Вернікі нарачанскай парафіі пачынаюць непасрэдную духоўную падрыхтоўку да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ. З гэтай нагоды запланаваны шэраг мерапрыемстваў, якія наблізяць да нарачанцаў асобу Вялікага Папы, дапамогуць яшчэ глыбей пазнаёміцца з яго жыццём і навучаннем.

Так для вернікаў парафіі запланаваны цыкл канферэнцый, якія пачнуцца 2 красавіка ў шостую гадавіну смерці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Для дзяцей і моладзі парафіі будуць праведзены спецыяльныя катэхэзы з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый, якія ў цікавай  форме  нагадаюць маладым парафіянам пра жыццёвы шлях і навучанне  Вялікага Папы.

Не абыдзецца і без традыцыйных для нашай парафіі конкурсаў ведаў, сачыненняў “Жыць, як вучыў Вялікі Папа”, фотаздымкаў і малюнкаў “Струмень, адкрый мне таямніцы свайго пачатку”.

21 мая ў нашай парафіі адбудзецца Імша-падзяка за беатыфікацыю Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, падчас якой групе вернікаў нашай парафіі будзе ўдзелены Сакрамэнт Канфірмацыі. З гэтага дня з нагоды Года Божай Міласэрнасці пачнецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага па сем’ях нашых парафіянаў.

У бліжэйшай перспектыве запланавана адкрыць пастаянны інфармацыйны стэнд пра Вялікага Папу Яна Паўла ІІ, а таксама арганізаваць пілігрымку на радзіму Яна Паўла ІІ і прымеркаваць яе да II Сусветнага кангрэса Божай міласэрнасці, які з 1 па 5 кастрычніка 2011 г. пройдзе ў кракаўскіх Лагеўніках.

Аўтар: Адміністратар