Нарачанцы рыхтуюцца адзначыць 80-ую гадавіну святарства кардынала Казіміра Свёнтка
З гэтай нагоды ў парафіі праходзіць традыцыйная акцыя “Кветкі для Кардынала”. За грошы, сабраныя вернікамі парафіі, будуць куплены кветкі і 8 красавіка аднесены ў крыпту, дзе спачывае кардынал Казімір Свёнтак.
8 красавіка ў Нарачы ў 18.30 адбудзецца Святая Імша за святой памяці кардынала Свёнтка, а моладзь парафіі правядзе Крыжовы шлях “Мяне ўратавала моцная, непахісная вера ў Бога”, які расказвае пра самыя драматычныя моманты жыцця першага беларускага кардынала.
Таксама да гэтага юбілею нарачанцы рыхтуюць кулінарны флэшмоб. Вернікі парафіі заказалі ў нарачанскага майстра па вырабе тортаў Галяк Марыі торт, які раскажа пра асноўныя, самыя важныя, моманты святарскага жыцця кардынала Казіміра Свёнтка.
Пасля Крыжовага шляху і Святой Імшы ўсе прысутныя змогуць пакаштаваць кулінарны шэдэўр нарачанскай гаспадыні і ў такі адмысловы спосаб разам адзначыць юбілей святарства кардынала Казіміра Свёнтка, які для нарачанцаў з’яўляецца прыкладам сапраўднага святара, вернага і адданага Богу.
Аўтар: Ірына Шнітоўская