Святы Мікалай ідзе да дзяцей
У нарачанскай парафіі завяршылася перадкалядная акцыя “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”.
Гэта акцыя ўпершыню была аб’яўлена ў парафіі ў Год міласэрнасці і мела на мэце падарыць свята дзецям-інвалідам і дзецям з малазабяспечаных сем’яў парафіі.
Удзельнікам акцыі мог стаць кожны: трэба было толькі прынесці якую-небудзь рэч: цацку, канцылярскія тавары, цукеркі і пакласці ў каробку, якая стаяла ў касцёльным кіёску. З гэтых рэчаў і былі сфарміраваны падарункі ад Святога Мікалая для дзяцей.
Гэта акцыя стала цудоўнай нагодай не толькі для дарослых стаць міласэрнымі, як Айцец, але і для бацькоў і катэхэтаў навучыць дзяцей уменню дзяліцца тым, што маеш, з бліжнім.
Акцыя мела вялікі поспех, і ўжо некалькі год запар нарачанцы перад святамі Божага нараджэння напаўняюць “чарадзейную”каробку падарункамі.
А гэта значыць, што на святы Божага нараджэння Святы Мікалай прынясе радасць не ў адзін нарачанскі дом ці кватэру, а разам з ёй і часцінку людской любові і дабрыні.
Аўтар: Ірына Шнітоўская