёла ў панядзелак 15 ліпеня ў 15.50;
ад’езд пілігрымаў у 16 гадзін;
непаўналетнім пілігрымам трэба мець дазвол ад бацькоў;
ровары з Мядзела ў Кабыльнік прывязуць арганізатары пілігрымкі;
пажадана, каб пілігрымы з Мядзела вярнуліся на сваім транспарце;
запіс у пілігрымку ў Ірыны Антонаўны
Аўтар: Ірына Шнітоўская