Матэрыялы для падрыхтоўкі да конкурсу ведаў пра Папу Рымскага Францішка
Асноўныя даты біяграфіі Папы Францішка |
Кардынал Хорхе Марыё Берголіа, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса (Аргенціна), нарадзіўся ў гэтым горадзе 17 снежня 1936 г. Атрымаў дыплом хіміка, але потым абраў святарства і паступіў у семінарыю Вілья Дэвота.
11 сакавіка 1958 г. уступіў у навіцыят Таварыства Езуса, пасля завяршыў гуманітарную адукацыю ў Чылі і ў 1963 г., вярнуўшыся ў Буэнас-Айрэс, абараніў ліцэнцыят па філасофіі ў каледжы Св. Юзафа. У 1964–1965 гг. выкладаў літаратуру і псіхалогію ў каледжы Беззаганнай Панны ў Санта-Фэ, у 1966 г. выкладаў тыя ж дысцыпліны ў каледжы Збаўцы ў Буэнас-Айрэсе. У 1967–1970 гг. вывучаў тэалогію ў вышэйшым каледжы Св. Юзафа ў Сан-Мігелі, дзе абараніў дыплом. 13 снежня 1969 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. 22 красавіка 1973 г. склаў вечныя манаскія абяцанні. Быў настаўнікам навіцыяту ў Вілья Барыялі, Сан-Мігелі, выкладчыкам на факультэце тэалогіі, кансультантам правінцыі і рэктарам вышэйшага каледжа. 31 ліпеня 1973 г. быў абраны правінцыяльным настаяцелем Аргенціны, гэтую пасаду займаў 6 гадоў. У сакавіку 1986 г. накіраваўся ў Германію, каб завяршыць доктарскую дысертацыю. |
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасці пантыфікату
Пяць гадоў таму, 13 сакавіка 2013 г., на Пасад св. Пятра быў абраны аргентынскі кардынал італьянскага паходжання Хорхе Марыё Берголіа, які абраў сабе імя Францішак.
Герб папы Францішка, які ў значнай ступені заснаваны на яго біскупскім варыянце, мае традыцыйныя папскія геральдычныя элементы: ён увенчаны біскупскай мітрай, пад якой знаходзіцца выява ключоў св. Пятра — сярэбранага і залатога.
Дэвіз «Miserando atque eligendo» (Паглядзеў з міласэрнасцю і выбраў) змешчаны на бела-чырвонай стужцы.
На папскім гербе змешчана васьміканцовая зорка, якая прадстаўляе сімволіку васьмі благаслаўленняў, кветка нарда, што сімвалізуе святога Юзафа, апекуна Паўсюднага Касцёла, а таксама эмблема Ордэна езуітаў з манаграмай Хрыста.
Статыстыка пантыфікату
За гэты час выйшлі дзве энцыклікі: Lumen fidei (Святло веры), прысвечаная веры, якая з’яўляецца працягам таго, што напісаў папа Бэнэдыкт XVI, і Laudato si’ (Будзь праслаўлены), прысвечаная клопату пра супольны дом і ахову стварэння, але не так, як гэта бачаць «зялёныя», а як пакліканы гэта рабіць хрысціяне.
З’явіліся таксама тры Апостальскія адгартацыі: Evangelii gaudium (Радасць Евангелля) — своеасаблівая «праграма» пантыфікату Францішка, які жадае бачыць Касцёл актыўным і місіянерскім, а таксама Amoris laetitia (Радасць любові), прысвечаная любові ў сям’і, і “Gaudete et Exsultate” (Радуйцеся і весяліцеся) як заклік да штодзённай святасці.
Ён таксама правёў два Сіноды Біскупаў на тэму сям’і, і адзін на тэму моладзі, абвясціў Юбілей Міласэрнасці дэвізам якога сталі словы “Міласэрныя, як Айцец”, здзейсніў 25 замежных падарожжаў.
Папа мае больш за 46 млн падпісчыкаў у Твітары і больш за 5 млн у Інстаграме. Акрамя таго, немагчыма палічыць усе яго прамовы, пасланні і лісты, а таксама ўсіх тых мужчын, жанчын і дзяцей ва ўсім свеце, з якімі ён сустракаўся і якіх туліў да сябе.
|
Адметнасці пантыфікату
Першы Папа-езуіт, першы прадстаўнік амерыканскага кантынента, першы, які выбраў сабе імя асізскага бедняка Францішка, 265-ы наступнік св. Пятра жадае бачыць Касцёл з адчыненымі дзвярыма, які кожнаму чалавеку абвяшчае радасць і свежасць Евангелля.
Касцёл, у якім ёсць месца для кожнага чалавека з яго нялёгкім жыццём; Касцёл, які не ператвараецца ў мытню, што кантралюе ласку замест таго, каб яе прапускаць.
Папа Францішак заклікае даць сябе здзівіць Святому Духу, сапраўднаму Правадыру Касцёла, які не перастае прамаўляць і казаць новыя рэчы.
Больш «надзейна» лічыць, што праўда ў тым, каб мець прыгожа аформлены пакунак з дактрынамі, якім можна добра распараджацца, чым самім належаць праўдзе: Святы Дух вядзе да поўнай праўды. Хрысціянам належыць даведацца яшчэ шмат новага, бо Дух працягвае прамаўляць у Касцёле.
Гэты Святы Айцец развівае культуру дыялогу у экуменічным, міжрэлігійным вымярэнні, у грамадска-палітычных адносінах і на звычайным чалавечым узроўні. Ён імкнецца да адзінства без аднастайнасці, з захаваннем адрозненняў і тоеснасці.
Ён адыграў заўважную ролю ў пацяпленні адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Кубай, у мірным урэгуляванні ў Калумбіі і ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, а 12 лютага 2016 г. у Гаване адбылася першая ў гісторыі сустрэча Папы Рымскага з Маскоўскім Патрыярхам.
У той жа час ён рашуча асуджае пераслед хрысціянаў, выступае супраць усіх формаў выкарыстання чалавека чалавекам, якія называе сучаснымі формамі рабаўладання.
Цэнтральным словам у пантыфікаце папы Францішка з’яўляецца «міласэрнасць». Бог бязмежна любіць кожнае са сваіх стварэнняў, і ёсць толькі адна мяжа: сапсаванасць.
Сапсаваны той, хто не ўмее быць міласэрным, хто адкідае Божую міласэрнасць.
Бог не навязвае сябе: застаецца Апошні Суд. Пасля заканчэння зямнога жыцця адбудзецца суд адносна любові. У сувязі з гэтым Папа часта цытуе 25-ы раздзел з Евангелля паводле Мацвея: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці…»
Папа Францішак непрыхільна ставіцца да праяваў клерыкалізму, таму што пастыр павінен служыць і «пахнуць сваімі авечкамі». Ён лічыць, што вернікам варта ўсё больш адкрываць сваю ролю ў Касцёле і не быць у баку ад прыняцця рашэнняў: мінуў час «біскупаў-правадыроў».
Святы Айцец падкрэслівае важнасць ролі жанчыны, але перадусім у святле яе вышэйшага прызначэння, а не функцый. Гаворка не ідзе пра змаганне за ўладу або выкананне такіх немагчымых заданняў, як святарства.
Важна зразумець сапраўднае значэнне жанчыны і яе значнасць, таму што Марыя — вышэй за апосталаў. Пантыфік заклікае таксама моладзь быць больш актыўнай і сваімі творчымі ініцыятывамі «варушыць» пастыраў.
Жыццёвае і пастырскае «крэда» папы Францішка добра адлюстроўваюць ягоныя ўласныя словы: «Калі мне ўдасца дапамагчы хоць аднаму чалавеку жыць лепш, гэтага ўжо дастаткова, каб апраўдаць дар майго жыцця».
Аўтар: Ірына Шнітоўская